Выбрать главу

— А я дык, напрыклад, люблю чорных герояў.

— Гэта што — мурынаў? — спытаўся Масэ.

— Не, чорных — у тым жа сэнсе, што чорная магія. Ліндберг — светлы герой. Ён мяне не цікавіць.

— Ага, — з'едліва прамовіў Буксэн, — спачатку паспрабавалі б самі, ці лёгка пераляцець Атлантыку.

Я растлумачыў ім, як сабе разумею чорнага героя.

— Анархіст, — падсумаваў Лёмэрсье.

— Не, — мякка адмовіўся я, — анархісты таксама па-свойму любяць людзей.

— Ну, значыць, увогуле нейкі вар'ят.

У гэты момант слова ўзяў Масэ, які больш за іншых разумеў у літаратуры.

— Я ведаю, які тып вы мелі на ўвазе, — сказаў ён. — Яго звалі Герастрат. Яму вельмі карцела праславіцца, і ён не знайшоў нічога лепшага, як падпаліць Эфескі храм, адно з сямі дзівосаў свету.

— А як звалі архітэктара храма?

— Не памятаю, — прызнаўся Масэ, — па-мойму, яго імя наогул невядомае.

— Няўжо? А імя Герастрата вы, значыць, памятаеце? Як бачыце, яго разлік быў не такі ўжо благі.

На гэтых словах размова скончылася, але я быў спакойны: прыйдзе час, і яны яе ўспомняць. Што да мяне, дык гісторыя з Герастратам, пра якога я раней нічога не чуў, мяне падбадзёрыла. Больш за дзве тысячы гадоў мінула з таго часу, як ён памёр, а яго ўчынак яшчэ зіхцеў, як чорны алмаз. Я пачынаў верыць, што лёс у мяне будзе кароткі і трагічны. Спачатку гэта мяне спалохала, але потым я прызвычаіўся. Вядома, калі паглядзець на гэтае пытанне з пэўнага пункту, яно здаецца пачварным, але з іншага боку — гэта надае кожнаму імгненню нейкую асаблівую сілу і прыгажосць. Калі я выходзіў цяпер на вуліцу, я адчуваў ва ўсім целе незвычайную моц. Я заўсёды меў пры сабе рэвальвер, тую самую штучку, што выбухае і робіць грукат. Але ўпэўненасці мне цяпер надаваў не ён, я сам быў яе вытокам: я ўваходзіў у тую пароду істот, што самі па сабе рэвальверы, петарды і бомбы. І аднойчы на астатнім крэсе свайго змрочнага жыцця, я мусіў выбухнуць і асвяціць увесь свет кароткім і зыркім полымем, падобным да ўспышкі магнію. У той час некалькі ночаў запар мне сніўся аднолькавы сон. Я бачыў сябе анархістам, што стаіць на дарозе, дзе павінен праехаць цар. Пад вопраткаю ў мяне хавалася пякельная машынка. У вызначаны час картэж паяўляўся, бомба выбухала, і мы ўзляталі ў паветра — я, цар і тры абвешаныя золатам афіцэры — на вачах у ўсяго натоўпу.

Цэлымі тыднямі цяпер я не хадзіў у кантору. Я гуляў па бульвары, сярод маіх будучых ахвяр, ці зачыняўся ў пакоі і абдумваў планы. У пачатку кастрычніка мяне звольнілі. Тады ўвесь вольны час я прысвяціў складанню ліста, які перапісаў у ста двух экземплярах:

«Пане,

Вы вядомы пісьменнік, і вашыя творы выходзяць трыццацітысячнымі тыражамі. І я скажу вам — чаму: таму, што вы любіце людзей. Гуманізм сядзіць у вас у крыві, і гэта вялікая ўдача. У вас святлее душа, калі вы ў кампаніі. Як толькі вы бачыце падобнага да сябе, вы, нават яго не ведаючы, ужо адчуваеце да яго спагаду. Вам прыемна бачыць само яго цела, і тое, як яно зладжана, і якія ў яго ногі, і што іх можна свабодна расставіць ці звесці, і асабліва — рукі: вам падабаецца, што на іх на кожнай ёсць па пяць пальцаў і што вялікім можна дастаць другія. Вы адчуваеце нейкую асаблівую асалоду, калі ваш сусед бярэ са століка шклянку, бо ў самой гэтай манеры браць ёсць нешта чыста чалавечае, тое, што вы так часта апісвалі ў сваіх творах, — не такое спрытнае і не такое хуткае, як у малпы, але — ці ж не праўда? — настолькі болей разумнае, інтэлігентнае. Вам падабаецца нават плоць чалавека, нават яго манера ступаць — нібы ў цяжкапараненага, што аднаўляе страчаныя ім функцыі, гэты яго выгляд, з якім ён нібыта пры кожным кроку нанава выдумляе хаду, — ну і, вядома, яго славутыя вочы, погляд якіх не можа вытрываць звер. Менавіта таму вам было так лёгка знайсці той адпаведны тон, каб расказаць чалавеку пра чалавека, — крыху сарамлівы, але заўзяты і палкі. Людзі кідаюцца на вашыя кнігі, як на ласунак, чытаюць іх ва ўтульных фатэлях, думаюць пра тую вялікую, няшчасную і ціхую любоў, што вы ім несяце, і гэта іх шмат у чым супакойвае — у тым, што яны брыдкія, у тым, што яны подлыя і баязлівыя, што ім настаўляюць рогі і з першага студзеня не павялічылі жалавання. І пра ваш апошні раман кожны з задавальненнем кажа: гэта добры ўчынак.

Вам, я думаю, будзе цікава даведацца, што можа быць чалавек, які не любіць людзей. Дык вось, гэты чалавек — я, і я настолькі іх мала люблю, што зараз пайду і заб'ю недзе з паўтузіна. Вы, напэўна, падумаеце: чаму толькі паўтузіна? Ды таму, што ў маім рэвальверы ёсць толькі шэсць набояў. Вось жа якая пачварная жудасць, праўда? І апроч таго — учынак, які не мае ніякага дачынення да палітыкі? Але ж я вам кажу: я не магу іх любіць. Я выдатна разумею, што вы адчуваеце. Але тое, што вас у іх вабіць, — ува мне выклікае агіду. Як і вы, я, вядома, бачыў людзей, якія з вялікаю годнасцю і дасведчанасцю жавалі свой харч, гартаючы левай рукой эканамічны часопіс. Але ці ж мая віна, што я з большай ахвотай прысутнічаў бы на трапезе марскіх коцікаў? Чалавек нічога не можа зрабіць з сваім тварам, каб гэта адразу не абярнулася гульнёю фізіяноміі. Калі ён жуе, не разяўляючы рота, куточкі губ у яго падымаюцца і апускаюцца, і гэта надае яму такі выгляд, нібы ён безупынку пераходзіць ад стану ціхамірнае супакоенасці да плаксівага здзіўлення. Вам гэта падабаецца, я ведаю, вы называеце гэта пільнасцю Розуму. А мяне праз гэта нудзіць — я і сам не разумею чаму; такі ўжо я нарадзіўся.