Выбрать главу

— Я прашу цябе, Марыс... Калі толькі ты паважаеш мяне, як сябра...

— Дзеля вас я ўсё гатовы зрабіць, пан Лябро... Але не дзеля гэтага аднаногага, не...

— Пацярпі яго яшчэ два тыдні...

Два тыдні... Тыдзень... Трэба было выйграць час... Пазбегчы смерці... А яшчэ прыходзілася штодня па некалькі разоў улагоджваць гульцоў у шары: людзі адмаўляліся гуляць з гэтым нахабным шаленцам, які няспынна сварыўся і кляў кожнага, не лезучы за словам у кішэню...

— Трэба табе пагуляць сёння, Віяль... І Герсі папрасі прыйсці... Скажы яму ад майго імя, што гэта вельмі важна... Проста неабходна, каб ён сёння прыйшоў...

Плакаць хацелася ад такой абразы. Іншы раз Лябро казаў сам сабе, што Жуль — вар'ят. Але гэта нічога не мяняла. Не мог жа ён запраторыць свайго нязванага госця ў вар'ятню?

Ён нават не мог пайсці ў паліцыю і заявіць, што гэты чалавек пагражае яму смерцю.

Перш за ўсё таму, што ў яго не было ніякіх доказаў. Не паштоўкі ж паказваць — абсмяялі б адно. Па-другое, яго мучыла сумленне. Бо Жуль такі, як ён ёсць цяпер, быў, можна сказаць, яго ўласным творам. Хто ж, як не ён, Лябро, быў адказны за ўсе тыя рысы, якія набыў Жуль разам са стратаю нагі і веры ў людзей?..

Але няўжо ён павінен быў даць забіць сябе?.. Павінен, што яшчэ горш, жыць тыдзень за тыднем, мажліва, месяц за месяцам (гэта калі пашанцуе) з думкаю, што ў любую гадзіну, у сама нечаканы момант Жуль скажа яму сваім адначасна і зычлівым і здзеклівым голасам: «Час прайшоў, Аскар...»

А Жуль быў садыст, якіх пашукаць. Дбайна падкідаў і падкідаў дровы ў вогнішча страху свайго колішняга злосніка. Варта было Лябро супакоіцца крыху хоць на якую хвілінку, як Жуль адразу ж казаў ліслівым голасам:

— А што, калі мы гэта зробім зараз?..

Яшчэ гэтае сапраўды езуіцкае «мы»! Нібыта ён, Лябро, даў ужо яму сваю згоду і самахоць пойдзе на смерць.

— Павер мне, Аскар, я пастараюся зрабіць усё так, каб ты пакутаваў як мага меней... Не такі ўжо я і жорсткі, як можаш ты думаць... Усё гэта зойме хвіліны тры, сама больш...

Лябро заставалася адно ўшчыкнуць сябе, каб пераканацца, што гэта не сон, не вар'яцкае насланнё.

— Дай пляшку, — зноў і зноў казаў Жуль.

Выпіўшы, Жуль пачынаў гаманіць пра рыбалку, гульню ў шары, пра пані Лябро, якую ён, хоць і бачыў толькі здалёк, дужа незалюбіў.

— Ты ніколі не думаў развесціся?.. Табе гэта трэба зрабіць. Прызнайся, што ты не шчаслівы з ёю, га?.. Яна ж на ланцужку цябе водзіць, бы сабачку якога!..

І Лябро прызнаваўся, хоць тое, што казаў яму толькі што Жуль, поўнай праўдаю назваць ніяк нельга было. Гэта была праўда хіба што ў пэўнай ступені. Але лепш было не пярэчыць, бо тады Жуль адразу ж тэрарызаваў яго новымі жорсткімі меркаваннямі пра ягоную не надта далёкую смерць.

Дый без пярэчанняў не вельмі лёгка было яго слухаць.

— Калі ты развядзешся, — зазіраў у будучыню Жуль, дачакаўшыся ад Лябро прызнання, — думаю, мне будзе лепш перабрацца да цябе. Возьмем Жажо за служанку...

Лябро ўпіваўся пазногцямі ў далонь. Былі моманты — у моры, на тэрасе кавярні ў Марысавым гатэлі, на плошчы ў час гульні ў шары, — калі яму жудасна хацелася выць. Выць, як вые на месяц сабака. А што, калі гэта наставала вар'яцтва?..

— Я заўважыў, што ты ўмееш гатаваць, — сказаў Жуль.

— Я гатую толькі рыбу...

— Але ўсё роўна няблага, што ты ўмееш гатаваць... Кажуць, ты нават мыеш посуд... Дык як табе мая ідэя?..

— Жонка не захоча.

Праз якія тры-чатыры дні Жуль зноў браўся за сваё.

— Падумай... Тады я яшчэ пачакаю... Урэшце, пратуляўшыся ўсё жыццё па гатэлях, я пачынаю цяпер думаць, што, як і ўсе іншыя людзі, маю права на свой кут...

— А калі я дам вам грошы, каб уладкавацца дзе-небудзь у іншым месцы?

— Аскар!

Жуль сурова заклікаў яго да парадку.

— Сцеражы цябе Бог загаварыць са мной так хоць адзін яшчэ раз! Бо тады я зраблю гэта адразу ж. Ты чуеш? Адразу ж!

Не, жыць так далей было нельга. Трэба было нешта прыдумаць. «А як бы ты сам узяўся за гэтую справу, га?» — спытаўся ў яго неяк на днях Жуль, выцягваючы здаравенную скарпену.

Гэтыя згаданыя цяпер словы падказалі Лябро выйсце: што мог зрабіць аднаногі, тое мог здзейсніць і ён сам.

«Упэўнены, — сказаў яму Жуль аднаго разу, — што ёсць усё ж такі спосаб забіць цябе так, каб пасля самога не сцапалі...»

А чаму б і яму не знайсці такі спосаб? Чаму не пазбавіцца ад свайго ката?