І вось гэты апошні з жывых звалокся цяпер з канапы, схіліўся над сумнымі астанкамі фірмы і, не спяшаючы, далікатна, быццам бы ўладкоўваў у дамавіну нябожчыка, пачаў складваць свае планы і надзеі ў халодныя абдымкі аганьбаванага дыпламата.
Фірма не выратавалася. Капіталізм мае свае непахісныя законы і кожны, хто спадзяецца на дзяржаўныя ці нейкія іншыя датацыі — спадзяецца дарма.
Першага дня снежня старшыня фірмы “Фрэйс”, пан Ігар Бараба, згодна са звычкай, апынуўся ў кавярні “Верас”. За апошні месяц ён дакладна перапрацаваў сітуацыю на рынку пісьмовых прыладаў і аказалася, што перспектывы не такія тут шырокія, як раней гэта ўяўлялася. Пераацэнены штаб праваліў справу, ды адно цяпер суцяшэнне, што згаданыя людзі не павялічваюць ужо маёнтак пана Ігара, а падмацоўваюць шэрагі беспрацоўных. Няма сантыментаў там, дзе ўладарыць эканоміка. Так думаў пан Бараба, і такімі навінамі хацеў падзяліцца з панам дырэктарам. Дый шукаць новы абшар дзеяння.
Вечар апусціўся на дахі мястэчка і, перамешваючы цяжкі, сыры як на адлігу морак з удушлівым смуродам спаленага вугалю, сыходзіў ніжэй. Жоўта-лыпатымі зіркачамі клікалі апошніх прахожых цёплыя кватэры. Старшыня чакаў дарма. Як гэта здарылася, што ён, бывалы ў свеце бізнесу чалавек, а ў прыватнасці і сябра Толіку Рубелю, не ведаў пра тое, што было добра вядомае ўсяму мястэчку?
Бо, хаця і не кожнаму з нас давялося спаткацца з фірмай “EXPO”, аднак чуткі пра сямейную катастрофу спадарства Рубеляў запаўзлі туды, куды трэба, як і туды, дзе такое патрэбы не было. Распаўзацца весткам дапамагала і сама пані Рубель. “Во як жывецца”, — узяўшыся за бокі, яна дэманстравала сваё новае становішча. І праўда. Апекаваўся ж гэтай паняй не хто іншы, як яе працадавец, а цяпер нават, можна сказаць, супольнік — Сцяпан Малафіга. Так і кажуць. Забяспечваюць цукеркамі ўсе адпустовыя кірмашы, дораць саладосці іншым, ды і сабе хапае. Хай так будзе. Аднак, пра што сёння пані Рубель і не здагадваецца, лёс пакажа ёй не адну, і не малую, фігу-дулю.
Толікава цётка, якая ад вайны жыве сабе ў багатай Нямеччыне, цётка, у якое няма ні дзяцей, ні іншых турбот — у недалёкай будучыні пераселіцца ў яшчэ лепшы свет. Як адзіны спадчыннік, Анатоль Рубель паедзе ў далёкі Гамбург і — навучаны вопытам — на паваротным шляху абміне ўсе зладзейскія пасткі. Ягоная няўступлівасць і настойлівасць, падбадзёраная нямецкімі маркамі, будзе надалей будаваць наш радзімы капіталізм. А калі праваліцца салодкі бізнес, калі пані Рубель, сумна апусціўшы галаву, застукае ў знаёмую кватэру, асоба, якая адчыніць ёй дзверы, акажацца зусім незнаёмая.
— Чаго? — папраўляючы скупы халацік спытае маладая дзяўчына. Пані Рубель гэту дзяўчыну не распазнае, але мы сустракалі яе ўжо раней, у кавярні “Верас” і адразу здагадаемся, што стаіць перад намі пані Аня. Пакуль раз і назаўжды зачыняцца дзверы, пані Рубель паспее яшчэ прыкмеціць, як яе былы муж ляжыць на канапе і бестурботна чытае газету.
(Снежань, 1998)
Гульня ў каханне
Юрась закахаўся ў Валянціну ў панядзелак раніцай. Яшчэ ў нядзелю, ноччу, калі з’явілася ў ягоным сне, абыякавая зусім і чужая, як жа хацелася разбудзіцца, выгнаць са свядомасці, здзьмухнуць з вачэй душы нахабны прывід.
Жанчына не адступала. Распранаючыся з бязважкіх фінціклюшкаў, як вопытная танцорка-натуршчыца, лёгкім, балетным крокам перапраўлялася з аднаго на другі бераг сну. Першая на паўпразрысты паркет зляцела шоўкавая блузачка, адсланяючы карункавыя сакрэты бюстгальтэра. Следам блузачкі пайшла і кароценькая летняя спадніца і Юрасю, які ўсё яшчэ намагаўся адагнаць ад сябе непрыстойны міраж, раптам зрабілася неяк цікава. Ён адчуў, як прыхоўваемая ў найдалейшых закавулках, сарамлівая і грэшная старонка быцця, разрастаецца, паглынаючы ўсё, што ў чалавечай душы светлае, далікатнае і безабароннае. Быцццам бы месячны цень насоўваўся на сонечны круг, беручы ў палон неналежныя сабе прасторы жыцця.
Страх і цікавасць спляліся ў адно, і страх, як гэта заўжды бывае, калі першы раз ступаем на невядомую сцежку, пачаў нябачна, бесперапынна адступаць, даючы перавагу безразумнай цікавасці.
Тым часам бюстгальтэр зляцеў на вытканы з імглы паркет і, склаўшы карункавыя крылы, бы пазбаўлены прасторы птах, знерухомеў пад ступнямі танцоркі.
Юрась з’ехаў вачыма ўслед за карункавай птушкай, а потым ягоныя вочы цаля за цаляй пачалі падымацца па драбіне ў бясконцасць доўгіх ног. На вышыні каленяў вочы прытрымаліся. Нейкая моц, якісь голас разважлівасці ці не апошні раз азваўся, загадаў спыніцца, вярнуцца назад, на шлях чыстаты і прыстойнасці. А другая моц, магнітная і чорная, цягнула зрок у атласныя абшары жаночых сцёгнаў, і вышэй яшчэ, туды, дзе за кучаравасцю трохвугольнай вуалі, хаваюцца смеласць і сорам, быт і знішчэнне.