Выбрать главу

— Мой штаб працуе, браток. Што я кажу — штаб?! Армія, браток. Ар-мі-я! Такая во, — заціснутым кулаком паказаў магутнасць сваіх вытворчых службаў і калі б, выпадкова, нейкі кіраўнік канкурэнцыйнай аловачнай фірмы ўбачыў гэты жэст, ён, не чакаючы ні хвіліны, выйшаў бы адсюль. На тое толькі, каб закінуць на шыю пятлю ды не быць сведкам уласнага банкруцтва.

— Мае людзі, ты ня бойсь, спраўляюцца не горш за тваіх, — дырэктар чхнуў у шкляначку, а ягоная галава апусцілася яшчэ ніжэй, паглыбляючыся амаль у астанкі таннай закускі. — Шмат людзей у мяне. Так папраўдзе і сам не ведаю, колькі іх. А трэба, дык будзе больш. — За гэты вечар пан Рубель узяў на працу пару тысяч новых людзей і калі б не факт, што жончына датацыя паказала сумнае дно, да поўначы, можна спадзявацца, вырашыў бы праблемы ўсіх беспрацоўных. Як у Гайнаўцы, так і ў недалёкім Бельску.

А на вуліцы алоўкі — фіялетавыя, жоўтыя, чырвоныя — гуртаваліся ўжо, фарміраваліся ў рады, шарэнгі, калоны. З песняй на вуснах, з горда выпнутымі грудзьмі, з галоўкамі, узнятымі да зорнага неба, маршыравалі, заціскалі каляровую пятлю кругом таго, хто паклікаў іх на свет божы.

Пан дырэктар стараўся выбрацца з аловачнага акружэння, ступіў налева і направа, наперад і назад, аж канчаткова змораны зваліўся пад ахутаны інеем куст, дзе і заціх.

4

Бразгат ключоў уварваўся ў глыбокі, бестурботны сон. “Будзі гэтага зас... дырэктара”, — быццам з другога свету даляцеў чыйсьці незнаёмы голас і Толік, перамагаючы манатонны шум у галаве, пралупіў вочы. Замест шпалераў — ружовых, у вялікія, лапушыстыя кветкі — голая, светла-зялёная сцяна, а ў месцы, дзе здавён-даўна са шлюбнага партрэта спаглядалі на свет пані і пан Рубель, хтосьці, абмінаючы ўсе законы каліграфіі, накрамзоліў: “Быў тут Колька Дынкс”. Ніжэй стаяла яшчэ і дата, аднак дачытаць яе, з пазіцыі супрацьлеглай сцяны, не было магчымасці. Так і давядзецца нам застацца ў глыбокім няведанні, калі ж ён, славуты Колька Дынкс, удастоіў гэтае месца сваёй асобай.

Тым часам дырэктар Рубель, прабіваючыся цераз кардоны салодкай непрытомнасці, стараўся ўзнавіць у памяці заканчэнне апошняга вечара. Не зважаючы на мазгавыя намаганні, шчырыя і натужлівыя, вобраз атрымоўваўся , бы на вадзе. Хісткі, змазаны, недарэчны.

— Канец балю, panno lalu, — вусаты паліцыянт бесцырымонна адчыніў дзверы. — Выспаў норму, дык пад’ём, пан дырэктар. Гі-гі-гі, — выскаліў зубы. — А ведаеш, такіх дырэктараў замёрзла нам гэтай восенню ўжо пару дзесяткаў. Маеш шчасце, што якраз тамака патруль з’явіўся. Падрамантаваў бы статыстыку, сукін кот.

Былі ўжо ў калідоры і апошняе вусаты кіраваў не Толіку, а свайму калегу, які побач змагаўся з суседнімі дзвярыма.

— П’янюгі, іхняя маць, — плюнуў пад ногі той, які з суседняй камеры рыхтаваў на волю яшчэ адну падмарожаную душу.

Толіку зрабілася прыкра. Як жа бесцырымонна, як легкадумна праводзіцца дэградацыя з функцыі галоўнага дырэктара на пасаду п’янюгі і сукінага ката. Дык і чыімі яшчэ рукамі!

Далёкім рэхам вярнуўся ўспамін апошняга вечара. Распалены Млечны Шлях — як гарачае кавальскае жалеза. Месяц булаватым молатам пастуквае з за вуха ў зорную бель, моцна, аж кружыцца неба, аж іскрыны падаюць на зямлю. І раптам у гэты касмічны краявід урываюцца тры шапкі, шасцёрка рук адрывае ад тратуара нейкую постаць і, не звяртаючы ўвагі, што расцягнутая на зямлі асоба рэкамендуецца дырэктарам паважанай фірмы ды абяцае з самай раніцы заняцца нахабнымі стражамі парадку, праклінаюць увесь свет і свой паліцэйскі лёс.

З такімі вось успамінамі, ступаючы следам за вусатым правадніком, дабрыў Толік да сядзібы дзяжурнага афіцэра. Гаркаваты арамат ранішняй кавы мяшаўся тут з кіслатою спацелых пасля ўсяночнай службы мундзіраў, бесперапынна заходзіў хтосьці або выходзіў, раз за разам азываўся тэлефон. Найсапраўднейшы манеж.

— Падпішыцеся тут, і тут, і яшчэ тут, — тонкі, амаль па-жаночаму далікатны палец паказаў месца, дзе трэба паставіць аўтограф.— Паліто — штук адзін. Дыпламат — штук адзін. Шнуроўкі — штук два. Грошы — злотых адзін, грошаў сорак пяць. Сыходзіцца? І яшчэ рахунак.

Сыходзіцца ўсё, можа толькі паліто — у выніку сустрэчы з гарадскім тратуарам страціла свой беззаганны, належны дырэктарскай вопратцы фасон. І ўсё ж такі дамагацца, каб вярнулі вам гардэроб у некранутай форме, няма сэнсу. Тутака не пральня, а зусім іншая ўстанова. Бяры, Толік, што табе даюць і маршыруй дамоў, туды, дзе жонка прагульваецца з кутка ў куток, раз за разам нервова паглядаючы на гадзіннік. А даўно ёй трэба быць на фабрыцы.