Выбрать главу

Уваходзіць Мефістофель.

Глядзі, каб дзеўку мне дастаў!

Мефістофель

Якую?

Фаўст

    Ёй я дарогу заступаў.

Мефістофель

Ах вось! У пробашча яна была І ачышчалася ад зла, Грахі яму нявінная насіла. Падгледзеў я — ля спавядальнай будкі Стаяла, як анёл чысцюткі — А гэтакіх мая не пераможа сіла,

Фаўст

За чатырнаццаць ёй пераваліла.

Мефістофель

Ты — як распуснік пошлы, гадкі, Што хціва кветачкі кахання рве, Якому толькі ў галаве — Залёты і нявінныя дзяўчаткі. Ці не завельмі ты, мой пане, спрытны?

Фаўст

Дарма! Пакінь, магістр амбітны, Свае маралі, трапныя здагадкі — Абрыдлі мне яны. Без лішніх слоў: Калі я гэтай ноччу зноў Дзяўчыну мілую не ўбачу, Лічы — ў табе партнёра трачу!

Мефістофель

Не ўсё ж наскокам, дарагі! — Патрэбен тыдзень мне, другі, Каб я аказію мець мог.

Фаўст

Мне б толькі вольных сем гадзін, Дык і без чорта, сам, адзін Я б спакусіў і перамог.

Мефістофель

Ого! Цяпер я слухаю француза! Прашу, не гневайся, ну годзе, годзе! Але ж які той смак у асалодзе, Калі табе падорана спакуса! Круці, фліртуй, шукай зацішак, А там, як дойдзе да пары, Ты, як герой замежных кніжак, Сам на цугундар лялечку бяры.

Фаўст

Мой апетыт здаволіцца малым.

Мефістофель

Ты рызыкант, мой пане, а між тым, Скажу без смеху, да дзяўчыны Пад’ехаць хітра мы павінны, Бо штурмаваць паненку ў лоб Пустою дурасцю было б.

Фаўст

Вядзі мяне ў яе святліцу Або дастань на памяць паясок, Хусцінку, стужку, завушніцу, Падвязку з ножкі, матузок.

Мефістофель

Каб даказаць, як спачуваю Твайму вялікаму адчаю, Гатовы сёння ж я з табой Прабрацца да яе ў пакой.

Фаўст

Убачу? Авалодаю?

Мефістофель

                          Не, не! Ў адведкі Красуня пойдзе да суседкі, А ты чакай пакуль, сядзі рахмана І мар пра ўцехі вашага рамана.

Фаўст

Дык пойдзем!

Мефістофель

                Не, пакуль што рана!

Фаўст

Рыхтуй дарунак з лёгкае рукі.

(Выходзіць.)

Мефістофель

Ужо дарыць? Ай маладзён! Але — ці не пара наведаць тайнікі, Ці не пара дастаць і скарб які, Каб поспех быў адразу нам відзён.

(Выходзіць.)

Вечар{50}

Невялікі ўтульны пакой.

Маргарыта заплятае і падвязвае косы.

Маргарыта

Як бы хацелася мне знаць, Хто ён такі, той дзіўны пан? Рухавы, статны і, відаць, Не з простых родам, а з дваран. Я ўмомант гэта зразумела,— Трымаўся так дастойна, смела.

(Выходзіць.)

Мефістофель. Фаўст.

Мефістофель

Заходзьце ціха, асцярожна.

Фаўст (памаўчаўшы)

Мне аднаму пабыць тут можна?

Мефістофель (агледзеўшы пакой)

Такі парадачак не ў кожнай!

(Выходзіць.)

Фаўст (азіраючыся)

Вячэрні морак, змрок салодкі, Акрый, акрый святыню гэту! Закуй мне розум у калодкі. Пазбаў усіх уцехаў свету — Пакінь мне толькі крылы волі, Дай мне спазнаць пакуты й болі! Які спакой, якая ціша,— Ва ўсім парадак і дагляд! Дастаткам тут і ўбогасць дыша — Утульнасць у каморцы, лад.