Выбрать главу

Дэдэ апусціў галаву:

— А з бацькам што?

— Не ведаю. Падобна на тое, што з мужчынамі яны вельмі жорсткія... Зрэшты, хутка я пабачуся з бацькам... Адзін афіцэр абяцаў дапамагчы... Занясу перадачу... Ён жа, бедалага, не можа есці хлеба... Як з'есць, дык адразу прыступ. Трэба будзе сабраць сухароў ды занесці...

Качкі вылезлі на бераг і, валюхаючыся, па-качынаму, шпацыравалі па траве. Сярод іх вылучалася адна асабліва гаваркая і рухавая качачка. Івета глянула на яе і, успомніўшы вядомы мульцік пра качара Дональда, весела рассмяялася... Якая ж яна малайчына, гэтая мілая, слаўная дзяўчынка...

— Івета, а як было з табой? Як цябе дапытвалі?

— Ды так... глупства... Лейтэнант усё скардзіўся...

— Ах, лейтэнант нават? І малады?

— Малады і да таго ж бландзін. Такі самы бялявы, як я смуглая. І ведаеш, такі ўжо чысценькі, такі акуратненькі, ну проста дзіва было глядзець на такога дагледжанага чалавека. Мы ж усе пакутавалі ў страшэннай гразі. Увогуле, я табе скажу, нямецкія афіцэры ўсе такія ладныя, стройныя, высокія. Дык вось гэты лейтэнант усё скардзіўся, што ў нас жанчыны не вельмі згаворлівыя, не хочуць нідзе бываць з немцамі. Перад тым як прыехаць сюды, ён служыў у Парыжы і кажа, што парыжанкі куды лагаднейшыя...

— Прастытуткі ўсюды ёсць, — прамармытаў Дэдэ.

Івета з цікавасцю сачыла за рухавай качачкай, якая цяпер ужо горда плыла па люстраной роўнядзі, сарамліва хаваючы пад вадой свае няўклюдныя лапкі.

— Я пайду, — сказала Івета. — Маці адна ў пасцелі. Плача, бедная, і плача. Як ні ўгаворвалі, як ні супакойвалі, а яна лье і лье слёзы.

— Я, бадай, праводзіць цябе не буду. Ты ж усё роўна на ровары, — неяк нерашуча сказаў Дэдэ і акінуў яе разумеючым мужчынскім позіркам...

Ён доўга глядзеў ёй услед... Загадкавая натура гэтая Івета... Ніколі да канца яе не зразумееш, пра што яна думае, чаго хоча ад жыцця, да чаго імкнецца?.. Доўга сядзеў Дэдэ, прыгнечаны нейкай беспрычыннай тугой, якая была не пад сілу нават яму, мужчыну. А парк, гэты страчаны рай, рассцілаў перад ім свой атлас, аксаміт, муар, свае шырокія габелены, дзе з-за дрэў выглядваюць біблейскія лані, грацыёзныя, наіўныя, прыгожыя і загадкавыя... Калі побач была Івета, парк пераставаў быць паркам, ён нібы рабіўся проста шлейфам яе сукенкі... «З маладымі і больш-менш прыгожанькімі яны ласкавыя, ветлівыя... Аж залішне ласкавыя...» Дэдэ ўявіў сабе камеру. Ён добра ведаў, што такое камера. Уявіў сабе пакой, дзе вядуцца допыты, і афіцэра, высокага лейтэнанта-бландзіна.

Успомніў позірк Іветы, калі сам сказаў: «Прастытуткі ўсюды ёсць...»

Дэдэ агарнула страшэнная туга, такая туга, што пакідае след на ўсё жыццё. Абы толькі Івета стрымала сваё слова і напісала яму. А раптам яе зноў забяруць? Немцы — як сабакі. А сабакі любяць вяртацца на тое месца, дзе хоць раз падымалі ножку. Так і гэтыя: калі пабывалі ў доме, то быць не можа, каб зноў не заявіліся. Дэдэ закашляўся — як быццам у яго ёсць час хварэць!

***

«З бацькам я не пабачылася, — пісала Івета, — і перадач не прымаюць...»

«Бацьку перавезлі ў Парыж, у турму Фрэн, мне так і не ўдалося з ім пабачыцца», — пісала Івета.

«Ніякіх звестак ад бацькі няма», — пісала яна.

***

Жалезныя шторы былі апушчаныя, і Дэдэ зноў мусіў ісці ў кандытарскую да мадам Бенуа.

— Івета ў шпіталі, — уздыхнула мадам Бенуа, — у яе перытаніт. Я ўпэўнена, што маці не вытрывае і ўтопіцца, калі Івета памрэ. А божа мой, якое няшчасце! Такая прыгожая дзяўчына, такая мілая, добрая...

— Але ж яна жывая? Скажыце мне праўду!

— Ды што вы... у яе апендыцыт, ну... нейкі злаякасны апендыцыт... Маці ўсім кажа, што гэта апендыцыт...

— У якім шпіталі яна ляжыць?

Не адразу загаварыла мадам Бенуа. Без ніякай на тое патрэбы яна перастаўляла з месца на месца пустыя вазы.

— Вядома, не мая гэта справа — даваць вам парады, але, месьё Дэдэ, лепш не хадзіць туды... Бедная мадам Валон, свету белага не бачыць ад гора...

— Паслухайце, мадам Бенуа, калі Івета жывая і нават калі мёртвая, скажыце мне, дзе яна!

Мадам Бенуа разглядвала свае карункі на манжэтах, паправіла пярсцёнкі на худых маршчыністых руках...

— Ну што ж, раз вы такі настойлівы... Яна ў шпіталі доктара Машона.

Дэдэ куляй вылецеў з кандытарскай, прабег уздоўж крамы з апушчанымі шторамі... Немцы запрудзілі ўсю вуліцу, кавярні, крамы, тапталіся ля вітрын, любуючыся дамскімі кашулямі, станікамі, настольнымі гадзіннікамі, біжутэрыяй... У касках і з аўтаматамі раз'язджалі на матацыклах, імчаліся на шыкоўных машынах...

У гэтыя першыя вераснёўскія дні было вельмі ветрана. У цэнтральным кінатэатры ішоў фільм «Вячэрнія госці»*. На крывых вузкіх завулках вакол сабора корпаліся мурзатыя басаногія дзеці. Пасярод рыначнай плошчы, амаль бязлюднай у гэты час, каля самага фантана курчыўся ад болю хлопчык гадоў чатырох. Яго рвала. Побач стаялі дзеці і сумна пазіралі на пакуты малога. Адна дзяўчынка спагадліва паклала яму на плячо руку і ўсё паўтарала: «Нічога, Жано, пацярпі, пацярпі...» Малога рвала крывёю, але ён спрабаваў не падаваць выгляду, што яму баліць, і стараўся трымацца, як дарослы мужчына.