У той вечар Леі на звычайным месцы не было. Я крыху пачакаў, але так яе і не ўбачыўшы, вырашыў, што яна, відаць, захварэла. Тады быў пачатак студзеня і было вельмі холадна. Я быў расчараваны: я ўвогуле чалавек уражлівы, а тады, ужо загадзя, я так жыва ўявіў сабе асалоду, якую павінен атрымаць ад гэтага вечара. Праўда, на вуліцы Адэсы была яшчэ адна шлюха — брунетка, якую я даўно запрыкмеціў, — крыху пераспелая, але такая дзябёленькая і пухлявая; дый я ўвогуле ніколі не гідзіўся пераспелымі: яны, калі распрануцца, па-мойму, выглядаюць яшчэ больш гола, чым іншыя. Але тая не ведала, якія ў мяне ўмовы, і мне было крыху сорамна выкласці ёй усё вось так — адразу з парога. Дый потым, я не надта давяраю розным новым знаёмствам: гэтыя бабы могуць схаваць у сябе за дзвярыма якогась паскудніка, а потым, калі ўсё гатова, гэты тып раптам выскачыць і забярэ ў вас усе вашыя грошы. І лічыце, што пашанцавала, калі яшчэ не надае кухталёў. Але ў той вечар на мяне найшла чорт ведае якая адвага. Я вырашыў зайсці дадому па рэвальвер і потым паспрабаваць-такі з гэтай брунеткай.
Калі чвэрткай гадзіны пазней я падыходзіў да яе, маючы сваю зброю ў кішэні, я ўжо не баяўся нікога. Пры поглядзе зблізу яна паказалася нейкай няшчаснай і нечым нагадала маю суседку з дома насупраць, ад'ютантаву жонку. Я быў задаволены: я даўно ўжо хацеў пабачыць гэтую ад'ютанціху галяком. Раніцай, калі ад'ютант выпраўляўся на службу, яна апраналася пры адчыненых вокнах, і я часта хаваўся ў сябе за фіранкай, спадзеючыся яе заспець. Але яна, на жаль, прыбіралася ў глыбіні пакоя.
У гатэлі «Стэла» са свабодных нумароў заставаўся толькі адзін — на пятым паверсе. Мы рушылі ўгору. Брунетка была даволі грузная і ледзь не на кожнай прыступцы спынялася, каб аддыхацца. Што да мяне, дык я адчуваў сябе выдатна: нягледзячы на свой жывот, я зусім не пацею, і каб задыхацца, пяці паверхаў мне мала. Калі мы дайшлі да пляцоўкі на пятым паверсе, яна спынілася і, з цяжкасцю пераводзячы дых, прыціснула правую руку да сэрца. У левай у яе быў ключ.
— Высока, — сказала яна і паспрабавала мне ўсміхнуцца.
Я нічога не адказаў, забраў у яе ключ і адчыніў дзверы. Потым, не вымаючы рэвальвера з кішэні, выставіў яго руляй наперад і адпусціў толькі тады, калі запаліў святло. У пакоі было пуста. На мыйніцы ляжаў пакладзены імі маленькі квадратны кавалачак зялёнага мыла — каб было чым памыцца. Я ўсміхнуўся: са мной ва ўсіх іх бідэ ды квадратных кавалачках мыла ніякай патрэбы няма. Кабета ў мяне за спінай яшчэ шумна дыхала, гэта мяне распаляла. Я павярнуўся, і яна пацягнулася да мяне губамі. Я яе адштурхнуў.
— Распранайся, — сказаў я.
У пакоі быў мяккі фатэль, я сеў і прымасціўся як мага ўтульней. У такія моманты я заўсёды шкадую, што не навучыўся паліць. Кабета зняла сукенку, потым спынілася і скінула на мяне недаверлівым вокам.
— Як цябе завуць? — спытаў я, адкідваючыся ў фатэлі.
— Рэне.
— Дык вось, Рэне, ты давай хутчэй, я чакаю.
— А ты што — не распранаешся?
— Ты давай, давай, — сказаў я, — пра мяне можаш не клапаціцца.
Яна скінула да ног майткі, потым падабрала і акуратна паклала на сукенку разам са станікам.
— А ты, аказваецца, маленькі пракуда, мой даражэнькі? Бач ты, які гультай, — сказала яна. — Хочаш, каб усё за цябе зрабіла твая дзяўчынка?
Адначасова яна падышла і, абапершыся рукамі на падлакотнікі, з цяжкасцю паспрабавала прымасціцца ў мяне паміж ног на кукішкі. Але я сурова яе падняў.
— Ну-ну, без гэтага, без гэтага, — сказаў я.
Яна зірнула на мяне са здзіўленнем.
— Але тады што ж ты хочаш, каб я табе зрабіла?
— Нічога. Пахадзі, гуляй, болей я ад цябе нічога не патрабую.
Яна пачала хадзіць туды-сюды па пакоі. Выгляд у яе быў нязграбны. Увогуле, нічога больш так не прыгнятае жанчын, як хадзіць галяком. Яны зусім не прызвычаеныя ставіць ступакі плазам. Шлюха хадзіла, выгнуўшы спіну, са звіслымі, як дзве вяроўкі, рукамі. Што да мяне — я быў на сёмым небе: вы ўявіце сабе — я спакойненька сяджу сабе ў фатэлі, зашпілены пад самае горла (я нават не зняў пальчатак), а гэтая пераспелая паня, цалкам раздзеўшыся па маім загадзе, круціцца вакол, як ваўчок.
Яна павярнулася да мяне тварам і, каб захаваць прыстойнасць, какетліва ўсміхнулася:
— Ты лічыш, што я прыгожая? Га? Лашчыш вока?
— Цябе гэта вельмі турбуе?
— Слухай, — спытала яна раптам абураным голасам, — і доўга ты хочаш, каб я так хадзіла?