Выбрать главу

Каб паміж намі была толькі гэтая розніца ў гусце, далібог, я б вам не дакучаў. Але ж усё паварочваецца так, нібы на вас ляжыць нейкая боская ласка, а ў мяне яе наогул няма. Я вольны любіць ці не любіць гамара па-амерыканску, аднак калі я не люблю людзей — я астатні нягоднік і мне няма месца пад сонцам. Яны захапілі сабе ўвесь сэнс жыцця. Спадзяюся, вы разумееце, што я хачу сказаць. Ужо трыццаць тры гады я паўсюль натыкаюся на зачыненыя дзверы, над якімі напісана: «Ходу няма ўсім, хто не гуманіст». Усё, за што б я ні браўся, я вымушаны быў пакінуць; і заўсёды можна было выбіраць нешта адно: або гэта былі бясплённыя і асуджаныя на правал намаганні, або рана ці позна яны мусілі зноў жа абярнуцца ім на карысць. Тыя думкі, якія я не адрасаваў непасрэдна ім, — я быў проста няздольны іх выказаць, не мог іх сфармуляваць, і яны так і заставаліся ўва мне, як нейкае невыразнае арганічнае варушэнне. Усё, чым бы я ні карыстаўся, — я адчуваў, што яно не маё — гэта іх; словы, напрыклад: я хацеў бы мець свае словы, мае. Але ж тыя, што ёсць у мяне, ужо я не ведаю колькі разоў былі зацухмоленыя ў свядомасці іншых, яны самі выстройваліся ў маёй галаве такім жа парадкам, як прызвычаіліся гэта рабіць у другіх, — і я не без прыкрасці карыстаюся імі, калі пішу вам гэта пісьмо. Але гэты ўжо раз — астатні. Я вам кажу: трэба любіць людзей, іначай гэта ўсё роўна, што каб яны дазволілі вам халтурыць. А я не хачу халтурыць. Я зараз вазьму рэвальвер, выйду на вуліцу і пагляджу, ці можна нешта зрабіць супраць іх. Бывайце, пане. Можа так здарыцца, што я сустрэну і вас. У такім выпадку вы ніколі не даведаецеся, з якой асалодай я пушчу вам кулю ў лоб. Калі ж мы не сустрэнемся — і гэта найбольш верагодны выпадак, — пачытайце заўтрашнія газеты. Там вы ўбачыце, што нехта, на імя Поль Ільбэр, у прыступе лютасці забіў на бульвары Эдгара Кінэ пяць мінакоў. Але вам лепш, чым каму, вядома, чаго вартая наша прэса. А значыць, вы зразумееце, што я ніякі не «люты». Наадварот, я вельмі спакойны і прашу вас, пане, запэўніцца ў маіх найлепшых пачуццях.

Поль Ільбэр».

Я ўсунуў сто два лісты ў сто два канверты і напісаў на канвертах адрасы ста двух французскіх пісьменнікаў. Потым паклаў усё ў шуфляду ў маім стале, разам з шасцю блокамі марак.

Наступныя два тыдні я амаль не выходзіў і ўсяго сябе прысвяціў клопату аб злачынстве. Я глядзеўся часам у люстра і з прыемнасцю адзначаў перамены ў сваім абліччы. Вочы ў мяне павялічыліся, яны праглыналі ўвесь твар. Пад акулярамі яны здаваліся чорнымі, мяккімі, і я прымушаў іх круціцца, як дзве планеты. Прыгожыя вочы артыста і забойцы. Але пасля забойства, як я меркаваў, ува мне павінны адбыцца яшчэ глыбейшыя змены. Я некалі бачыў здымкі дзвюх прыгожых дзяўчат, служанак, што забілі і абрабавалі сваіх гаспадынь. Я бачыў іх здымкі да таго і пасля. Да таго — іх твары над гафтаванымі каўнерчыкамі былі падобныя на дзве цнатлівыя кветкі. Ад іх павявала гігіенай і прывабліваю чысцінёй. Валасы былі сціпла завітыя ў аднолькавыя хвалістыя кудзеркі. Але яшчэ болей пераканаўчае, чым завітыя кудзеркі, чым каўнерчыкі і тыповы выгляд, з якім сядзяць на прыёме ў фатографа, было іх сястрынскае падабенства — падабенства настолькі незвычайнае, што ў вочы адразу кідаліся іх крэўныя сувязі і адзіны роднасны корань. Пасля — іх абліччы ўспыхвалі, як пажар. На іх голых шыях ужо ляжаў цень блізкай сякеры. Паўсюль — зморшчыны, жудасныя зморшчыны страху і нянавісці, і глыбокія складкі, як дзіркі ўва плоці, — нібыта па твары прайшоў пазурамі шалёны звер. І вочы, тыя самыя: вялізныя, чорныя, бяздонныя вочы — як у мяне. Але цяпер ужо яны былі непадобныя. На кожнай па-свойму адбіўся ўспамін пра агульнае ліхадзейства. «Калі ўжо такое злачынства, — падумаў я, — дзе найбольшая доля належыць выпадку, здольна так перайначыць гэтыя сіроцкія твары — чаго ж тады можна чакаць ад злачынства, якое цалкам задумана і арганізавана мной?» Яно завалодае мною цалкам і перакроіць ува мне ўсю занадта чалавечую брыдкасць... Злачынства рассякае жыццё таго, хто яго ўтварыў, напалам. Напэўна, бываюць хвіліны, калі здаецца, што лепш адступіць, але яно — тут, у вас за спінай, яно загароджвае дарогу назад, як чорны, бліскучы мінерал.