Выбрать главу

Я стаў ля пачатку вуліцы Адэсы, непадалёк ад газавага ліхтара, і пачаў чакаць. Міма прайшлі дзве жанчыны. Яны трымалі адна адну пад ручку, і бландзінка казала:

— Яны завесілі дыванамі ўсе вокны, а паказ рабілі самі ж з тамтэйшай знаці.

— Яны там усе што — галота? — спытала другая.

— Не трэба быць галотай, каб пагадзіцца на працу, за якую штодзень плацяць па пяць луідораў.

— Пяць луідораў? — прамовіла брунетка, уражаная сумай. І, праходзячы каля мяне, дадала: — Дый ім, напэўна, было забаўна пахадзіць у строях сваіх продкаў.

Яны пайшлі далей. Мне было холадна, але па целе ручаямі ліў пот. Праз пэўны час я заўважыў, што да мяне набліжаюцца тры мужчыны; я даў ім прайсці: мне трэба было шасцярых. Той, што ішоў злева, зірнуў на мяне і шчоўкнуў языком. Я адвёў вочы.

У сем гадзін пяць хвілін з бульвара Эдгара Кінэ адна за адной выйшлі дзве групкі. Спераду ішлі мужчына з жонкай і двума дзецьмі. За імі — тры старыя кабеты. Я ступіў наперад. Жанчына, відаць, вельмі злавалася, яна ўвесь час тузала хлопчыка за руку. Мужчына прамовіў цягучым голасам:

— Як ужо ён мне абрыдзеў, гэты смаркач.

Сэрца ў мяне білася так моцна, што нават балелі рукі. Я рушыў яшчэ крыху наперад і знерухомеў, спыніўшыся перад імі. Праходзячы, мужчына сказаў:

— Прабачце.

Тут я ўспомніў, што зачыніў дзверы ў кватэру, і мне зрабілася прыкра: цяпер давядзецца траціць каштоўны час, каб іх адчыніць. Людзі прайшлі. Я павярнуўся і машынальна рушыў за імі. Але страляць мне ўжо не хацелася. Хутка яны згубіліся на бульвары ў натоўпе. Я стаў і абаперся спінаю аб сцяну. Я чуў, як прабіла восем гадзін, потым дзевяць. Я стаяў і паўтараў сам сабе: «Навошта забіваць усіх гэтых людзей, калі яны і так ужо мёртвыя». Мяне разбіраў смех. Падбег нейкі сабака і пачаў абнюхваць мне ногі.

Побач прайшоў тоўсты мужчына, тады я схамянуўся і пайшоў следам за ім. Я глядзеў на тлустую складку ў яго на патыліцы, якраз паміж капелюшом і каўнерам плашча. Мужчына крыху хістаўся з боку на бок і шумна дыхаў. Выгляд у яго быў каржакаваты. Я выняў рэвальвер: ён блішчаў і пёк холадам пальцы, мне агідна было на яго глядзець. Я ўжо не вельмі добра памятаў, што з ім мушу рабіць. Я пазіраў то на рэвальвер, то на мужчынаў карак. Складка на карку ўсміхалася мне, як усмешлівы кплівы рот. Я думаў, ці не выкінуць рэвальвер у рышток.

Раптам тып павярнуўся і раздражнёна зірнуў на мяне. Я крыху адступіў назад.

— Я хацеў у вас... спытаць...

Мне здалося, што ён мяне не слухае. Ён глядзеў мне на рукі. Перамагаючы сябе, я закончыў:

— Вы не можаце мне сказаць, дзе вуліца Гетэ?

У яго быў мясісты твар, вусны дрыжалі. Ён не адказаў. І працягнуў руку. Я адступіў яшчэ і сказаў:

— Я хацеў...

У гэты момант я зразумеў, што зараз пачну крычаць. Я не хацеў: і выпусціў яму тры кулі ў жывот. Ён упаў з нейкім ідыёцкім выглядам на калені, і яго галава скацілася на левае плячо.

— Падла, — сказаў я яму, — паскудная падла!

Я кінуўся ўцякаць, паспеўшы адно пачуць, як ён кашляе. Потым з-за спіны ў мяне данесліся крыкі і тупат. Нехта спытаў: «Што здарылася, яны б'юцца?» — і адразу пасля закрычалі: «Трымай забойцу! Трымай забойцу!» Я не ўразумеў, што ўсе гэтыя крыкі датычаць мяне. Але яны мне здаліся злавеснымі, як выццё пажарнай сірэны, калі я быў маленькі. Злавеснымі і трошкі пацешнымі. Я бег з усіх ног.

Але я зрабіў недаравальную памылку: замест таго каб бегчы па вуліцы Адэсы ў бок бульвара Эдгара Кінэ, я спускаўся па ёй да бульвара Манпарнас. Калі я гэта заўважыў, было ўжо надта позна: я быў у самым натоўпе. Людзі паварочвалі да мяне здзіўленыя твары (асабліва мне запомнілася аблічча адной вельмі нафарбаванай кабеты, на якой быў зялёны капялюш з гэткім кутасікам). Я ўсё яшчэ чуў, як дурні з вуліцы Адэсы крычаць у мяне за спінай: «Трымай забойцу!» Чыясьці рука лягла мне на плячо. І ўсё змяшалася ў маёй галаве: я не хацеў паміраць задушаны ў гэтым натоўпе. Я яшчэ двойчы стрэліў. Людзі завішчалі і расступіліся. Я ўляцеў у кавярню. Наведнікі ўскочылі, але ніхто не паспрабаваў мяне затрымаць. Я прабег праз усю доўгую залу і зачыніўся ва ўмывальні. У рэвальверы заставалася яшчэ адна куля.

Прайшоў пэўны час. Я вельмі задыхаўся і ледзь пераводзіў дух. Вакол было незвычайна ціха, нібыта людзі маўчалі знарок. Я падняў рэвальвер да вачэй і ўбачыў яго круглую чорную дзірку: адсюль вылеціць куля, і порах апаліць мне твар. Я апусціў руку і пачаў чакаць. Нарэшце я пачуў, як яны па-воўчы падкраліся да дзвярэй; калі меркаваць па шорганні ног, іх было, відаць, цэлае войска. Яны крыху пашапталіся і зноў змоўклі. Я ўсё яшчэ моцна дыхаў і думаў, што яны, за сцяной, таксама чуюць маё сапенне. Нехта паціху наблізіўся і пакратаў дзвярную ручку. Ён стаяў, пэўна, збоку, прыляпіўшыся да сцяны, каб не трапіць пад кулі. І ўсё роўна ў мяне ўзнікла пякучае жаданне стрэліць — але астатняя куля была мая.