Выбрать главу
Дрыжыкі пайшлі па целе – зірк управа я: у хляве зашамацела нешта жвавае! І рассыпалася ўшчэнт нават мысленне… Бо яшчэ і тэстамент не напісаны!
Пацямнелы панадворак – толькі ценяў муць. А таўкунчыкі “Сем сорак” скачуць і пяюць. Хто стаіўся ля павеці?!… – гэта ж лесвіца! …У кацяры – аж памерцi! – зрэнкі свецяцца!
Са спалоху-непакою ў хату рынуўся… Аб начоўкі (хрась!) – нагою, ледзь не грымнуўся! Мацюкнуся з перапуду: “Трасца вам у бок!” І на дзверы не забуду зачапіць шчапок…
ЦІКАВАННЕ
З дому выскачу мячом, і прайдуся тузам, і на лаўку сяду ў скверы, як барон. Пацікую за дзяўчом – майка з голым пузам – ці то ловіць жаніхоў, ці то варон.
З цыгарэтай – да мяне, просіць запальнічку. Хіба ж я не Праметэй – агонь трымаць? Дзве зацяжкі – і капец, лезе ў касметычку. Пэўна, будзе гэта мышка паляваць.
Кінуць пасмачку на лоб, сысуны падвесці, вейкі выпрастаць, а бровы разагнаць… І прыкідваць, як каго б “на бабло развесці”. Я сягоння не пусты – досыць цікаваць!
ПІЛЬНАСЦЬ

Глюкавы – шчаслівы ў двукоссі, няўдалы.

Падмянціць – дзеяслоў ад назоўніка “мент”.

(Слоўнік аўтара)
Эх, удружылі нам нашыя пысы! Вечар, напэўна, задужа глюкавы… Мяне падмянцілі за тое, што лысы, сябра – за тое, што дужа чарнявы.
Вырвалі гузік. Ідзі разбярыся: дзе і навошта, як і каторы?! Добра, што грошы амаль разышліся, – ляснулі б, пэўна, у гэтай канторы.
Добра, што згрэблі не за ідэю – юнак-мітынговец сядзіць, ледзь не плача. Мы ж адзначалі сустрэчы падзею, выйшлі – і трапілі ўраз пад раздачу.
Тырчым, як сычы, мы ў тым пастарунку. Каб хоць не ўзгрэлі дручком па спінцы! Няма нам ад пільнасці той паратунку – і што ўжо казаць пра сапраўдных злачынцаў!
САМ-НАСАМ З ЛЁСАМ
Мы дуэтам запяём з лёсам-недарэкаю: я зальюся салаўём, ён закукарэкае!
Перастроімся наноў з лёсам-небаракаю: трубіць ён, як сем сланоў, а я жабай квакаю!
То ён кіне мяне ў гразь, то пакажа фігу мне! Я замоўкну, як карась, а ён толам выбухне!
Начаплю бронежылет – ён засвеціць сонейкам, сяду на веласіпед – ён заскача конікам!
То запросіць мяне ў дом з брамаю закутаю, то падасць бакал з віном, то фужэр з атрутаю!
Кладку выцягне з-пад ног, усміхнецца крыва мне, кіне грошай, каб не здох, і кішэні выверне!
Напаскудзіць, як свiнчо, а пасля – пакаецца… Будзе плакацца ў плячо, там і адсмаркаецца!
Разагнуся ў клічнік я – ён заверне ў косачку… Колькі, блін, таго жыцця – і яно ў палосачку!
ПЕСНЯ ГАДА