Выбрать главу

Дык як тады ўгадаў аднаногі, пра што ён думае?

— Я ж сказаў: «Пад страхам смерці» — хіба не так? Га?.. Але пакуль што, у чаканні прысуду, нішто не перашкаджае нам пазнаёміцца трохі бліжэй. Урэшце, мы ж зусім не ведаем адзін аднаго... Дык праўда, што твая жонка не надта памяркоўная?.. Іду ў заклад, што яна намыліць табе шыю, бо ты смярдзіш шынком і праседзеў тут да паўдня... У піжаме... А дзіўна, братка, бачыць цябе ў такім выглядзе ў гэты час... Жажо!..

— Я малю вас...

— Апошняя... Пляшку, Жажо!.. Што я табе казаў?.. А, што ў нас ёсць час пазнаёміцца бліжэй... Рыбу разам палавіць... Ніколі не было на гэта ні часу, ні магчымасці... Заўтра ты мяне навучыш... Як тут, бярэ?

— Бярэ.

— І ў цябе?

— І ў мяне... Як і ў іншых...

— Ну, і мы пойдзем на рыбалку... Возьмем з сабою віна... Ты гуляеш у шары?.. Выдатна, я так і думаў... Навучыш і мяне... Мы час марнаваць не будзем!.. За тваё здароўе!.. «Пад страхам смерці», не забывай... А цяпер я пайду спаць...

— Не пад'еўшы? — спытаўся збянтэжаны Лябро.

— Крошка Жажо прынясе мне снеданне ў нумар...

Ён устаў, уздыхнуў і, хістаючыся, рушыў да дзвярэй, у якія так і не патрапіў. Нехта засмяяўся, і Жуль раз'юшана агледзеў прысутных.

— Паклапаціся, Аскар, каб такога больш не было, — сказаў ён Лябро.

Пасля прайшоў праз усю залу на кухню, падняў, ні на кога не звяртаючы ўвагі, накрыўку з рондаля і гучна загадаў:

— Мне ў нумар!

— Зараз, пан Жуль!

У кавярне было чуваць, як ён стукаў драўлянай нагою па прыступках, пасля па падлозе. Мяркуючы па гуку, які данёсся з ягонага нумара, ён адразу ж, не раздзеўшыся, упаў на ложак.

— Адкуль ён? — спытаўся Марыс, спусціўшыся ў кавярню. — Калі гэты тып збіраецца тут заставацца...

Лябро перапыніў яго, пераймаючы тон Жуля, каб і слова супраць сказаць было нельга:

— Застанецца дык застанецца.

Пасля чаго выйшаў з кавярні і накіраваўся дамоў праз плошчу. На ганку яго чакала жонка. Лябро, хоць і сціснуў у кулак усю сваю волю і не зводзіў з жонкі вачэй, зрабіў усё ж некалькі добрых кругоў.

— Што гэта цябе так разабрала? Што ты робіш у кавярне ў такіх строях? — паказала яна на ягоныя піжаму і пантофлі. — Мне распавядалі, быццам нейкі тып перарэзаў трос у тваёй лодкі. Хто ён?

Лябро не мог адказаць на ўсе пытанні адразу і таму адказаў толькі на апошняе:

— Гэта сябра. — І дадаў, націскаючы на склады са стараннасцю п'янага чалавека, які хоча здавацца цвярозым: — Гэта мой лепшы сябра... Больш чым сябра... Гэта брат, ты чуеш?.. Я не дазволю нікому...

У пяць гадзін дня ў нумары, дзе спыніўся новы пастаялец «Ноевага каўчэга», усё яшчэ было ціха.

Калі ў той самы час звычайныя партнёры пана Лябро па гульні ў шары пастукаліся ў дзверы ягонага дома, выйшла да іх гаспадыня.

— Тс-с! — ціха сказала яна. — Ён спіць. Вельмі стаміўся сёння...

III

Кожны наступны дзень яны выходзілі зранку ў мора. Лодка мерна пагойдвалася на лагодных хвалях. У гэты час мора заўсёды было спакойнае, гладкае, бы атлас, — брыз падымаўся толькі праз некалькі гадзін пасля ўсходу сонца. І марскі лазурак, і нябесная сінь так і пераліваліся дзівоснымі вясёлкавымі адценнямі. А непадалёк ад «Люстраной шафы», за колькі сотняў метраў ад мыса, бы снег, бялела высачэзная скала Мэд.

Спадзяванні аднаногага спраўдзіліся: ён усур'ёз захапіўся рыбалкаю. Часцей за ўсё Жуль сам будзіў Лябро свістам гадзін у пяць раніцы.

— Не забудзь узяць вінца! — напамінаў ён кожны раз.

Сеўшы ў лодку, Лябро заводзіў маторчык, і «Люстраная шафа», ірвануўшыся з месца, ускаламучвала ваду, пакідаючы шумны след уздоўж пляжаў і бухтаў да самай скалы Мэд, непакоіла сваім гудзеннем ціхі світанак.

— Насадзі мне новую піяду! — раз-пораз гучна загадваў Жуль.

Як прынаду на Паркэролі выкарыстоўвалі ракаў-адзінцоў, па-тутэйшаму піядаў. Ракавіны, у якіх сядзелі піяды, даводзілася разбіваць малатком або каменем.

Жуль гадзіўся нават дакранацца да ракавін. Насаджваць ракаў на кручок стала работаю аднаго Лябро. Рака нельга было параніць, і таму апрацоўка ракавіны вымагала вялікай далікатнасці, так што самому Лябро рыбу лавіць часу амаль не заставалася. Скручваючы цыгарку, Жуль кідаў на яго позірк.

— Як ты думаеш, Аскар: мне здалося, што...

Кожнага дня яму прыходзіла ў галаву якая-небудзь новая ідэя, звязаная са спосабам смяротнага пакарання Лябро, і ён абмяркоўваў яе з ім у сама зычлівым тоне, усё роўна як давяраў сябру.

Аднаго разу ён сказаў:

— Спачатку я думаў задушыць цябе. Ведаеш чаму?.. Бо неяк у бары, не памятаю ўжо дзе, адна жанчына сказала мне, што ў мяне рукі забойцы, які ўжо задушыў не аднаго чалавека. Дык цяпер добры выпадак паспрабаваць, га?..