Выбрать главу
Калі ж пашанцуе — Ніхто не працуе, Не робіць нічога!

Фаўст (як вышэй)

Мне проста грудзі распірае,— Пакінем зброд смярдзючы гэты.

Мефістофель

Але хай кожны з нас прызнае, Што малпы — добрыя паэты.

З катла, які малпа пакінула без дагляду, пабегла варыва. Падымаецца вялікае полымя і шугае ў комін. З полымя з дзікім лямантам вылятае ведзьма.

Ведзьма

Ай-яй! Праклятае звяр’ё! Праклятае звяр’ё! Апарылі мяне! Праклятая звяр’ё!

(Убачыўшы Фаўста і Мефістофеля.)

Што гэта тут? Хто гэта тут Калоціць нам Святы куток? Вось зараз дам Вам трасцу ў бок!

(Чэрпае лыжкаю з катла і пырскае полымем на Фаўста, Мефістофеля і на звяроў.)

Звяры скуголяць.

Мефістофель (падымае венік, які трымаў у руцэ, б’е шклянкі і гаршкі)

Шарах! Шарах! — Па ўсіх гаршках, Каб загуло Тваё кубло! Пасля, карга, Твая чарга!

Ведзьма ў злосці з жахам адступае.

Ну што, старое пудзіла, пазнала Свайго вялікага гаспадара? Паб’ю, патрушчу, каб прапала Хлам’ё тваё і ўся нара! Забыла мой убор, крывая морда? На капялюш з пяром зірнула б хоць! Гляджу, задрала нос завельмі горда, Што без візіткі ўжо і не заходзь!

Ведзьма

Даруй, васпане, старасць улічы, Дала я маху, спудлавала ў злосці. Дзе ж капыты твае, дзе хвост у ягамосці? І дзе абодва крумкачы?

Мефістофель

Дарую, добра! Сапраўды, Сплыло ці мала ўжо вады, Як не прыходзіў да цябе на госці. Цяпер культура на зямлі, прагрэс — Не дзіва, што і чорт туды пралез. Забыты ён, паўночны наш фантом; Не мода ўжо з рагамі і хвастом. А капыты, — пардон, мадам, не вінават, Бо з імі я на людзях надта брыдкі, Таму красуюся, як свецкі фат, Фальшывыя прывязваючы лыткі.

Ведзьма (скача)

Дай абдыму і пацалую ў губы! Мой кавалер, ах, сатана мой любы!

Мефістофель

Не кліч мяне, старая, сатаною!

Ведзьма

Чаму? Не ў свеце ж ты, — са мною?

Мефістофель

Спаганена імя няславай і лухтою. Нутро людское брудам зарасло: Бягуць ад ліха, а квітнее зло. Лепш называй мяне ты — пан барон. Дарамі я надзелены звыш меры — І кроў блакітная, і маладзён, Вось герб мой…                       Глянь і дай мне веры.

(Робіць непрыстойныя рухі.)

Ведзьма (рагоча на ўсё горла)

Га-га! Усё ў вас на стары манер. Раней быў шэльма, шэльма і цяпер.

Мефістофель (Фаўсту)

Вучыся, сябар мой, разяві рот! — Такія штучкі любіць ведзьмін род.

Ведзьма

Чым паслужыць? Хацелі б мо чаго?

Мефістофель

Пітва чароўнага твайго. Але прашу старога, каб штогод Ставала больш жыццёвага імпэту.

Ведзьма

Ахвотна. Вось бяры бутэльку гэту. Сама пітво я жлукціла не раз. Смурод прапаў за доўгі час, Дык шкляначку чаму ж і не ўдружыць.

(Ціха.)

Але калі твой друг яшчэ не ўмее піць, То праз гадзіну ўжо не будзе жыць.

Мефістофель

За сябра не ў адказе ты — давай! Налівак самых лепшых не шкадуй, Шапчы свае закляцці, круг малюй, Да берагоў у шклянку налівай.

Ведзьма з дзіўнымі рухамі малюе чароўнае кола і ставіць у яго розныя прадметы. Тым часам пачынаюць звінець шклянкі, загуў кацёл — гукі пераходзяць у музыку. Нарэшце ведзьма прыносіць вялізную кнігу, расстаўляе малпаў так, што спіны іх служаць ёй пультам. Малпы трымаюць паходні. Ведзьма дае Фаўсту знак падысці.