- Непаразуменне!.. Якое непаразуменне, мадмуазэль?.. Калi жадаеце, я схаджу да дзяжурнага.
- Схадзiце... Альбо лепш, не трэба. Выходзячы, я пабачу Бернара сама.
Яна пачала здзекавацца з сябе: "Ну i жывёлiны ж мы! Месяцаў шэсць я амаль не звяртала ўвагi на яго бескарысную адданасць i раптам, не знайшоўшы паднашэння ад занядбанага мною паклоннiка, растрывожылася, як нявеста, страцiўшы жанiха. Ах, Селiмена, пашкадуеш ты Альцэста, калi ён з вялiкiм болем адыдзе ад цябе!"
Пасля спектакля яна спусцiлася ў дзяжурку:
- Ну што, Бернар? Як мой кавалер? Вы не пасылалi яго да мяне?
- Усё роўна як назнарок, мадмуазэль... Сёння ён не прыходзiў. Першы раз, калi вы мелi ласку згадзiцца прыняць яго, у першую сераду цераз паўгода - на табе, не з'явiўся.
- Дзiўная рэч! Можа, яго хто папярэдзiў i ён спалохаўся? |
- Напэўна, не, мадмуазэль. Апроч вас i мяне, пра гэта нiхто не ведаў... Вы ж нiкому не гаварылi? Ну, а я тым болей... Я нават сваёй жонцы нi слова.
- Тады як вы гэта тлумачыце?
- А нiяк не тлумачу, мадмуазэль... Бываюць выпадкi... Можа, надакучыла... Альбо захварэў... Блiжэйшая серада пакажа.
Але ў наступную сераду не было нi студэнта, нi фiялак.
- Што рабiць, Бернар? Як на вашу думку, мо яго таварышы знойдуць яго?.. Альбо запытацца ў iнспектара вучэльнi?
- А якiм гэта чынам, мадмуазэль? Мы ж нават не ведаем яго iмя.
- Праўда... Як гэта сумна, Бернар! Прапалi мае надзеi!..
- Ды не, мадмуазэль... Такi быў год удачны для вас!.. А хутка гастролi новы поспех... Нiчога не прапала, усё наперадзе.
- Разумныя словы. Няўдзячная я, нядобрая... Але ж я так прывыкла к фiялкам у сераду!
Назаўтра яна выехала з Парыжа. Анры Сталь з пачцiвасцю суправаджаў яе. У кожным гатэлi яе пакой быў повен руж. Вярнуўшыся ў Парыж, яна забыла свайго рамантычнага студэнта.
Прыкладна цераз год яна атрымала лiст ад палкоўнiка Жэнеўрыера з просьбай прыняць яго па асабiстай справе. Лiст быў карэктны i сур'ёзны. Адмовiць яна не магла. Жэннi прызначыла яму сустрэчу ў суботу пасля поўдня. Ён прыйшоў апрануты ў цывiльнае, у чорным гарнiтуры. Яна прыняла палкоўнiка з грацыёзнай непасрэднасцю, уласцiвай ёй i на сцэне i ў жыццi. Натуральнасць яе паводзiн як бы моўчкi пыталася: "Што яму трэба тут, гэтаму незнаёмаму госцю?"
Яна чакала.
- Шчыра вам дзякую, мадмуазэль, што маю магчымасць пабачыцца з вамi. I калi я дазволiў сабе прасiць спаткання з вамi, на гэту смеласць штурхаў мяне не iнтэрас мужчыны, а пачуццi бацькi... Я прыйшоў у чорным. Гэта жалоба па маiм сыне, лейтэнанце Андрэ Жэнеўрыеры, забiтым на Мадагаскары два месяцы таму назад.
Жэннi зрабiла рух, нiбы хацела сказаць: "Спачуваю вам ад усяго сэрца, але..."
- Вы не ведалi майго сына, мадмуазэль, я знаю... Затое ён вас ведаў i захапляўся вамi... Вы мне можаце не даць веры, але ўсё, што я вам скажу, чыстая праўда. Вы - тая адзiная жанчына на свеце, якую ён шанаваў i ўсiм сэрцам любiў...
- Баюся паверыць, палкоўнiк... Ён вам прызнаўся?
