Выбрать главу

“«Лишние» люди. Филоматы в ссылке и после неё”. Адразу хочацца адзначыць, што аўтарам вельмі ўдала сфармуляваны загаловак, у якім ёміста адлюстроўваецца сэнс жыцця філаматаў пасля судовага працэсу – “лішнія людзі”. Справядліва будзе сказаць, што гэтая частка кнігі самая захапляльная і змястоўная. Калі зноў вяртацца да “філамацкай легенды”, то ў ёй яскрава апісанае жыццё да і падчас следчага працэсу. А што было пасля? Легенда сціпла і з пафасам кажа: выгнанне з краю. Далей лёсы большасці філаматаў сыходзяць з гістарычнай авансцэны. А. Фядута з навуковай дакладнасцю пралівае святло на жыццё некаторых з іх. Тут мы даведаемся пра цвярскія пакуты В. Будрэвіча, чыноўніцкія перыпетыі Ф. Ма­леўскага, зухаватыя справы Ю. Яжоўскага, які абвёў вакол пальца бюракратычную машыну імперыі… Самая дэтэктыўная гісторыя гэтай часткі – гісторыя аб тым, як Тамаш Зан ледзь не стаў выведнікам, а самая вартая ўвагі – гісторыя пра Яна Янкоўскага, таго самага здрадніка (дарэчы, ярлык гэты сягае ў тую ж “легенду”). Сам аўтар адзначае, што не імкнецца да “пасмяротнай рэабілітацыі”, але, вымушаны расчараваць, якраз-такі ў пэўным сэнсе рэабілітацыя і атрымліваецца. Не, нам не прадстаўляюцца невядомыя дакументы, якія зняпраўджваюць вядомыя факты, намі паказваецца, як шмат значаць абставіны і што на месцы “здрадніка” мог быць любы філамат, у тым ліку і сам Міцкевіч. Таксама варты ўвагі лёс Янкоўскага пасля судовага працэсу, з якога мы бачым, як імперыя можа “аддзячыць” тым, хто з ёй ідзе на супрацоўніцтва.

“Мои любимые «жабы»”. “Жабамі” А. Фядута называе адмоўных персанажаў гісторыі. Пра герояў пісаць лёгка, пісаць пра ліхадзеяў – тытанічная праца. Павінен жа хтосьці пісаць і пра нягоднікаў! У гэтай справе важна не скаціцца да шальмавання, але ж трэба і ўбачыць тую мяжу, пасля якой адмоўны персанаж намаганнямі даследчыка можа стаць героем. У частцы галоўным чынам гаворка ідзе пра Ю. Пшэцлаўскага і Г. Ржавускага. А што ў раздзелах кажа пра іх А. Фядута – лепш каб сказаў сам аўтар: “абодва яны былі людзьмі звышталенавітымі і вельмі непрыязнымі”, але “нават самыя буйныя «жабы» бываюць часам па-свойму прывабнымі і цікавымі”. Падаецца, аўтар добра адчуў мяжу паміж злым і добрым у адмоўных вобразах.

“После филоматов”. Героі гэтай часткі – людзі з пакалення, якое прыйшло на змену пакаленню свавольных выхаванцаў Віленскага ўніверсітэта. Цікавая тут выбарка персанажаў – студэнт з Пецярбургу (С. Галембіеўскі), паўстанец 1830-га (А. Рыпінскі), сын чыноўніка-філамата (С. Малеўскі). Філаматы ў свой час кінулі зерне, ці ўзышло яно? Паказаў час. Таксама адказаць на гэтае пытанне дапамогуць сюжэты і лёсы, апісаныя ў раздзеле.

Калі падводзіць рысу, то “Следы на снегу” – гэта кніга, якую варта прачытаць. Можна не ўсю, а той сюжэт, які спадабаўся. Яе можна чытаць з любога месца. Тыя таямніцы, якія раскрывае ў ёй аўтар, абыякавым не пакінуць і дадуць вялікае інтэлектуальнае задавальненне.

“Филомат в Империи”: біяграфія імперскага чыноўніка

Францішку Малеўскаму пашчасціла. Калі не пры жыцці, то пасля смерці дакладна. Яго жыццё не знікла пад цяжарам вялікіх архіўных папак з асабістымі дакументамі, ён атрымаў у пасмяротны падарунак грунтоўную навуковую біяграфію. Што мы ведалі пра Малеўскага да таго, як за яго жыццё “узяўся” А. Фядута? Сын рэктара, навучэнец Віленскага ўніверсітэта, таленавіты правазнаўца, сябра таемных таварыстваў… Быў асуджаны на выгнанне. А пасля выгнання фігуруе выключна ў кампаніі Адама Міцкевіча і, дзякуючы яго зорнай асобе, трымаецца ў гістарычнай памяці.

Але Малеўскі не дадатак да Міцкевіча, ён самастойная асоба з цікавым лёсам. Калі скончыўся працэс над філаматамі, яму было 24, а пражыў ён 70. Яшчэ 46 год, якія нам, па-сутнасці, былі невядомыя. Жыццё Малеўскага – гэта, так бы мовіць, “трэці шлях” філамата. Ён не стаў зняволеным пакутнікам, як Зан і Чачот, не эміграваў, як Міцкевіч. Малеўскі праявіў лаяльнасць (але ўсё роўна ўвесь час быў пад падазрэннем!) імперыі і стаў службоўцам. Але за гэтым хаваецца больш, ён заняўся справай, да якой пакліканы і меў талент: юрыспрудэнцыя. Гэтым ён прынёс больш карысці чалавецтву. І падобным шляхам пайшлі многія былыя філаматы, што, канечне, не ўпісваецца ў парадыгму філамацкай “легенды” пра самаахвярных змагароў з імперыяй.

Напісаная А. Фядутам біяграфія Малеўскага – некалькі дзясяткаў храналагічных раздзельчыкаў-пазлаў, якія паслядоўна складаюцца ў жыццё чалавека. У кнізе няма домыслаў альбо аўтарскіх фантазій – усё пацвярджаецца дакументальнымі звесткамі, якія аўтар клапатліва збіраў па розных сховішчах даўніны. Першасная тэма кнігі – маральны выбар чалавека паміж любімай справай і ілюзіяй барацьбы. Спадарожнічаюць галоўнай тэме іншыя – лёс чыноўніка, яго кар’ера ў імперыі, стасункі з сям’ёй і сябрамі. Дэталі побыту насычаюць і ажыўляюць кнігу, галоўны герой не падаецца “пыльным” персанажам з архіўнай справы: ён любіць музыку, клапоціцца пра дзяцей, ён пражывае сапраўднае жыццё.