— Што вы там забыліся? — пачулася з ніжняга паверха. Да яго спяшалася кансьержка.
— Ды мне трэба пабачыць мадэмуазель Дэнізу Пакэ, — адказаў Жан.
— Паслухайце, малады чалавек. Вось ужо тры тыдні, як яна пераехала адсюль.
— Як?! Тры тыдні?!.
— Ну, а што ёй тут рабіць?! Замуж выйшла і паехала сабе да мужа!..
...Штосьці абарвалася ў Жанавай душы. Ашаломлены, няшчасны малады чалавек ледзьве спусціўся па лесвіцы. Доўга блукаў ён па начным Парыжы, і нейкае новае, невядомае дагэтуль пачуццё пакрысе авалодвала ўсёй яго істотай. Жан памалу супакоіўся і абыякава пазіраў, як кудысьці спяшаюцца людзі, як сотнямі агеньчыкаў мільгаюць рэкламы... «Жыццё ідзе сваім ходам, — нечакана падумалася Жану, — ды толькі мне з ім ужо не па дарозе...»
Ён даклыпаў да бульвара Манмартр. Схадзіўся моцны вецер, паліў густы дождж. На мокрым блішчастым асфальце адбіваліся агні вітрын. Недалёка стаялі свабодныя таксі...
Вось каля самага тратуара імчыць машына... Жан увабраў галаву ў плечы, сціснуў кулакі і, калі да машыны заставалася два ці тры метры, кінуўся пад колы...
Ён яшчэ паспеў адчуць моцны ўдар, і здалося яму, што проста над ім грымнуў страшэнны пярун...
...Калі Жана дасталі з-пад машыны, ён ужо не дыхаў...
Эльза Трыяле
Івета
Калі ў гэтым горадзе і было што прыгожае, то гэта парк на фоне аголеных гор пясчанага колеру. Вострыя горныя вяршыні, здавалася, даставалі да самага неба. Неяк дзіўна было бачыць на гарызонце горы, бо гарызонт як быццам бы павінен быў засланяцца дамамі. Але справа ў тым, што горад быў не такі вялікі, як магло падацца на першы погляд: высокія будынкі ў цэнтры — мясцовыя небаскробы, цесныя завулачкі вакол сабора, дзе жыла бедната, новенькія акуратненькія вілы ў толькі што забудаваным квартале, дзе чамусьці нікога не было відно, — усё гэта сваёй маштабнасцю магло ўразіць толькі турыстаў. А мясцовыя жыхары добра ведалі, што прайсці гэты гарадок з канца ў канец можна было за лічаныя хвіліны. Парк, які, здавалася, быў цэнтрам горада, куды ўпіралася асноўная магістраль, што ішла ад вакзала, на самай справе знаходзіўся на ўскраіне, і таму фонам яму былі горы ды неба.
Парк красаваўся ў даліне. Туды можна было спусціцца па высокай прыгожай лесвіцы або па шырокай алеі, абапал якой стаялі белакаменныя скульптуры. І варта было зрабіць толькі некалькі крокаў, як чалавек нібы трапляў у іншы свет: дыхалася лёгка і прыемна, вочы супакойваліся ад зеляніны і квецені, а знізу даносіўся невядомы цудоўны водар, які, напэўна, ішоў вунь ад тых вялікіх ружовых кветак, што раслі на лужку пад экзатычнымі дрэвамі... Чалавек рабіў яшчэ два-тры крокі — водар станавіўся мацнейшым, цягнуў да сябе як магнітам, і на апошніх прыступках лесвіцы ўжо хацелася бегчы, каб хутчэй апынуцца ў раі.
Чаго тут толькі не было: зялёныя падстрыжаныя газоны, царства рознакаляровых кветак, дрэвы рэдкіх парод, на якіх віселі шыльдачкі, прасторныя паляны, абкружаныя векавымі дубамі, шырокія прамыя алеі, ручаёк, уздоўж якога змейкай вілася вузенькая сцежка, сажалка, ці, дакладней, ставок, дзе плавалі качкі. А крыху воддаль віднеўся гай. Там на волі бегалі лані. Былі тут і клеткі з птушкамі. Каля клетак важна паходжвалі паўліны, распусціўшы нібы напаказ свае залацістыя сіне-зялёныя хвасты. Ну, а белых галубоў было столькі, што пра іх і гаварыць не даводзіцца. У самым канцы парку стаяла агароджа, а за ёй — пыльная дарога, прыгарадныя рэстаранчыкі і аголеныя горы пясчанага колеру...
Адна круглая паляна была адведзена для дзяцей. Тут пад шатамі высокіх разгалістых дрэў, нібы ў велізарнай палатцы, створанай самой прыродай, можна было ўратавацца ад сонечнай спёкі і дажджу. Самых маленькіх тут чакалі пясочніцы; большых запрашалі да сябе арэлі і кольцы. Вакол стаялі лаўкі і металічныя крэслы са спружыністымі сядзеннямі. Такія крэслы віднеліся і ў іншых месцах парку: дзе па чатыры, дзе па шэсць, дзе па два — яны былі расстаўлены ў кружок або ў рад і нібы прапаноўвалі наведвальніку: пасядзі тут, перадыхні...
Быў гэта рай зямны, пакінуты Адамам і Евай, ці рай нябесны, прызначаны для праведнікаў? Рай першароднага грэху ці ўсіх дабрачыннасцей? Як бы там ні было, але цяпер ён пуставаў. Пыльны горад кішэў людзьмі, а ў парку не было ні душы. Мясцовыя жыхары прыходзілі сюды не часцей, чым парыжане падымаюцца на Эйфелеву вежу. Ніхто не сядзеў на металічных крэслах, хоць чамусьці здавалася, што на іх толькі што адпачывалі людзі, ніхто не прыплюшчваў вочы, упіваючыся гэтым непаўторным водарам, ніхто не любаваўся ланямі і паўлінамі... Жоўты пясочак для немаўлят паступова ператварыўся ў пыл, а вяроўкі на арэлях згнілі... Парк абязлюдзеў. Праўда, як і раней, тут заставаліся расліны, дрэвы, птушкі, звяры ды яшчэ адзінокія садоўнікі і вартаўнікі.