Выбрать главу

Фірма “EXPO-Anatol”, якая ў іншыя дні бестурботна каўкае час, расклаўшыся на паліцах між раманамі і дэтэктывамі, сёння, бы маладая дзяўчына ў чаканні першай, патаемнай сустрэчы, з самай раніцы рыхтуецца да выхаду. Наводзіць парадкі ў паперах, складае пісьмовыя прылады, ачышчае пячаткі, а пад поўдзень раскошна ўладкоўваецца ў чорныя абдымкі дыпламата. Пачуўшы знаёмыя жончыны крокі і знаёмае бразганне ключамі, падымаецца з тапчана і ён, галоўны дырэктар фірмы. Ва ўмовах ранняга капіталізму кожная датацыя, хай сабе і невялікая, ставіць на ногі. Так кажуць спрактыкаваныя і няма падставы ім не верыць.

2

Кавярня “Верас” перажывае цяжкія дні. Рыначны капіталізм рассеяў па горадзе шмат такіх гешэфтаў — маленькіх, утульных, з дыскрэтнай музыкай, з культурнай абслугай. Без рызыкі сустрэчы з гаманлівым, набрынялым танным віном, пралетарыятам, заглядаюць сюды новыя эліты — эканамічныя, палітычныя, а нават і культурныя. Пад глыток “больса”, пад порцыю арыентальнага вінегрэту працягваюцца распачатыя ў фірмовых ці самаўрадавых кабінетах дыскусіі. Бізнес, біржа, аблігацыя, hossa i bessa — такія, памазаныя таямнічасцю словы перакідваюцца з вуха ў вуха, з вуснаў у вусны. Перакідваюцца шэптам, хаця той-сёй, асабліва малады, пачынаючая акула, крадковымі позіркамі правярае, ці таямнічыя словы выклікаюць пажаданае ўражанне на твары прыгожай пані барменкі.

Пажылыя донжуаны, тыя, хто ад жыцця чаго-небудзь дабіўся, гэту пустую фінансавую лексіку заступаюць больш канкрэтнай збруяй. Залатыя персцені, цяжкія, бліскучыя ланцугі, якія нібы выпадкова высоўваюцца з пад расшпіленай кашулі. Эх, барацьба ты, жаноча-мужчынская, спрадвечная! Чым даўжэй чалавек у гэтай вайне, тым больш каштоўная кожная адна, нават абы-якая здабыча. І малаважнае, якою цаною.

У малым горадзе колькасць такіх утульных закавулкаў наогул несуразмерная да лічбы патэнцыяльных кліентаў, вось і ўсе тыя “Верасы”, “Цюльпаны”, “Андрамеды” вядуць цяжкое, беспардоннае змаганне за чалавечыя душы.

Даручыўшы паліто вымаляванай пані гардэробшчыцы, Толік Рубель мацней сціснуў каштоўны дыпламат і паплыў у абдымкі чырванавата-цьмянага святла. У навугольніку, за частаколам лакіраванай сасніны, схаваўшыся ад позіркаў выпадковых кліентаў, чакаў ужо старшыня суполкі “Фрэйс” пан Ігар Бараба, у прыватнасці, муж кіяскёркі Ірыны Барабы, бацька тройкі дзетак і адначасова — Толікаў сябар.

— Вітаю пана дырэктара.

— Маё шанаванне пану старшыні.

Гэты цырыманіял, прыпраўлены дозай жартоўнай канфі-дэнцыяльнасці, больш адрасаваўся нешматлікай публіцы, крышку і членам персаналу, ды таксама — не запярэчыш — быў дарункам уласным вушам, уласнай фанабэрыі. Прыемна , калі нехта звяртаецца да цябе поўным пашаны “пан дырэктар”, нават калі гэта не ананімны твой падначалены, а здаўна вядомы, сардэчны Ігар.

Сцвярджэнне, быццам бы Толік і Ігар спажылі супольна бочку солі — было б далёкае ад праўды, аднак, працуючы месяцы два на мясцовай фабрыцы, перагрузілі не адну кучу смаліны. А трэба ж помніць, што супольна нажытыя мазалі на далонях часта ператвараюцца ў моцныя вузлы сяброўства. І калі Толік, заахвочаны расказамі пра бізнесы, якія на працягу года перавозяць чалавека з блёкавай кватэры ў палац з басейнам, бразнуў фабрычнымі дзвярыма ды падаўся шукаць лепшы хлеб, сяброўства загадала яму, Ігару, зрабіць такі ж крок. Дом з басейнам аказаўся ілюзіяй, аднак рыба каўкнула прынаду. І вось гэта прынада і Толіка, і Ігара давяла да самастойнасці.

Першая выйшла на свет фірма “EXPO-Anatol”. Яна не выйшла без прычыны, абы толькі паглядзець на залатое сонейка ды падрамантаваць невясёлыя статыстыкі беспрацоўных. Яна з’явілася з канкрэтнай мэтай: на сто працэнтаў забяспечыць бульбаю суседнюю дзяржаву, дзе з за праліўных дажджоў увачох амаль прападала дабро.

Чулі ў гэтай дзяржаве пра Толікаву фірму ці не чулі — цяжка сказаць. Праўдападобна чулі, бо калі аказалася, што фінансавыя магчымасці фірмы — а гэта абазначае пенсіі цесця, цешчы і жончыну зарплату — няздольныя напоўніць бульбай дзесяць мільёнаў бэбахаў, тады вось кіраўнік успомненай дзяржавы выдаў дэкрэт: забаранялася ісці праліўным дажджам, прынамсі, да Вялікадня. Метэаралогія не падпарадкавалася зямным загадам. Дажджы памацнелі, потым ператварыліся ў град і снег, аж белым пухам прыкрыліся некранутыя бульбянішчы. Фірма “EXPO” зіму якасьці пратрымала. Падмацаваная кабанчыкам з вёскі, дацягнула да Вялікадня, чаго не скажаш пра карміцеля гэтага ж парсюка. Цесць расстаўся са светам у Вялікі пост і быў гэта беспамылковы знак, што датацыі для фірмы паменшацца на працэнтаў, прынамсі, трыццаць тры.