Выбрать главу

— Сядзь.

Яна села на ложак, і мы моўчкі ўтаропіліся адно на аднаго. У яе была гусіная скура. Было чуваць, як за сцяной тукае будзільнік. Раптам я сказаў:

— Развядзі ногі.

На нейкую долю секунды яна завагалася, але развяла. Я зірнуў ёй паміж ног і пацягнуў носам паветра. І потым мяне разабраў смех, я зарагатаў — так моцна, што на вочы набеглі слёзы. Я адно паспеў ёй сказаць:

— Ды ты хоць сабе ўяўляеш?

І зноў пакаціўся ад смеху.

Яна паглядзела на мяне неяк аслупянела, потым густа пачырванела і сціснула калені.

— Поскудзь, — працадзіла яна праз зубы.

Але я зарагатаў яшчэ болей. Тады яна рэзка падскочыла і схапіла з крэсла свой станік.

— Гэй, ну, — сказаў я, — яшчэ не ўсё скончана. Я дам табе пяцьдзесят франкаў, але за свае грошы я ўсё-ткі хачу нешта мець.

Яна знервавана схапіла майткі.

— З мяне досыць, зразумеў? Я не ведаю, што табе яшчэ трэба. І калі ты прымусіў мяне падняцца, каб тут здзекавацца з мяне...

Тады я выняў свой рэвальвер і выставіў перад ёю. Яна сур'ёзна зірнула на мяне і моўчкі выпусціла з рук майткі.

— Пахадзі, — сказаў я, — гуляй.

Яна гуляла яшчэ пяць хвілін. Тады я даў ёй свой кій і прымусіў з ім пазабаўляцца. Калі я адчуў, што майткі ў мяне змакрэлі, я ўстаў і працягнуў ёй банкноту ў пяцьдзесят франкаў. Яна ўзяла.

— Да пабачэння, — сказаў я, — спадзяюся, за такую цану я не вельмі цябе натаміў.

Я пайшоў, пакінуўшы яе голую пасярод пакоя, са станікам у адной руцэ і пяцідзесяціфранкавай банкнотай у другой. Я не шкадаваў сваіх грошай: я яе ашаламіў, а такую пароду, як шлюхі, здзівіць вельмі няпроста. Спускаючыся па лесвіцы, я падумаў: «Вось чаго б мне хацелася — здзівіць іх усіх». Я радаваўся, як дзіця. З пакоя я прыхапіў з сабой кавалачак зялёнага мыла і, вярнуўшыся дахаты, доўга цёр яго пад цёплай вадой, пакуль ён не абярнуўся пад пальцамі ў танюткую плеўку, падобную да мятнага ледзяша, які вельмі доўга смакталі.

Але ўначы я раптам прачнуўся і ўбачыў яе твар, і вочы, якімі яна глядзела, калі я выняў гэтую штуку, і яе тлусты жывот, што падскокваў пры кожным кроку.

Які ж я быў дурань, сказаў я сабе. І адчуў горкія згрызоты: пакуль я быў там, я павінен быў стрэліць, прадзіравіць гэты жывот, як друшляк. Гэтаю ноччу і яшчэ тры ночы пасля мне ўвесь час сніліся шэсць маленькіх чырвоных дзірачак вакол пупа.

З таго часу я ўжо болей не выходзіў без рэвальвера. Я разглядаў у людзей спіны і па хадзе стараўся ўявіць, як бы яны ўпалі, каб я ў іх стрэліў. У мяне тады ўзнікла прывычка кожную нядзелю хадзіць да «Шатле» і чакаць заканчэння канцэрта класічнай музыкі. Недзе каля шостай гадзіны я чуў званок, білецёркі адчынялі вялікія зашклёныя дзверы і замацоўвалі іх кручкамі. І тут пачыналася: натоўп выходзіў паволі; людзі ішлі, нібы плылі, з вачыма, яшчэ поўнымі кроз, і сэрцамі, яшчэ поўнымі салодкіх пачуццяў. Многія здзіўлена азіраліся вакол: вуліца, напэўна, здавалася ім нейкаю шызаю. І тады яны загадкава ўсміхаліся: нібыта вярталіся з нейкага іншага свету ў гэты. А ў гэтым іх чакаў я. Я соваў правую руку ў кішэню і з усяе сілы сціскаў дзяржанне рэвальвера. Праз нейкі час я ўжо наяве бачыў, як пачынаю ў іх страляць. І яны сыпаліся, як гарох, падалі адзін на аднаго, а тыя, хто выжыў, у паніцы кідаліся назад у тэатр, у штурханіне разбіваючы ўшчэнт зашклёныя дзверы. Гэтая гульня мяне вельмі ўзбуджвала: урэшце ў мяне пачыналі дрыжаць рукі, і каб супакоіцца, я быў вымушаны ісці да Дэера выпіць порцыю каньяку.

Жанчын бы я не забіваў. Я страляў бы ім у задніцу. Ці па лытках — хай бы паскакалі.

На той час я нічога яшчэ канчаткова не вырашыў. Але размеркаваў рабіць усё так, нібы рашэнне прынятае. Перш за ўсё я пачаў з уладжвання розных пабочных дробязяў. Хадзіў практыкавацца ў тыр на кірмашы Данфер-Рашро. Праўда, мішэнямі сваімі не магу пахваліцца, але ж людзі — намнога лепшыя цэлі, асабліва калі страляць ва ўпор. І апроч таго — я заняўся самарэкламай. Я выбраў дзень, калі ўсе мае калегі сабраліся ў канторы. Гэта было раніцай у панядзелак. Я быў з імі падкрэслена прыязны — з прынцыпу, хоць мне рабілася пагана пры адной толькі думцы, што ім трэба будзе паціскаць рукі. Каб павітацца, яны здымалі пальчаткі, прычым у іх была нейкая пахабная манера распранаць руку — спачатку яны задзіралі пальчатку і потым паволі сцягвалі яе, торгаючы за пальцы і выстаўляючы напаказ галізну пакамечанай зморшчынкамі тлустай далоні. Я пальчатак не здымаў ніколі.

Раніцай па панядзелках рабіць асабліва няма чаго. Машыністка з гандлёвага аддзела прынесла нам тады квіткі ад рахункаў. Лёмэрсье далікатна з ёю пажартаваў, і потым, калі яна выйшла, яны са скептычнаю кампетэнтнасцю пачалі абмяркоўваць яе вартасці. Потым загаманілі пра Ліндберга. Ліндберг усім падабаўся. І я сказаў: