Выбрать главу

Мне патрэбна была гадзіна, болей я не прасіў, — адна гадзіна, каб нацешыцца сваім ліхадзействам, каб адчуць яго страшэнны цяжар. І я зраблю ўсё, каб яна ў мяне была: экзекуцыю я вырашыў здзейсніць у самым пачатку вуліцы Адэсы. Я скарыстаюся панікай і паспею ўцячы, пакуль яны будуць падбіраць свае трупы. Дзеля гэтага мне трэба будзе перабегчы на другі бок бульвара Эдгара Кінэ і адразу павярнуць на вуліцу Дэлямбр. Каб дабегчы да дзвярэй свайго дома, мне хопіць трыццаці секунд. Тыя, хто будзе за мною гнацца, будуць у гэты момант яшчэ на бульвары Эдгара Кінэ, яны страцяць мой след, і, каб зноў на яго напасці, ім яўна спатрэбіцца не менш за гадзіну. Я іх буду чакаць у сябе і, як толькі пачую грукат у дзверы, перазараджу рэвальвер і стрэлю сабе ў рот.

Цяпер я дазволіў сабе крыху раскашаваць; я дамовіўся з карчмаром на вуліцы Вавэн, і ён, уранку і ўвечары, пасылаў мне розныя смачныя стравы. Пасыльны званіў, але я не падыходзіў да дзвярэй, і толькі счакаўшы колькі хвілін, крыху адчыняў іх і бачыў пакінуты на пляцоўцы доўгі кош з поўнымі талеркамі, над якімі падымалася пара.

27 кастрычніка, а шостай гадзіне вечара, у мяне заставалася семнаццаць з паловай франкаў. Я ўзяў рэвальвер, пачак з пісьмамі і выйшаў. Дзверы я паклапаціўся не зачыняць, каб пасля, калі зраблю сваю справу, як мага хутчэй вярнуцца дадому. Адчуваў я сябе нядобра: у мяне стылі рукі, у галаве пульсавала кроў і ў вачах свярбела. Я паўзіраўся вакол, убачыў вітрыны, гасцініцу «Эколь», канцылярскую лаўку, дзе звычайна купляў алоўкі, — і нічога не пазнаў. «На якой гэта я вуліцы?» — спытаў я ў сябе. На бульвары Манпарнас быў натоўп. Людзі штурхалі мяне, пынялі, білі локцямі і ўдаралі плячыма. Мяне несла і гайдала чалавечая плынь, але мне не ставала сілы праслізнуць паміж імі. Раптам я, нібы збоку, убачыў сябе ў гэтым натоўпе — я быў такі мізэрны, такі страшэнна самотны. Як бы яны маглі зрабіць мне балюча, каб захацелі! Мне было страшна ад таго, што ў кішэні ў мяне рэвальвер. Мне здавалася, што зараз яны здагадаюцца, што ў мяне там. Яны паглядзяць на мяне строгім вокам і потым, нібы з жартаўлівым абурэннем, скажуць: «Ай-ай-ай... што ж гэта вы...» — і ўчэпяцца сваімі чалавечымі лапамі. Лінчаваць! Яны будуць падкідаць мяне над галовамі, і я буду зноў ападаць ім на рукі, як лялька. Я палічыў, што будзе разумней адкласці выкананне плана на заўтра. Я пайшоў абедаць у кавярню «Пад купалам», што каштавала мне шаснаццаць франкаў восемдзесят. Семдзесят сантымаў, якія ў мяне заставаліся, я выкінуў у ручай.

Наступныя тры дні я заставаўся ў сваім пакоі, нічога не еў і не спаў. Я зачыніў усе аканіцы і не адважваўся ні запаліць электрычнасці, ні падысці да акна. У панядзелак нехта працяжна пазваніў мне ў дзверы. Я затаіў дыханне і крыху счакаў. Праз хвіліну пазванілі зноў. Я на дыбачках падышоў да дзвярэй і прыпаў да замочнай шчыліны вокам. Мне ўдалося разгледзець толькі кавалак чорнай тканіны і гузік. Тып пазваніў яшчэ і спусціўся па лесвіцы: я так і не ведаю, хто гэта быў. Уначы мне сніліся незвычайныя свежыя сны, пальмы, цякла вада, па-над нейкім купалам раскінулася фіялетавае неба. Смагі ў мяне не было — час ад часу я піў з-пад крана над ракавінай. Але мне вельмі хацелася есці. Апроч таго, мне зноў прымроілася тая чарнявая шлюха. Гэта было ў нейкім замку, які я нібы збудаваў сабе на Чорных Плато, за дваццаць вёрст ад бліжэйшых вёсак. Яна была голая, і мы былі абсалютна адны. Прыгражаючы рэвальверам, я прымусіў яе стаць на калені і загадаў бегаць на карачках; потым прывязаў да слупа і пасля доўгіх тлумачэнняў, што зараз буду рабіць, зрашаціў яе кулямі. Гэты сон настолькі мяне ўсхваляваў, што я мусіў здаволіцца. Потым я нерухома ляжаў у змроку, і ў галаве ў мяне было пуста. Мэбля раптам пачала рыпець. Была пятая гадзіна раніцы. Я аддаў бы, здавалася, усё, каб пакінуць гэты пакой, але не мог выйсці на вуліцу, бо там былі людзі.

Настаў дзень. Есці ўжо не хацелася, але цяпер чамусьці я пачаў пацець: кашуля на мне была ўся мокрая. На дварэ ззяла сонца. І тады мне падумалася: «У зачыненым з усіх бакоў пакоі Ён зашыўся ў змроку. Вось ужо тры дні, як Ён не есць і не спіць. Нехта званіў у дзверы, але Ён не адчыніў. А хутка Ён выйдзе на вуліцу і заб'е». Я выклікаў у самога сябе страх. А шостай гадзіне вечара вярнуўся голад. Я шалеў ад злосці, як сляпы натыкаўся паўсюль на мэблю, потым запаліў святло ў пакоях, у кухні і ў прыбіральні, пачаў спяваць на ўсю глотку, вымыў рукі і выйшаў. Мне спатрэбіліся добрыя дзве хвіліны, каб закінуць у скрынку ўсе пісьмы. Я соваў іх пачкамі па дзесяць штук. Некалькі канвертаў, відаць, папсаваліся. Потым я прайшоў па бульвары Манпарнас і апынуўся на вуліцы Адэсы. Спыніўшыся каля люстра на нейкай крамцы, што гандлявала кашулямі, я ўбачыў свой твар і падумаў: «Гэта будзе сённяшнім вечарам».