Выбрать главу

Лябро не было чаго сказаць у адказ. Не стане ж ён сцвярджаць адваротнае: гэта была б няпраўда.

Пастукаўшы па драўлянай назе, Жуль сказаў:

— Там я нагу і пакінуў...

Лябро не асмеліўся нават спытацца, як гэта здарылася: ці яе адкусіў кракадзіл, ці гэта вынік якойсьці інфекцыі.

— З таго часу што толькі я ні рабіў, каб не здохнуць з голаду... Ты не думаў, чаму я не выправіўся да цябе напрасткі адразу ж пасля першай паштоўкі?.. Да цябе з Адыс-Абебы не так ужо і доўга дабірацца... А таму, што ў кішэні ў мяне не было ніводнай манеты, і я павінен быў увесь час адкладваць нашу сустрэчу, каб зарабіць на хлеб і дарогу... З гэтым паленам, ты разумееш? — зноў дакрануўся Жуль да драўлянай нагі.

Але цяпер позірк у яго не быў ужо такі пагрозлівы, як гадзіну назад. Часам, гледзячы на іх, можна было сказаць, што гэта сядзяць старыя сябры.

Раптам Жуль прыўзняўся, нагнуўся над Лябро і, схапіўшы яго за каўнер халата, прахрыпеў:

— Яшчэ пляшку!.. Але, я п'ю... І ты будзеш піць са мною кожны раз, як я таго захачу... Не так ужо і шмат я патрабую, га?.. А што ў цябе з вокам?

— Няшчасны выпадак, — адказаў Лябро, усё роўна як саромеючыся таго, што не страціў гэтае вока ў тым самым лесе, у якім Жуль страціў нагу.

— Які выпадак?

— Адкаркоўваў бутэльку... Бутэльку з воцатам, жонка папрасіла... Рыльца адскочыла, і асколак шкла трапіў у вока...

— Ну і ну!.. А ты доўга яшчэ заставаўся ў Афрыцы?

— Дзевяць гадоў... Усяго тры кантрактныя тэрміны па тры гады, разам з адпачынкам. Пасля мяне перавялі ў Марсель.

— Тут ты і стаў вялікім начальнікам? Дырэктарам, здаецца?

— Намеснікам дырэктара... Пяць гадоў назад я пайшоў на пенсію, з-за вока...

— Багаты, мусіць?.. Грошы, відаць, не лічыш...

У Лябро з'явілася надзея. А што, калі адкупіцца грошамі? Чаму не? Нават пасля суда, калі выносяць смяротны прысуд, і то не заўсёды вядуць на гільяціну. Ёсць катарга, турма, штраф, нарэшце.

Чаму б не заплаціць штраф?

Але адначасна з надзеяй прыйшла і трывога. Лябро не ведаў апетытаў гэтага аднаногага і баяўся назваць першы суму, на якой яны маглі б пагадзіцца.

— Жыву няблага, — адказаў асцярожна Лябро.

— Рэнту ж маеш! Які пасаг даў ты за Івонаю?

— Хацінку ў Гіеры.

— А ў цябе яшчэ ёсць такія хацінкі?

— Ёсць... Дзве. Невялікія...

— Ты, напэўна, скупы?

— Не ведаю...

— Зрэшты, гэта не мае значэння, бо нічога не мяняе...

Што ён хацеў гэтым сказаць? Што яму не патрэбныя грошы? Што прагне выканаць свой колішні прысуд?

— Ты разумееш, Аскар, я, калі ўжо што вырашыў, ніколі не перадумваю. Слова даю адзін толькі раз! Хіба што цяпер у мяне ёсць час...

Але, думаў Лябро, гэта не сон, а праўда. І плошча — хоць і цьмяна ён яе бачыў цяпер — стаіць на месцы. І галасы ў кавярне і на тэрасе былі знаёмыя.

Праходзячы міма кавярні па вуліцы, Віяль, босы, з сеткаю на спіне, спыніўся і крыкнуў:

— Пан Лябро! Лодка ў парадку!

— Дзякуй, Віяль, — адказаў машынальна Лябро.

Ніхто, вядома, і не падазраваў, што ён, іх добры знаёмы, былы іх мэр і паважаны на выспе чалавек, — асуджаны на смерць. І якім чынам асуджаны — горш ужо і не прыдумаеш!

У судзе хоць ёсць адвакаты. Журналісты, якія даюць у друку паведамленні аб ходзе працэсу. Нарэшце, рашэнне суда можна абскардзіць. І апошні злачынца можа выклікаць спачуванне ці нават нейкія сімпатыі. А тут...

— Урэшце, гэта будзе залежаць ад таго, што за жыццё будзе ў мяне на тваёй выспе, ты разумееш?

Не, Лябро нічога не разумеў. Бачыў адно, як зноў наліваў яму Жуль у шклянку віно. Няўмольны погляд прымусіў паднесці шклянку да вуснаў і зноў піць...

А Жуль ужо крычаў:

— Жажо, паўтарыць!

Лябро зусім атупеў. Пяць бутэлек — гэта ўжо занадта. Ды яшчэ раніцай! Ён ніколі і за тыдзень столькі не выпіваў. Страўнік у яго яшчэ з Афрыкі быў не ў парадку.

— А нумар мой нічога, га? — спытаўся Жуль. — Спадзяюся, плошчу з яго відаць?

— Вядома... Пайду скажу Марысу...

З'явіўся шанц хоць на якую хвіліну адысці ад гэтага невыноснага тыпа, пастаяць аднаму ў цяньку, перадыхнуць крыху ад яго няўмольнага, здзеклівага позірку. Але толькі Лябро прыўзняўся, як аднаногі паклаў яму на плячо сваю цяжкую, бы свінцовую, руку.

— Паглядзім яшчэ... Мажліва, мне тут спадабаецца, і тады нам хопіць часу на сёе-тое...

Ці ж не давалі гэтыя словы хоць якую надзею?

— Не думай пра гэта, Аскар. Ты яшчэ мяне не ведаеш.

Лябро не сказаў ні слова. Твар у яго быў абсалютна нерухомы, а вочы, дакладней, вока праз цёмныя акуляры ніяк нельга было разгледзець.