— Ну, вядома! — гаркнуў тады ў адказ бледны схуднелы Дэдэ і пасля гэтага доўга не прыязджаў у родны горад.
Дэдэ падышоў да знаёмай крамы. Сярод белага дня на вітрынах віселі цяжкія металічныя шторы. Хвіліну-другую малады чалавек пастаяў, падумаў, а потым пакрочыў да суседняй кандытарскай. Убачыўшы на парозе Дэдэ, гаспадыня, мадам Бенуа, голасна заплакала. Градам пасыпаліся слёзы на яе чорную сукенку з белымі карункамі: вось ужо дзесяць дзён, як гестапа арыштавала месьё і мадам Валон, Івету забралі таксама... Ноччу ўварваліся ў дом і ўсіх павялі... Кажуць, што іх абвінавачваюць у тым, што яны мелі радыёперадатчык... Кажуць, што яны — жыды, гэта ж трэба выдумаць такое! — а дачка, кажуць, сустракалася з парашутыстамі... ноччу, кажуць, хавала іх у краме і прыносіла ім ежу... кажуць... Не, ніякіх вестак ад іх няма... як забралі, дык ніхто іх больш не бачыў... Кажуць, што іх пасадзілі ў гарадскую турму, а адтуль мала хто выходзіць... Вось хутка два тыдні... — зноў залямантавала мадам Бенуа.
Не заходзячы дамоў, Андрэ адразу знік з горада. Праз тры дні ён зноў бег з вакзала ў краму. На вітрынах, як і мінулы раз, віселі жалезныя шторы. Гаспадыня кандытарскай расказала яму, што мадам Валон і Івету адпусцілі, а вось бацьку да гэтага часу катуюць у турме. Кажуць, немцы яму прыпомнілі 1924 год, калі ён быў кандыдатам на выбарах ад сацыялістычнай партыі... А немцы, мусіць, надта не любяць сацыялістаў... Кажуць, мадам Валон і Івету збілі да смерці, і мадам Валон нібыта сказала, што ёй сорамна паказацца на людзях... А што ўжо будзе з яе мужам, то бог ведае... У яго ж такі хворы страўнік, і мадам Валон сказала, што калі з мужам што здарыцца, то яна не перанясе гэтага... Плача, бедная, дзень і ноч...
Дэдэ выйшаў на вуліцу і накіраваўся да дома Іветы. У яго ў кішэні ляжала пісьмо да прэфекта — за тры дні, пакуль быў у Вішы, Дэдэ зрабіў усё, што мог. Прасцей, вядома, было звярнуцца да бацькі, але прасіць яго... Да таго ж раз абедзвюх жанчын выпусцілі... І тут ён убачыў Івету на ровары.
— Івета!
Паглядзеўшы, як весела яна націскае на педалі і як здалёк усміхаецца на ўвесь рот, мюжна было падумаць, што адчувае яна сябе проста цудоўна! Аднак калі яна пад'ехала бліжэй і злезла з ровара, у Дэдэ заныла сэрца. Божа! Як жа яна змянілася! Пад вачыма чорныя кругі, рукі сінія, доўгія ногі яшчэ больш выцягнуліся, спадніца ледзьве трымаецца на шпільцы... Але асабліва перамяніўся выраз твару: знаёмыя рысы нібы закамянелі...
— Пойдзем у парк, — сказаў Дэдэ і далікатна, нібы датыкаючыся да найдаражэйшай крохкай вазы, узяў яе пад руку.
Моўчкі спускаліся яны па лесвіцы: гэта была іх завядзёнка — пасля сустрэчы памаўчаць і пачынаць гаворку толькі тады, калі сыдзеш з апошняй прыступкі. Як лёгка і прыемна тут дыхалася! У той майскі дзень парк выглядаў так прыгожа, што нават яны, як быццам і звыклыя да гэтага хараства, адчулі сябе як у зачараваным царстве. Моўчкі дайшлі яны да стаўка. Тут, як і год назад, стаялі два крэслы, на якіх, здавалася, толькі што сядзела нябачная парачка. У парку не было ні душы... Ох, банальная, якая банальная гісторыя!..
— Цябе білі, Івета?
— Ды што ты, не! — Івета глядзела на Дэдэ са сваёй заварожлівай усмешкай.
— А як гэта ўсё здарылася? За што вас?.. І што будзе з бацькам?
— Нехта напісаў данос... Нямецкі афіцэр гаварыў мне, што яны заўсёды так робяць: раз ёсць сігнал — чалавека арыштоўваюць, а потым ужо высвятляюць. Калі нічога такога не знаходзяць, чалавека вызваляюць. І бацьку, вядома, адпусцяць.
Усё гэта яна сказала такім мілым, спакойным тонам, нібы расказвала пра штосьці звычайнае і прыемнае.
— А ў чым жа шукаюць бацькаву віну?
— Не ведаю... Адно мне толькі ясна, што ніякай крамолы ён не зрабіў...
— Ты ўпэўнена? Шкада...
— Шкада? Ты што, хочаш, каб бацьку там і трымалі? — разгневалася Івета.
— Бедненькая мая... Табе было балюча, скажы...
— Не, — адказала Івета і паглядзела яму проста ў твар сваімі спакутаванымі вачыма. — Маладых яны не катуюць... З маладымі і больш-менш прыгожанькімі яны ласкавыя, ветлівыя... Аж залішне ласкавыя, — і яна паблажліва ўсміхнулася.
— Залішне ласкавыя, каб быць прыстойнымі. Ды што гэта я? Пра якую прыстойнасць тут можна... Паслухай, а маці? Яна ж не маладая!
— Маму яны білі.
Дэдэ адвёў вочы ўбок.
— Кажуць, так ужо збілі, што аж не можа сесці, — раўнадушна прамовіў Дэдэ.
— Ну, гэта ўжо выдумкі! Людзі самі не ведаюць, што плятуць. Ну, білі, вядома, па твары... Ты ж ведаеш маму... Не, каб памаўчаць ды спакойна гаварыць... Яна ж крычала, закатвала сцэны, сама задавала немцам пытанні, а на іхнія адказваць не хацела.