Выбрать главу
Ціхаю рэчкаю – песня нясмелая, хмараю дымчатай сонца закрытае. Ой ты, надзея мая спарахнелая! Ой жа ты, мара мая незабытая!
Згубленым рэхам – падзеі даўнейшыя, мокне ад роспачы восень дачасная… А ці былі вы, гады мае лепшыя? А ці ляцелі з нябёс зоркі шчасныя?
Песня заціхне струною парванаю, гукам фальшывым, няскончанай нотаю… І адгукнецца душа закілзаная болем і жалем, журбой і маркотаю.
ПАЭТУ Ў САБЕ
Круці, памыляйся, грашы, а потым маліся старанна… Не змыць табе плямы з душы, пакуль яна з целам з’яднана. Ды толькі надзею пустую пакінь, што ёсць паратунак у слове “амінь”!
І ветрам здзімаецца гмах, табой збудаваны бяздарна, а высланы цернямі шлях пакрыты плітой тратуарнай. Усім зразумела – другі быў намер, ды хто ж дасць яшчэ адну спробу цяпер?
Ты думаў – з паперы шматоў злятаюць крыштальныя ноты. Ты верыў, што побач натоўп, а сам вар’яцеў з адзіноты! Ты марыў пазбавіцца марнасці дзён. Той час наступіў, а ці радасны ён?
Ты зведаў, што ў шклянцы віно істотней, чым кветачка ў вазе. А гора і радасць – адно, і сутнасць – у іх раўнавазе. А сутаргі цела, душы каламуць не могуць нязменнасць хаосу скрануць.
Цябе прывучыў ужо час, што нельга публічна прарочыць, што зло і дабро – толькі ў нас, на нас – і знішчэнне, і творчасць. …Ды толькі, каб тое спачатку дайшло, напэўна, наогул цябе б не было…
Я ХАЧУ
Не праныра, не дыпламат, і не веру, што ёсць чарадзеі. Я хачу… І жаданняў зашмат, бо яны спараджаюць надзеі.
Я хачу свой пакінуць след, бо жыццё ўсё ж даецца ў знакі. Я хацеў бы адчуць гэты свет зрокам птушкі і слыхам сабакі.
Я хачу над Зямлёй узляцець і даведацца, хто яе круціць. Каб душа не магла сатлець, каб саромеўся той, хто схлусіць.
Каб азарт – без вялікіх страт, і без рызыкі – перамены, каб сяброўства было без здрад, а партнёрства было сумленным.
І каб пыл не збіраўся на шкле, каб каханне было бясконцым, каб старыя жылі ў цяпле, каб малыя гулялі пад сонцам.
Каб не падаў на квецень град, каб не пуста было ў талерцы, калі мір – без падману і звад, а вайна – без калецтва і смерці.
Каб у твораў былі чытачы – як таго не жадаць паэту! І яшчэ (хоць бязглузда гучыць): каб той свет быў не горшы за гэты.
НЕ ПІШЫ
Не пішы пра тое, як чаромха пахне – без цябе квітнее, без цябе зляціць. Не пішы, што ніва ліўня марна прагне, бо яе вадою з верша не паліць.
Не пішы, як спеюць журавіны ў багне і як грыб крамяны тоіцца ў бары. Не пішы пра вёску, у якую цягне – жыць табе да скону ў каменным муры.
Не пішы пра блізкіх, родных і суседзяў. Тое, што ты бачыш, – не агонь, а дым. Не пішы пра дзеі, што сягоння ўгледзеў – вочы і галовы Бог раздаў усім.
Не пішы пра заўтра, бо прарок ты кепскі. Добрага б спалілі – ты жывеш пакуль. Не пішы пра храмы, абразы і фрэскі. Не жадай чужога – ні вянцоў, ні куль.