Калі гэтая думка прыйшла раптам Лябро ў галаву, яму стала страшна, што Жуль прачытае яе на ягоным твары, ледзь азірнуўшыся. І тут аднавокі гаротнік упершыню ў жыцці парадаваўся, што вымушаны насіць чорныя акуляры.
«Слушна, — думаў Лябро. — Трэба гэта ўлічыць: ён таксама мажны... Малаток у мяне заўсёды пад рукою... Не, малаток не падыдзе: сляды застануцца... Штурхнуць яго як след, і ён вываліцца за борт... А што, як выплыве?.. Ды не павінен... Калі гэта лепш зрабіць?.. Праз нейкі час, выбраўшы сеткі на другім канцы выспы, міма іх пройдуць рыбацкія лодкі... Пасля, гадзін прыкладна ў восем, дзесьці за паўмілі ад «Люстраной шафы» праплыве на сваёй пасудзіне стары ў каланіяльным шлеме... Паміж праходам рыбакоў і васьмю гадзінамі, во калі трэба!..»
Праўда, і Жуль ведаў, хто і калі тут праплывае, бо паспеў, напэўна, прыгледзецца за ўвесь гэты час... Так што і ён мог прыступіць да задуманага ў тыя ж самыя паўгадзіны...
З гэтага моманту Лябро пачаў прыглядацца да ворага. Ён прыкмеціў, што пасля трэцяй бутэлькі Жуль заўсёды робіцца абыякавы да рыбалкі і пачынае драмаць. Але ці драмаў ён напраўду? Можа, сачыў употайкі за ім?
Вырашыўшы аднойчы праверыць Жуля, Лябро рэзка ўстаў.
Аднаногі адразу ж расплюшчыў вочы і, утаропіўшыся ў яго сваім хітрым, пільным позіркам, буркнуў:
— Што ты збіраешся рабіць?
Лябро лёгка падмануў Жуля, бо загадзя падрыхтаваў на гэты выпадак праўдападобны адказ, але, баючыся выклікаць падазрэнні, вырашыў не праводзіць больш такіх эксперыментаў. Сумнявацца не прыходзілася: адгадаўшы ягоную задуму, Жуль адразу ж, як і абяцаў, зробіць тое, што збіраўся.
А пакуль што аднаногі дзяліўся з ім сваімі меркаваннямі:
— Урэшце, раніцой тут амаль што заўсёды прыліў, і хвалі, думаю, вынесуць цябе на бераг непадалёк ад порта...
Абодва глядзелі на тыя самыя хвалі. Толькі труп ім бачыўся не адзін і той самы.
— Трэба будзе, напэўна, — разважаў Жуль, — зрабіць гэта, калі ты будзеш на нагах. Ты цяжкі, і, калі мне прыйдзецца падымаць цябе, каб выкінуць за борт, лодка можа перакуліцца, і я апынуся ў вадзе разам з табой...
Але была яшчэ адна акалічнасць, невядомая Жулю, якую, каб зрабіць усё гладка, нельга было не ўлічваць. На беразе, у соснах, стаяла халупа флоцкага кватармайстра, ахоўніка форта Мэд. Лябро ведаў, што два разы на тыдзень, у аўторак і пятніцу, кватармайстар выпраўляўся ў Гіер на «Баклане». Значыць, ён выходзіў з дому прыблізна без дваццаці пяці, сама пазней без дваццаці восем.
Без пятнаццаці восем... Якраз тады і трэба гэта зрабіць!.. А яшчэ трэба сачыць, каб дазорац маяка не стаяў у той самы момант каля парапета, а то ўгледзіць усё ў свой бінокль...
— Бываюць дні, Аскар, — гаманіў і гаманіў Жуль, — калі я пытаюся ў сябе, ці не час ужо скончыць з усім гэтым... Гатуюць у Марыса нядрэнна, але мне ўжо абрыдла дзень пры дні есці адно і тое... Я ўжо не кажу, што жанчын не хапае... Жажо і глядзець на мяне не хоча...
Лябро чырванеў, бы школьнік. Няўжо гэты аднаногі монстр думае, што ён яшчэ і жанчыну шукаць яму павінен?..
— Мы бавілі разам неблагія хвіліны, гэтага я адмаўляць не буду... Амаль што сябрамі сталі, во як!.. Так і быць, скажу тое, што думаю... Цяжка мне будзе ісці за тваёю труной... Цябе ж на Паркэролі, мусіць, пахаваюць, га?..
— Я ўжо купіў сабе месца на могілках...
— Выдатна!.. На могілках лепш, чым пад вадою... Дай пляшку, Аскар... Не, выпі спачатку сам... Ну, пі!.. Хай твая баба скуголіць — рабі тое, што кажу табе я...
Тысячы, сотні тысяч, мільёны людзей жылі — і не так ужо далёка ад іх — нармальным жыццём. Хіба ж можна было цярпець больш гэтакі здзек з сябе?..
— Што мяне дзівіць, Аскар, дык тое, што ты быў тады такі хам... Ты ж цяпер зусім далікатны чалавек... У прынцыпе, ты стаў тыповы буржуа... Ну, прызнайся, што так... Іду ў заклад, што ты нашмат багацейшы, чым кажаш... На біржы не гуляеш?
— Трошкі.
— Во як яно ў цябе выйшла... А я яшчэ сумняваўся... Заўваж, пачыналі мы абодва аднолькава... Хто ведае, можа, калі б не гэты твой фокус з пірогаю, каб не мая дзеравянка, і я стаў бы кімсьці накшталт цябе... Ну і гад ты быў!.. Падумай, што ты зрабіў: пакінуў чалавека, белага чалавека, у афрыканскім балоце, без аніякай надзеі выбрацца адтуль... Дагэтуль не разумею, як гэта здолеў я ўратавацца... задумваўся ты хоць калі-нікалі пра гэта?.. А напісаў ты мне што тады?.. Я і цяпер гэтакіх слоў не вымаўлю, хоць і не буржуа, як ты... Ты нават уявіць не можаш, падарваў ты маю веру ў людзей...
У такія моманты Лябро нават паварушыцца не смеў, бо бояўся, што гэта здарыцца менавіта зараз. Стараўся не пакідаць малаток паблізу ад Жуля...
— Баішся памерці, га?.. А мне дык глядзець на цябе смешна, бо напляваць мне на смерць... Ты таму баішся, што стаў буржуа, што табе ёсць што траціць...