Ён прыглядаўся да шыі Лябро, пасля пазіраў на свае рукі, круціў галавою.
— Не, наўрад ці я буду душыць цябе...
Перабіраў уголас усе магчымыя варыянты смяротнага пакарання.
— Калі я цябе ўтаплю, ты будзеш такі непрыгожы ў труне... Мне агідна пра гэта думаць... Ты калі-небудзь бачыў тапельца, Аскар?.. А цябе ж і цяпер прыгажуном не назавеш...
Апусціўшы вуду ў ваду, ён нерваваўся, калі не торгала хоць пяць хвілін. І тады Лябро, які ўжо даўно перастаў маліцца, пачынаў прасіць Бога, каб той паслаў Жулю рыбы, бо баяўся, што той разлюбіць рыбалку і... Страшна было падумаць, што тады можа здарыцца...
— Скажы, Аскар... Не, дай мне спярша пляшку... Час ужо...
З кожным днём ён пачынаў піць усё раней і раней.
— А ведаеш, справа ўсё больш ускладняецца. Раней я думаў, што заб'ю цябе і не мае, урэшце, значэння, як я гэта зраблю, бо як ужо выйдзе ўсё, так яно няхай і будзе... Ты разумееш, што я хачу сказаць? У мяне не было асаблівых прычын чапляцца за жыццё... Урэшце, магу табе прызнацца, што мне было б нават цікава трапіць у турму, каб вакол мяне ўсчаўся ўвесь гэты гвалт: паліцыя, суддзі, журналісты, прыгожыя дамы ў зале суда... Грандыёзны быў бы працэс, га?.. Я расказаў бы ім усё, што ёсць у мяне на сэрцы... А чаго толькі там няма — аднаму Богу вядома!.. Упэўнены, галаву мне не адсеклі б... А ў турме мне было б не так ужо і блага... Але ўяві: цяпер я зноў адчуў смак жыцця... Што ўсё і ўскладняе, бо цяпер мне трэба, каб я забіў цябе і мяне не сцапалі... Тры ці чатыры спосабы пракруціў я ўжо ў сваёй галаве — ад самага пачатку да самага канца... Гадзінамі думаю... Дзіва, дый годзе... Прадумваю кожную дэталь, спрабую прадугледзець любы магчымы паварот... І толькі пачне ўжо здавацца, што ўсё гладка, ды тут раптам — ба-ба-ах! Нейкая драбяза нішчыць увесь план...
На якісьці час ён змоўк, пасля абсалютна спакойна спытаўся ў Лябро:
— Ну а як бы ты ўзяўся за гэтую справу, га?..
З дня яго з'яўлення на выспе прайшло ўжо амаль тры тыдні. Лябро ўжо прызвычаіўся да такіх размоў. Якраз у той самы момант ён даставаў з вады добрую, ці не кілаграмовую скарпену.
— А можа, не трэба мяне забіваць? — асцярожна спытаўся ён у адказ.
Жуль здзіўлена, нават дакорліва паглядзеў на яго.
— Ну, сам падумай, Аскар... Ты ж выдатна ведаеш, што я напісаў: «Пад страхам смерці...»
— Гэта было так даўно...
Жуль стукнуў кулаком па сваёй драўлянай назе:
— А хіба я адмяняў свой прысуд?
— Мы тады яшчэ не былі знаёмыя...
— Ну і што?.. Дык тым больш, што знаёмыя!.. Не, галубок!.. Трэба, каб я знайшоў добры спосаб... Відаць, зраблю гэта ўсё ж такі ў моры... Хто тут можа бачыць нас цяпер?.. Ніхто. Ты плаваць умееш?
— Трошкі.
Лябро адразу ж пашкадаваў, што сказаў гэтае «трошкі», якое магло канчаткова падштурхнуць Жуля да здзяйснення задуманага. І асцярожна зазірнуў свайму кату ў вочы.
— Я заўсёды няблага плаваў...
— Але ты не зможаш плыць, калі атрымаеш добры ўдар па галаве... І слядоў пасля майго ўдару не застанецца... Трэба, каб я навучыўся кіраваць лодкаю, бо буду ж вяртацца на бераг адзін... Насадзі ж мне новую піяду!
Калі не торгала і Жуль быў у кепскім настроі, ён зусім ужо дапякаў Лябро.
— Ты, мусіць, думаеш купіць мяне тым, што будзеш карміць і паіць? Га?.. А ўвесь час лічыш, колькі я выпіў пляшак... Ты сквапны, Аскар! І эгаіст. А баязлівец які! Памерці нават прыгожа не зможаш. Ведаеш, што я табе скажу? Ты мне агідны. Дай выпіць...
Трэба было піць разам з ім. Лябро жыў усё роўна як у нейкім кашмары — аглушаны віном ужо з дзесяці гадзін раніцы і п'яны ўшчэнт апоўдні. А Жуль нават праспацца яму не даваў пасля гэтага, будзіў у чатыры-пяць гадзін дня, каб ісці гуляць на плошчу ў шары.
Гуляць ён не ўмеў зусім, але ўпарта імкнуўся выйграць. Спрачаўся пасля кожнага ўдару, вінаваціў іншых гульцоў у махлярстве. А калі хоць хто-небудзь з прысутных дазваляў сабе зрабіць заўвагу або ўсміхнуцца, Жуль кідаў тады шалёныя позіркі на Лябро.
— Спадзяюся, што ты перастанеш урэшце сустракацца з гэтым тыпам? — казала пані Лябро. — Думаю, гэта не ты плаціш за віно, якое вы, кажуць, літрамі смокчаце?..
— Ды не... Не я...
Ведала б яна, што ён плаціў не толькі за віно, але і за пражыванне Жуля ў «Ноевым каўчэзе», у тым ліку і за сталаванне!
— Паслухайце, пал Лябро, — казаў яму гаспадар гатэля Марыс. — Усялякія кліенты ў нас былі. Але гэты зусім навыносны. Учора ўвечары ён пагнаўся ў калідоры за маёю жонкаю... Пазаўчора — за Жажо. Цяпер дзяўчына адмаўляецца заходзіць да яго ў пакой... Ён падымае нас сярод ночы, грукоча сваёю драўлянкаю па падлозе, каб запатрабаваць шклянку вады і таблетку аспірыну... Лямантуе з любой нагоды, адсылае назад ежу, якую ён, ці бачыце, не ўпадабаў... Адбівае, словам, ад гатэля пастаяльцаў... Я так больш не магу...