На балконе сёмага паверха, вось дзе мне трэба было б пражыць усё жыццё. Бо маральная перавага заўсёды павінна быць падмацаваная нейкімі матэрыяльнымі сімваламі, іначай — яна проста знікае. Якая ж, урэшце, перавага над людзьмі была ў мяне? Перавага ў пазіцыі — болей нічога: я паставіў сябе па-над тым чалавечым, што было ўва мне, і пачаў яго разглядаць. Менавіта таму мяне заўсёды вабілі вежы сабора Нотр-Дам, пляцоўкі агляду на Эйфелевай вежы, царква Сакрэ-Кёр, мой сёмы паверх на вуліцы Дэлямбр. Усё гэта — цудоўныя сімвалы.
Часам, вядома, даводзілася спускацца на вуліцу. Каб схадзіць на працу, напрыклад. Я задыхаўся. Калі бачыш людзей на адным з імі ўзроўні, іх намнога цяжэй лічыць за мурашак: яны кранаюць. Аднойчы я ўбачыў на вуліцы мерцвяка. Ён ляжаў ніцма. Яго перавярнулі, і аказалася, што ён у крыві. Я ўбачыў яго расплюшчаныя вочы, нейкі незразумелы выраз на твары, які невядома пра што казаў, і ўсю гэтую кроў. Я стараўся сябе пераканаць. «Ну і што, — думаў я, — усё гэта хвалюе не болей за свежую фарбу. Ён проста ўквэцаў сабе нос у чырвонае, вось і ўсё». Але потым я адчуў нейкую паскудную млявасць у нагах і ў патыліцы і самлеў. Мяне зацягнулі ў аптэку, пачалі тузаць за плечы і прымусілі глынуць спірту. Я быў гатовы ўсіх забіць.
Я ведаў, што яны мае ворагі, але ж яны — яны гэтага не ведалі. Яны любілі адзін аднаго і заўсёды трымаліся разам, локаць да локця; яны і мне часам дапамагалі — у тым, у сім: яны ж лічылі мяне за свайго, да іх падобнага. Але каб яны здолелі здагадацца хоць пра сама маленькую крыху праўды — яны б мяне скамісавалі. Дарэчы, пазней яны так і зрабілі. Калі спаймалі і даведаліся, хто я. Яны сцерлі мяне на дробны мак, білі ў камісарыяце цэлыя дзве гадзіны, малацілі кулакамі і давалі поўхі, выкручвалі рукі, раздзерлі ў шмоцце нагавіцы, а пасля, каб было чым закончыць, кінулі на падлогу мае акуляры, і пакуль я іх шукаў, на карачках, білі мяне нагамі пад задніцу і рагаталі. Я заўсёды прадбачыў, што гэтым скончыцца — мяне скамісуюць: я ж не дужы і абараніць сябе не магу. А некаторыя ўжо даўно на мяне палявалі: бамбізы. Яны штурхалі мяне на вуліцы — каб пасмяяцца і каб пабачыць, што я буду рабіць. А я маўчаў. Я рабіў выгляд, што не разумею. І ўсё роўна — папаўся. Нездарма, відаць, ува мне заўсёды жыў гэты страх: гэта было прадчуванне. Зрэшты, вы, вядома, разумееце, што ў мяне былі і намнога сур'ёзнейшыя прычыны іх ненавідзець.
А што да страху, дык усё пайшло намнога лепей з таго дня, як я купіў сабе рэвальвер. Дарэчы, калі ўвесь час носіш пры сабе якую такую штучку, якая можа выбухнуць ці нарабіць грукату, дык сапраўды адчуваеш сябе неяк мацнейшым. І вось я кожную нядзелю браў яго з сабой, соваў проста ў нагавіцы, у кішэню, і ішоў прагуляцца — звычайна на бульвары. Я адчуваў, як ён адцягвае мне нагавіцы, што той краб, як халодзіць металам сцягно. Але пакрысе ад дотыку з целам ён саграваўся. Хада ў мяне была трошкі ненатуральная, збоку я, відаць, нагадваў тыпа, у якога пачалася эрэкцыя і чэлес кожны раз замінае яму вольна ступіць. Тады я соваў руку ў кішэню і папраўляў гэтую рэч. Часам я заходзіў у прыбіральні — але, вядома, і там я быў таксама ўважлівы, бо часта побач можа быць нейкі сусед, — я вымаў рэвальвер, узважваў яго ў руцэ і разглядаў яго дзяржанне з чорнымі краткамі і чорны курок, падобны на прыплюшчанае павека. А тыя, хто бачыў звонку мае расстаўленыя ногі і ніз калашын, думалі, што я мачуся. Але я — ніколі не мачуся ў публічных прыбіральнях.
А аднойчы мне прыйшла ў галаву думка пастраляць у людзей. Гэта было суботнім вечарам, калі я збіраўся да Леі — адной бландзінкі, якая заўсёды цікуе перад гатэлем на вуліцы Манпарнас. Між іншым, я ніколі не меў інтымных сувязяў з ніводнай жанчынай: я ўпэўнены, што пасля адчуў бы сябе толькі абрабаваным. Вядома, на іх залазіш зверху, але ж потым яны праглынаюць сваім вялізным валасатым ротам тое, што ў вас пад жыватом, і мяркуючы па тым, што я чуў, якраз яны ў такім абмене і выйграюць — і выйграюць многа. А я нічога ні ў кога не прашу, і сам аддаваць нічога не збіраюся. Прынамсі, каб я і рашыўся займець каханку, яна павінна была б быць жанчынай фрыгіднаю і пакорліваю і такой, каб пераносіла мяне з гідлівасцю. У першую суботу кожнага месяца я падымаўся з Леяй у нумар у гатэлі «Дзюкэн». Яна распраналася, і я разглядаў яе, не дакранаючыся. Здаралася, што яно выходзіла неяк само, проста ў нагавіцах, але часам я раней паспяваў вярнуцца дадому.