— Ну што, развеялася трохі? — пытаўся бацька, худы, доўгі, нібы шост; твар яго бялеў сярод белых падушак. А маці тым часам цмокала дачку ў абедзве шчакі. На яе яшчэ бялявых валасах была сетка, а фланелевая кашуля на мажным целе нагадвала бурдзюк з вадой.
Івета пераказвала змест вячэрняга фільма і апошнія гарадскія плёткі пра канец вайны, пра ад'езд ці прыезд немцаў...
— Сёння ангельцы перадавалі... — пачынаў бацька.
А маці скардзілася, што тата зусім галаву страціў з гэтым радыё... тым больш маючы такіх суседзяў... Ды што там суседзі, калі кожны прахожы можа ўдаць...
Івета ішла на кухню, гатавала там чай, падавала яго на падносе разам з пячэннем і цукеркамі, што заставаліся ад кіно. Потым яна выключала святло, а маці ўсё павучала бацьку, што трэба быць больш абачлівым і асцярожным, а то вунь кожны дзень забываецца завешваць вокны ў сваёй канторцы, і ўсё ідзе да таго, што немцы такі паласануць з аўтамата калі-небудзь па акне...
Івета выходзіла з бацькоўскай спальні і шчыльна зачыняла за сабой дзверы. І тады ў цемры чуўся бацькаў голас:
— Слухай, маці, а ці не здаецца табе, што наша дачка з кожным днём прыгажэе...
— У нас з табой не дачка, а золата, — шаптала маці ў адказ, — і прыгожая, і добрая, і пяшчотная... Але пара спаць, бацька. Дабранач...
Івета хуценька раздзявалася і клалася спаць. Хацелася хутчэй заплюшчыць вочы і хоць у думках зноў апынуцца на спатканні. Учора яе праводзіў П'ер, сёння — Жак... А зрэшты, якая розніца? П'ер ці Жак або яшчэ хто-небудзь — усе яны добра паводзяць сябе, паважаюць яе, і яна ім жадала толькі дабра...
Мелі рацыю яе бацькі, калі гаварылі, што яна не толькі прыгожая, але і добрая... Вось ёй ужо стукнула 20, а ў яе абліччы, паводзінах яшчэ столькі дзіцячага: гэтая акругленасць шчок, гэтыя ямачкі на руках, гэтая манера прычэсвацца без люстэрка і абы-як утыкаць грабеньчык у густыя чорныя валасы, гэтая наіўная бессаромнасць, з якой яна выстаўляла напаказ свае голыя калені, гэтае новае, патаемнае любаванне ўласнымі грудзьмі... А грудзі, між іншым, былі ў яе выразныя, налітыя, пругкія, як у сталай жанчыны, і губы яна фарбавала па-даросламу. Ох, як прыгожа бялелі паміж гэтымі чырвоненькімі губкамі чыстыя роўныя моцныя зубы. Ды і ўся Івета была такой жа чыстай, здаровай, моцнай, як і яе зубы.
Дэдэ рэдка цяпер наведваўся ў родны горад. І ўсё ж калі ён прыязджаў, то перш-наперш забягаў у краму да Іветы і толькі пасля сумеснай прагулянкі ў парку ехаў на ровары ў прыгарадны бацькоўскі маёнтак. Прыемна было пахадзіць па алеях знаёмага парку-раю, ды толькі гэты новы Адам з ясным і ўжо вопытным позіркам трымаўся неяк холадна, адчужана, і здавалася, што ён зноў удвая старэйшы за Івету. Можа, таму і яна не дазваляла сабе пры ім ніякіх вольнасцей і паводзіла сябе так, нібы побач з ёю ішоў строгі настаўнік. Цяпер у кожнага з іх было сваё жыццё са сваімі радасцямі, трывогамі, таямніцамі... Праўда, сёе-тое пра Дэдэ Івета ведала. Ведала яна не толькі гэты яго крыху мешкаваты пінжачок, які матляўся на плячах, як на вешалцы, не толькі гэтую наросхрыст расшпіленую кашулю, што ледзьве прыкрывала яго ўпалыя грудзі, не толькі гэтыя зашырокія ў таліі штаны, моцна сцягнутыя рэменем (туга падпяразваў ён свае портачкі і ў дзяцінстве, бо яны вечна спадалі). Ведала яна і гэтыя жоўтыя скураныя пальчаткі, што вытыркаліся з кішэні разам з газетай і кніжкай, і гэты хуткі позірк, нібы метка кінуты каменьчык, і гэтыя рукі з тонкімі пальчыкамі, і гэтыя ніколі не ваксаваныя чаравікі, і гэты спакойны, крыху самаўпэўнены выгляд, ад якога рабілася і радасна, і трывожна і за якім хавалася штосьці патаемнае... Ведала яна і тое, што Дэдэ вёў у Парыжы вясёлае жыццё, як і належыць юнаку з багатай сям'і, і што бацькам было чым аплочваць гэтае вясёлае жыццё, для якога сынок як быццам і быў створаны. Чуткі пра яго парыжскія любоўныя інтрыгі дакаціліся і да роднага горада. Ведала яна і пра тое, што за спартыўнай знешнасцю гэтага чалавека хаваецца страшная хвароба. У яго пачынаўся туберкулёз, — людзі казалі, што гэта ад зацятасці, бо чым бы ён ні займаўся: спортам, каханнем, навукай — ён за ўсё браўся надта зацята.
Івета ведала таксама, што за нейкія лістоўкі ён паўгода адсядзеў у турме. Яна тады без ніякай цікавасці аднеслася да гэтага здарэння, якое ледзьве не каштавала яму жыцця, а калі адразу пасля турмы ён прыйшоў да яе, яна толькі і сказала:
— Ну, вядома ж, ты тут ні пры чым. Які табе інтарэс улазіць у такія справы...