* «Вячэрнія госці» — фільм, створаны паводле сцэнарыя Жака Прэвера. Стылізаваны пад сярэднявечнае фабліо, гэты паэтычны фільм апавядае пра барацьбу Дабра са Злом, аб перамозе Кахання.
Дэдэ хутка перасек плошчу. Яго падбітыя цвікамі чаравікі грукаталі, як падковы. Дыхнула смуродам ад канавы. Нейкія чарнявыя людзі, не то цыганы, не то армяне, штосьці абмяркоўвалі паміж сабой, энергічна размахваючы рукамі...
Дэдэ прайшоў яшчэ з паўкіламетра. Далей горад канчаўся, і пачыналася шаша. Над уваходам вісела шыльдачка. Там было напісана, што тут і знаходзіцца шпіталь доктара Машона.
— Так, — сказала санітарка, — можаце да яе зайсці. Мадам Валон якраз пайшла трошкі адпачыць... Што вы, што вы, самая страшная небяспека ўжо ззаду...
Івета ўсміхнулася, калі ён зайшоў, а Дэдэ стала страшна. Усмешка не магла схаваць слёзы горкіх пакут, і ад гэтага рабілася страшна.
— Бедненькая мая! Табе зрабілі аперацыю? Ну як, усё нармальна?
Ён прысеў на светлую табурэтку каля белага жалезнага ложка. На акне віселі светлыя, у гарошак фіранкі, сцены былі пафарбаваныя ў нябесна-блакітны колер. На століку, засланым карункавым настольнікам, красаваўся букет кветак. Але нельга было схаваць эмаліраваных сасудаў і гэтага спецыфічнага шпітальнага паху.
— Нічога страшнага не было, так сабе, — адказала Івета і ўзняла на яго свае стомленыя вочы. Божа мой, ды гэта ж зусім не яе вочы! І раптам яму здалося, што цяпер яна ўдвая старэйшая за яго... У яе былі вочы сталай жанчыны з усім вопытам жаночага жыцця і жаночых бед. Ох, гэтая недасягальная Івета...
— Табе не ўсё выразалі? — суха спытаўся Дэдэ. Гэта было не проста пытанне, а прыём следчага, пастка.
Яе як быццам і не здзівіла гэтае пытанне... Зрэшты, хіба яе разбярэш, гэтую Івету. Гэта магло азначаць і прызнанне, і неразуменне, а можа, гэта была хітрасць... Дэдэ расшпіліў скураную куртку — яму стала горача.
— Не, — адказала Івета, — мне ўвогуле нічога не выразалі. Дробязь... Нічога сур'ёзнага са мной не было...
Далей распытваць пра хваробу Дэдэ не адважыўся.
— Ну, а як бацька? — запытаўся ён.
— Бацьку адправілі ў Германію.
Больш пытанняў Дэдэ не задаваў, бо сам стаміўся ад гэтай размовы не меней, чым Івета. Ён не ведаў, што і думаць, ніяк не мог сабе ўцяміць, што гэта — ахвярнасць або легкадумная разбэшчанасць...
Праз месяц Дэдэ прыехаў зноў. Івета была ўжо на нагах, калі толькі гэтая не вельмі маладая і не вельмі прыгожая жанчына была Івета. Яна стаяла за прылаўкам і нешта паказвала пакупніцы.
— Дапамагаю вось маме, — сказала Івета, калі пакупніца пайшла, — яна адна тут не ўправіцца...
А мадам Валон не давала ёй спакою:
— Не стой, Івета, табе нельга стаяць... Пакупнікі і не здагадваюцца, што я ледзьве ў труну не паклала дачку. Дэдэ! Яна ж пятнаццаць кілаграмаў страціла. Івета, дарагая мая, сядай, прашу цябе, сядай, не стой...
Мадам Валон была непрычасаная, хадзіла ў запэцканым халаце і стаптаных туфлях. У краме таксама панаваў беспарадак. Усюды валяліся нейкія скрынкі, пакеты, паламаныя крэслы... У бакоўцы побач з прылаўкам відаць была гурба вугалю, і на ўсім, да чаго ні дакранешся, ляжаў тоўсты слой чорнага пылу. Вугаль паскрыпваў нават пад нагамі. І ў бакоўцы, і ў самой краме стаяў змрок — пабітыя шкляныя вітрыны амаль усюды былі залатаны дошкамі і фанерай.
— Нас абакралі, — растлумачыла Івета, — пабілі шкло і вынеслі ўсё, што можна было панесці... Як не шанцуе, дык не шанцуе, — неяк міла падагульніла яна.
А Дэдэ аж кіпеў ад злосці. Гэта ж трэба! Над ёй наглуміліся, наздзекваліся, змяшалі з гразёю, а ёй, бачыце, не шанцуе! Толькі і бяды! Якая сціпласць...
— А што з бацькам? — запытаўся ён, спадзеючыся пачуць у адказ штосьці страшнае, абы толькі выбіць яе з раўнавагі, абы толькі яна заплакала, загаласіла, пачала раскідаць праклёны!..
— Тата ў Германіі. Атрымалі дазвол на пасылкі. Паслалі ўжо некалькі... Невядома толькі, ці даходзяць яны да яго...
Яна гаварыла спакойна і яшчэ спрабавала хоць трохі прыбраць на прылаўку. Пазногці ў яе вельмі адраслі і чапляліся за шоўк сукенкі, якую яна складвала ў скрыначку, а збялелыя, бяскроўныя пальцы здаваліся яшчэ даўжэйшымі. Дэдэ чамусьці прыгадалася бульбіна, якая пусціла парасткі... Звычайна Івета коратка падстрыгала свае густыя чорныя валасы. Цяпер яны падалі на шыю няроўнымі жорсткімі прамымі пасмамі. І сама Івета, здавалася, яшчэ больш вырасла... Голыя худыя бледныя ногі, пакрытыя чорнымі валаскамі, выцягнуліся і сталі да непрыгожага доўгімі. Цяпер Івета трохі сутулілася, і ад гэтага яе грудзі здаваліся ўпалымі. Як і раней, зачароўвала яе ўсмешка, але цяпер ужо толькі таму, што яна была недарэчы на гэтым твары...