«Чаго яны чакаюць? — падумаў я. — Каб яны кінуліся на дзверы і адразу высадзілі іх, я не паспеў бы нават застрэліцца, яны схапілі б мяне жывога». Але яны не спяшаліся, яны давалі мне поўную магчымасць памерці. Падлы! Ім было страшна.
Праз пэўны час я пачуў голас:
— Гэй, адчыняйце, вам не зробяць нічога благога.
Запанавала маўчанне, і той жа голас сказаў:
— Вы ж разумееце, што вам не ўдасца ўцячы.
Я не адказаў, я па-ранейшаму задыхаўся. Каб надаць сабе смеласці стрэліць, я паўтараў увесь час: «Калі яны мяне возьмуць, яны мяне будуць біць. Яны выб'юць мне зубы, а можа, і вока». Мне вельмі хацелася ведаць, ці памёр той таўстун. Можа быць, я яго толькі параніў... а дзве іншыя кулі, можа быць, зусім не зачапілі нікога... Яны нешта там рыхтавалі; па-мойму, яны цягнулі па падлозе нейкую цяжкую рэч? Я хутчэй сунуў рулю ў рот і моцна яе закусіў. Але я быў няздольны стрэліць, я не мог нават пальца пакласці на курок. Усё зноў ахінулася ў цішыню.
Тады я адкінуў убок рэвальвер і адчыніў ім дзверы.
Жорж Сімэнон
Пад страхам смерці
I
Першае пасланне, паштоўка з каляровай выяваю палаца Негуса* ў Адыс-Абебе і эфіопскай маркаю, было, як, зрэшты, і ўсе наступныя, лаканічнае:
«Вось я цябе і знайшоў, сабака. Пад страхам смерці, прыгадваеш?
Твой даўні знаёмы Жуль».
* Негус — тытул імператара ў Эфіопіі да скасавання манархіі.
Аскар Лябро атрымаў гэтую паштоўку праз колькі тыдняў пасля вяселля дачкі. У той час ён уставаў штодня ў пяць гадзін раніцы і выходзіў на сваёй лодцы ў мора лавіць рыбу. Вяртаўся ён зазвычай гадзін у адзінаццаць, амаль заўсёды акурат пасля таго, як у дом да яго прыносілі пошту.
Пакідалі яе на століку ў калідоры.
У гэты самы час пані Лябро прыбірала пакоі на другім паверсе.
Ці спускалася яна тады ўніз, ці заўважыла гэтую надта ўжо маляўнічую паштоўку? Ва ўсякім выпадку, мужу, калі ён вярнуўся, яна не сказала нічога. І твар у яе быў спакойны — дарэмна пан Лябро падоўгу прыглядаўся да жонкі.
А ці прачыталі, думаў Лябро, гэтае больш чым дзіўнае паведамленне сам паштальён і сарціроўшчыца пошты панна Марта?
Пан Лябро яшчэ выйшаў у мора некалькі разоў, але вяртаўся цяпер ужо раней, а дзесятай гадзіне, і сам заходзіў на пошту — якраз тады, калі панна Марта заканчвала сарціраваць карэспандэнцыю.
— Мне што-небудзь ёсць? — пытаўся ён, пільна ўглядаючыся ў дзяўчыну.
— Газеты і праспекты, пан Лябро. Ліст ад вашай дачкі...
Выдавала на тое, думаў з хваляваннем Лябро, што за работаю яна ўсё ж такі паспявала разгледзець як след канверты, прачытаць, што на іх напісана.
Нарэшце праз два тыдні прыйшла новая паштоўка. Падаючы яе пану Лябро, дзяўчына ўсміхнулася.
— А гэта ад таго самага дзівака...
Значыцца, Марта прачытала і першую паштоўку.
Другая паштоўка, з выяваю залітага сонцам марскога вакзала, была даслана ўжо з Джыбуці.
«Чакай, свіное рыла. Неяк сустрэнемся. Пад страхам смерці, будзь упэўнены.
Прывітанне ад Жуля».
— Ён сябар ваш, што так жартуе?
— Не надта ён дасціпна гэта робіць, — адказаў пан Лябро.
Але так ці інакш, гэты Жуль наблізіўся да яго...
Праз месяц прыйшла трэцяя паштоўка — з выяваю порта. Гэтая была з Порт-Саіда — у сваёй вандроўцы Жуль пасоўваўся на поўнач, спакваля падбіраючыся да адрасата.
«Бачыш, я цябе не забываю. Пад страхам смерці, прыяцель. У самы раз цяпер табе гэта сказаць, га?
Твой кончаны Жуль».
З гэтага дня пан Лябро зусім перастаў выходзіць у мора. Плыць ад Порт-Саіда да Марселя ўсяго толькі чатыры ці пяць дзён, а ўжо адтуль да Паркэроля, астраўка, на якім жыў пан Лябро, дабірацца некалькі гадзін.
Цяпер кожны дзень у восем гадзін раніцы можна было ўбачыць, як пан Лябро выходзіў з дому ў накінутым на піжаму халаце і ў пантофлях на босую нагу. Калі Паркэрольская плошча з яе чысцюткімі рознакаляровымі домікамі — адна з сама прыгожых у свеце, дык дом пана Лябро, які пазнавалі здалёк па вялікай верандзе ў чырвонай герані, — сама пекны на гэтай плошчы.