Выбрать главу

Зрэшты, бывалі тут і яшчэ дзве жывыя істоты: Івета і Дэдэ. Яны прыходзілі ў парк з тае самае пары, калі Дэдэ быў у два разы старэйшы за Івету, гэта значыцьі калі ёй было тры гады, а яму шэсць. З часам розніца гэтая згладзілася, і абодвум стала ясна, што іх проста раздзяляюць усяго толькі тры гады.

Але ў любым узросце — і калі яны поўзалі ў пясочніцы, і калі гулялі ў хованкі ці каталіся на арэлях, і калі цалаваліся ў кустах недалёка ад стаўка, і калі Дэдэ чытаў вершы, а Івета не слухала, бо ў яе кружылася галава ад поціску сябравай рукі, — у любым узросце, пакуль яны хадзілі ў парк, яны хадзілі разам і бывалі заўсёды разам. Пакуль яны хадзілі ў парк... Гэта быў іх парк, іх дом, іх радзіма...

...Банальная гісторыя, калі толькі можна назваць злачынства банальным. А вайна — што можа быць больш банальным за вайну! Але вайна тут ні пры чым. Не вайна прагнала іх з раю, яны самі, па сваёй волі, пакінулі яго...

Дэдэ вучыўся ў Парыжы. Івета працавала ў бацькавай краме «Дамскае гатовае адзенне». Гэта прыгожая крама з вялікімі люстранымі вітрынамі стаяла на рагу цэнтральнага праспекта і адной невялічкай вуліцы.

Івета была мілая, добрая і, на сваю бяду, прыгожая. Не было ў ёй ні кропелькі злосці, як не знойдзеш і намёку на горыч у трапічным плодзе папаі. Яна ветліва абслугоўвала пакупнікоў, а яе цярпенню, здавалася, не было мяжы. Заўсёды з усмешкай завіхалася яна за прылаўкам, і ў гэтай натуральнай, непадробнай усмешцы не было нічога ад пастаўленай гандлярскай ухмылачкі. З любоўю, пяшчотай адносілася яна і да бацькі — высокага худога мужчыны, хворага на страўнік, і да маці — рухавай мажнай кабеты, якая вечна задыхалася ў сваім цесным гарсэце. Маці была трохі бесталковая і мітуслівая, затое бацька любіў парадак і, за што ні браўся — усё даводзіў да ладу.

Бацькі не вельмі турбаваліся пра паводзіны дачкі ў вольны час — і так яна, бедная, не зведала маладосці з-за гэтай вайны, дык ці варта пазбаўляць яе хоць нямногіх забаў, якія яна можа сабе дазволіць...

Таму дома дзяўчына вечарамі не сядзела, а бацькі не пыталіся, куды яна ходзіць і з кім бавіць час. Суседзі, праўда, прыкмячалі, што Івета заўсёды вяртаецца ў самы апошні момант перад каменданцкай гадзінай, і лічылі яе не вельмі сур'ёзнай дзяўчынай. Гэтыя бясконцыя перашэптванні ў садку, гэтыя два цені на белай сцяне крамы... Што тут гадаць, хіба гэта да твару прыстойнай дзяўчыне — думалі і гаварылі суседзі...

Пачуўшы, як пстрыкае ключ у замку, маці падавала голас: «Гэта ты, Івета? Зайдзі пацалуй нас».

Івета заходзіла ў спальню бацькоў, там было душнавата і пахла чымсьці такім знаёмым! Гэты пах Івета памятала з самага маленства, калі, бывала, тата з мамай у нядзелю маглі паляжаць у пасцелі пазней і клалі яе паміж сабой на шырокі ложак. Фіранкі былі шчыльна завешаныя, і толькі на тумбачцы гарэў начнік пад сінім абажурам. На крэслах валялася знятая адзежа, стары халат, з якім бацька ніяк не хацеў развітвацца, — нішто так добра не грэе, як старыя рэчы, — маміна бялізна... На тумбачцы каля бацькі ляжалі яго пазалочаныя акуляры, кніжка і мноства пакецікаў і бутэлечак з лякарствамі. Яго залаты кішэнны гадзіннік вісеў на сцяне ў туфліку, які Івета вышыла яшчэ тады, калі ледзьве навучылася трымаць іголку ў руках. Гадзіннік падвешвалі да пяткі, а ланцужок хаваўся ў носіку туфліка. Ля галавы маці на мармуровай плітцы тумбачкі ляжалі шпількі для валасоў, грабеньчыкі, пярсцёнкі і маленькі гадзіннічак, які цікаў сабе ў мёртвай цішыні каменданцкага часу. Тут, у спальні, можна было адпачыць па-сапраўднаму. Тут маці здымала гарсэт, а бацька мог пакрактаць ды паскардзіцца на боль у страўніку. Тут душа знаходзіла спакой, калі было асабліва цяжка. Тут нарадзілася Івета. Тут з боку на бок варочаўся бацька, калі не мог у канцы месяца звесці рахункі. Тут на маленькім квяцістым дыванку перад ложкам Івета гуляла, пакуль мама апраналася. А вось гэтае люстэрка на трохстворкавай паліраванай шафе бачыла, як краўчыха прымярала Івеце сукенку і як падрастала, сталела Івета...

Івета прысаджвалася з краю ложка, і трэба было быць сляпым, як гэта і здараецца з бацькамі, каб не бачыць, якой узбуджанасцю свяціўся яе твар, як блішчалі яе вочы, як цудоўна выглядалі яе губы, з якіх сцерлася памада, як безабаронна і спакусліва гарэлі яе шчокі...