- Не мне, а сваёй сястры, ад якой не таiў нiчога... Усё пачалося ў той дзень, калi яны разам пайшлi на спектакль "Гульня любвi i выпадковасцей". Вярнуўшыся, мае дзецi толькi пра вас i гаварылi: "Якая мяккасць i чысцiня! Жывая паэзiя!" - i яшчэ шмат чаго пахвальнага, у чым я анi не сумняваюся, але якому запал маладосцi, юнацкае iмкненне да iдэалу... Ах, мой небарака сын быў летуценнiк, фантазёр.
- Божа мой! - крыкнула Жэннi. - Значыць, гэта ён мне?..
- Ён, мадмуазэль. Мой сын Андрэ. Той самы студэнт полiтэхнiчнай вучэльнi, якi некалькi месяцаў кожную сераду прыносiў вам букет фiялак... Мне ўсё дачка расказала... Спадзяюся, што гэтыя сцiплыя дары захаплення не былi вам прыкрымi?.. Ён так вас любiў, вас цi, можа, ваш вобраз, створаны iм... Сцены яго пакоя былi ўвешаны вашымi партрэтамi... Колькi клопату мела сястра, дастаючы вашу новую фатаграфiю, каб парадаваць брата!.. У вучэльнi таварышы насмiхалiся з яго: "Ты б ёй напiсаў, пакутнiк!"
- Чаму ж ён не пiсаў?
- Ён пiсаў, мадмуазэль, i я прынёс вам цэлую кучу неадпраўленых лiстоў, знойдзеных пасля яго смерцi. - Палкоўнiк дастаў з кiшэнi ёмiсты пакет i перадаў Жэннi. Яна мне аднойчы паказвала. Почырк шпаркi, дробны, невыразны... Лiнii матэматыка, а стыль паэта.
- Захавайце гэтыя лiсты, мадмуазэль, яны належаць вам... I даруйце мне за раптоўны вiзiт... Я лiчыў сваiм абавязкам, як сынаву памяць... У яго пачуццях да вас не было нiчога непачцiвага i легкадумнага. Вы былi для яго ўвасабленнем дасканаласцi i хараства... I магу вас запэўнiць, Андрэ быў варты сваёй вялiкай любвi.
- Але чаму ён не шукаў сустрэчы са мной? Чаму я сама нiчога не зрабiла, каб з iм пабачыцца?.. Ах, як я злую на сябе! Як я злую!
- Хай вас не мучыць сумленне, мадмуазэль... Вы ж не маглi ўгадаць... Скончыўшы вучэльню, Андрэ папрасiў, каб яго накiравалi на Мадагаскар; прычынай такога рашэння былi вы, вядома... Ён сказаў сястры: "Альбо разлука вызвалiць мяне ад гэтага безнадзейнага кахання, альбо я стану героем, i тады..."
- А хiба не геройства, - прамовiла ўзрушаная Жэннi, - такое пастаянства пачуццяў, такая адданасць i сцiпласць!
Потым, калi палкоўнiк падняўся, яна парывiста схапiла яго за рукi:
- Мне здаецца, што я не зрабiла нiчога дрэннага, i ўсё ж такi... I ўсё ж я адчуваю, што на мне таксама ляжыць нейкi абавязак перад яго пакрыўджаным ценем... Мне балюча!.. Слухайце, палкоўнiк, скажыце мне, дзе ваш сын пахаваны?.. Даю вам слова, што да самай сваёй смерцi я кожную сераду буду прыносiць букет фiялак на яго магiлу.
- Вось чаму, - закончыў сваё апавяданне Леон Ларан, - на працягу ўсяго жыцця наша Жэннi, якую лiчаць чэрствай, расчараванай, а некаторыя нават цынiчнай, кожную сераду пакiдае сваiх сяброў, работу, свае амурныя справы i адна iдзе на могiльнiк Манпарнас да нябожчыка-лейтэнанта, якога нiколi не бачыла... Я думаю, вы цяпер пераканалiся ў справядлiвасцi маiх слоў. Гэта гiсторыя надта сентыментальная для нашага часу.
Некалькi хвiлiн усе маўчалi, потым Бертран Шмiт сказаў:
- На свеце заўсёды знойдзецца крыху рамантыкi для тых, хто яе варты.
Пераклад: Юрка Гаўрук