— А я вось атрымаў позву ў Германію, — сказаў Дэдэ, адхінуўшы заслону над сваім замкнёным загадкавым жыццём, — дык я змываюся...
— А куды?
— Ну, ведаеш, у мяне няма ніякага жадання пакідаць табе мой адрас! — зарагатаў Дэдэ. — Я з ахвотай прыхапіў бы і цябе з сабой, ды падполле — гэта не для хворых дам. А зрэшты, табе адно пальцам пакажы — да немцаў ты пабегла б без аглядкі...
Дэдэ пацалаваў у руку мадам Валон, а Івеце па-ваеннаму аддаў чэсць.
Вярнуўся ён акурат пасярод зімы.
— Ну, як маешся, Івета?
Як і тады, у іх апошнюю сустрэчу, парадку ў краме не было.
— Можа, пройдземся ў парк?
— Давай пройдземся.
Яна хуценька зняла свой старэнькі швэдар і апранула чорнае паношанае паліто з футравым каўнерыкам. Яна заўсёды ўлазіла ў паліто, падняўшы ўгару абедзве рукі, ніколі не чакаючы нічыёй дапамогі.
Маўчанне парушыла Івета, калі яны сышлі з апошніх прыступак белай лесвіцы:
— У цябе так і няма адраса?
— Не... А што чуваць пра бацьку?
— Пасля яго прыезду ў Германію мы атрымалі толькі адно пісьмо. Ён пісаў, што яго пакінулі ў Берліне і ён будзе працаваць па сваёй спецыяльнасці, краўцом. Усё гэта, вядома, добра. Але ж ці доўга ён пратрымаецца без цёплай вопраткі, без нармальнай ежы... Мы-то пасылаем яму ўсё, што можам...
— А вам удаецца дастаць сёе-тое? Калі не, то, ведаеш, хлопцы з макі дапамогуць.
— Ну, як табе сказаць... На чорным рынку можна купіць усё, што хочаш... Ды толькі да бацькі нічога не даходзіць. Некалькі пасылак вярнуліся назад...
Каля дзіцячай пляцоўкі голая гіпсавая жанчына зябка прыкрывала грудзі, маленькія блішчастыя кропелькі інею ўсеялі яе плечы, і здавалася, што яна ўся дрыжыць.
— Добра яшчэ, што хоць вяртаюць назад, а не забіраюць сабе! — прамармытаў Дэдэ.
— О, калі б яны вярталі тое, што мы пасылаем! А то швэдары — з адным рукавом, а кожная кансервавая бляшанка абавязкова будзе прасвідравана.
Ад нечаканасці Дэдэ спыніўся.
— Ды яны проста насміхаюцца з нас, — сказала Івета і села ў белае ад інею жалезнае крэсла. Яна ўзняла галаву і ўсміхнулася. І ўсмешка тая была горкая, як палын, горкая, як доля абылганай жанчыны, горкая, як яе паламанае жыццё!.. Бедная Івета!
Яна не плакала. Яна ўвогуле ніколі не плакала — ні тады, калі ў маленстве ўдарыла сабе ножку, бегучы па алеі, ні тады, калі гадзінамі не магла дачакацца ў парку Дэдэ, а той усё не прыходзіў, ні тады, калі нямецкі лейтэнант не стрымаў свайго абяцання, за якое было заплочана такой дарагой цаной, ні тады, калі ёй рабілі аперацыю, ні тады, калі яе змешвалі з гразёю і ў тым сумна вядомым шпіталі выкрадалі ў яе маладосць, здароўе, веру ў людзей, — гэтую бясконцую, дурную, злачынную, подлую веру прыгажуні-дзяўчыны, для якой увесь свет быў падзелены толькі на мужчын і жанчын. Івета ўстала. Дэдэ моўчкі падаў ёй руку. І на гэты раз ён адпусціў яе адну, а сам застаўся ў крэсле каля качынага стаўка.
Ён глядзеў, як усё аддалялася і аддалялася Івета. Яна трохі накульгвала: пэўна, ёй цяжка было ісці на высокіх абцасах па жвірыстай алеі, а можа, у яе балелі ногі... Адной рукой яна прытрымлівала паліто, а другой — жорсткія чорныя пасмы валасоў, і таму паходка ў яе была нейкая няроўная... Здавалася, што і парк, які нібы разам страціў і сваю красу, і свае кветкі, і сваіх птушак, — здавалася, што і парк маркотна пазіраў, як адыходзіла Івета...
Івета, недасягальная, неспазнаная Івета, панесла з сабой сваё неразгаданае жыццё... Яна ішла да аголеных гор пясчанага колеру, чые вяршыні даставалі да самага неба... Дарэчы, чаму яна ідзе не ў горад, а зусім у другі бок?..
Банальная, банальная гісторыя ваеннай пары... калі толькі можна назваць злачынства банальным.
Жан-Поль Сартр
Герастрат
Людзі... На іх трэба глядзець з вышыні. Я гасіў святло і прыстройваўся каля акна: у іх нават і ў думках не было, каб нехта мог за імі сачыць зверху. Яны клапоцяцца адно пра фасад, ну, часам яшчэ пра задворкі, але ўсё іх старанне разлічана ўрэшце на гледача ў метр семдзесят. Ці задумваўся калі хто-небудзь з іх, як выглядае фетравы капялюш з сёмага паверха? Яны чамусьці зусім не дбаюць, каб абараніць свае плечы і чарапкі кідкімі колерамі ці яркай тканінай, яны не ўмеюць змагацца з гэтым вялікім ворагам Чалавечага: вертыкальнаю перспектывай. Я высоўваўся з акна, і мяне разбіраў смех: ну, дзе яна, дзе гэтая іх славутая «пастава ўрост», якой яны так ганарацца: яны проста расплюшчваліся аб ходнікі, і з-пад плечаў у іх плазам высоўваліся толькі доўгія ногі.