А госці не адрывалі вачэй ад былога караля. Гэтыя пільныя, пякучыя позіркі зусім дабівалі і без таго стомленага чалавека. Ён стаяў пасярод натоўпу гэтых сытых самазадаволеных людзей, як стаіць засохлае дрэва ў квітнеючым садзе...
— Віскі, — грудным голасам папрасіў герцаг.
Роўна сем разоў паўтарыў ён гэтае слова і завяршыў абед двума фужэрамі шампанскага, пасля чаго шчочкі яго запунсавелі, а ў вачах з'явіліся жывыя іскрынкі. Матуар, думаючы, што яму ўжо ўдалося заваяваць душу і сэрца манарха, лісліва ўсміхнуўся: «Ваша светласць, для нас такі гонар, што Вы сёння з намі...» Герцагіня стаяла ля акна і паглядала на сад.
— Такі прыгожы садок, ці не так, мадам, — праспяваў міністр культуры.
— Герцагіня! — паклікаў герцаг Рауль.
Герцагіня павярнулася да яго.
— Герцагіня, ужо сем гадзін. Вы прасілі мяне папярэдзіць Вас, калі будзе сем. Ужо сем гадзін.
Герцагіня падала мужу сваю руку, і яны выйшлі з залы. А Матуар сказаў жонцы зайсці да яго ў кабінет.
— Ну як?
— Што табе сказаць. Апранута яна... так сабе... старамодна...
— Ды я не пра тое! Ці не здаецца табе, што за тыя грошы, якія мы ім заплацілі, яны маглі б пабыць і даўжэй?!
— Сільвен, дарагі, сёння ж хрэсьбіны, а не вяселле...
— Ну, тады я табе вось што скажу: калі Палета будзе выходзіць замуж, няхай яны на мяне не разлічваюць! Няхай іх наймае хто іншы! Няма дурных! І Палеце, калі падрасце, пра гэта — ні слова! Нават фатаграфіі не паказвай!.. Падумаць толькі! Плаціць за іх больш, чым за доктара! О-о, стары дурань!.. Але я такі яго ўеў, памятаеш: «Ваша светласць...» І ён прыкмеціў гэта!
— А ўсё ж такі, — уздыхнула мадам Матуар, — выгляд у яго невясёлы...
П'ер Буль
Загадкавы святы
Блізкай сяброўцы, чый заўжды неспакойны дух
міласэрнасці натхніў мяне на гэтую жудасную гісторыю
1
Незнаёмы дабраўся да лепразорыя, калі сонца апускалася над далінай. Ішоў ён неяк няроўна. Падымаючыся па схіле Гары Хворых, ён то ледзь перастаўляў ногі, апусціўшы плечы і нахіліўшы галаву, нібы зусім знясілены, то выпростваў сваё доўгае цела і паскараў хаду. Тады здавалася, што ён перамагаў стому напружаннем волі, незвычайную сілу якой выдавалі рысы ягонага твару, нібы яму было вельмі важна без спазнення дабрацца да мэты сваёй вандроўкі. Хоць было горача, на ім была доўгая, да пят, карычневая хламіда з воўны. Яго твар быў брудны ад поту і пылу. Каля крыжа, што пазначаў мяжу ўладанняў праказы, ён прысеў на камень, выпусціў з рук свой кій, на канцы якога матляўся невялічкі клуначак з пажыткамі, і, зняможаны, нейкі час сядзеў нерухома, цяжка дыхаючы.
Праз хвіліну ён быў на нагах, даўжэзны цень ад яго постаці падаў на зямлю паралельна ценю крыжа, яго вочы гарэлі, хударлявы скуласты твар раптам прасвятлеў. Непадалёку, каля агароджы, якою быў абнесены манастыр і невялічкі пасёлак пры ім, ён заўважыў брата Роза, які глядзеў на захад сонца, перад тым як ісці званіць да вячэрняй імшы.
Брат Роз і абат былі апошнія манахі, што засталіся ў лепразорыі. Як любіў паўтараць лекар Жан Маяр, праказа забівае павольна, але памалу яна дала рады ўсім манахам, апроч тых, хто памёр ад старасці. Тыя, што прыйшлі сюды, калі заснавалася калонія, за часамі караля Луі Святога*, паўміралі, і даўно ўжо ніхто не прыходзіў ім на змену. Брат Роз быў адзін з апошніх прадстаўнікоў той кагорты. Ён прыйшоў сюды зусім малады, недзе на пачатку стагоддзя. Праказу ён падхапіў шмат гадоў пазней, і яго моцны сялянскі арганізм упарта змагаўся з хваробай. У шэсцьдзесят гадоў праказа яшчэ не апанавала яго, хоць адзнакі яе выразна былі відаць на руках і твары. Усё яшчэ жвавы, брат Роз быў неабходны лепразорыю чалавек. Ён дапамагаў абату пад час службы, званіў да малітвы, даглядаў ляжачых хворых, насіў лекі за доктарам, назіраў, як абрабляліся палі, а таксама хаваў нябожчыкаў, бо хоць праказа і сапраўды забівала павольна, але рэгулярна.
* Луі Святы — кароль Францыі Луі IX (1226-1270), з дынастыі Капетынгаў, быў вядомы сваёй рэлігійнасцю.
Незнаёмец перасек пазначаную крыжам мяжу і хуткімі крокамі наблізіўся да брата Роза, які здзіўлена назіраў за ім. Непадалёк ад манаха чалавек раптам спыніўся, і на яго твары з'явіўся дзіўны выраз незадаволенасці, быццам ён, разгледзеўшы наплечнік* і сутану, быў расчараваны нечаканай сустрэчай. Аднак уважліва ўгледзеўшыся, ён убачыў на твары брата Роза знакі, якія тым часам гаварылі самі за сябе: прыпухлыя павекі і надброўныя дугі, такія ж губы, тоўсты расплылы нос, гладкі, быццам рагавы, лоб, пакрыты падобнай да мякіны луской чэрап. Гэтыя сімптомы, што выклікалі ў кожнага агіду і жах, здаецца, супакоілі яго, вочы ў яго зноў загарэліся, а скулы пачырванелі ад дзіўнай узбуджанасці.