«Ну, — думаў Лябро, — калі табе няма чаго траціць...»
— Я нават не ведаю, ці жывыя яшчэ мае бацькі... Была сястра, збіралася замуж, але так ні разу і не аказалася... Не дай Бог, таксама шалапутная...
Цікава, падумаў раптам Лябро, а якое ў яго прозвішча? Там, у Габоне, ён падпісаўся на гэтым праклятым шчытку проста: «Жуль».
— Прозвішча?.. Шапю... Ты хіба не ведаў?.. Жуль Шапю... Не горшае за тваё, га?.. Іду ў заклад, што ёсць на свеце і вельмі прыстойныя людзі з прозвішчам Шапю... Дай пляшку... Не... Трымай... Я пытаюся ў сябе іншы раз...
«Чаму ён раптам прыўзняўся?» — падумаў Лябро і ўхапіўся за сядзенне. Ён уклаў у гэты рух усю сваю сілу. Але адчуў, што спацеў, толькі тады, калі заўважыў: устаў Жуль, каб схадзіць да ветру.
І тут у галаву Лябро закралася думка:
«Час настаў...»
Лябро дрыжаў — у ім віравала цяпер усё тое, што перажыў ён побач з гэтым страшным чалавекам... Ён таксама ўстаў і ступіў два крокі...
IV
Былы мэр Паркэроля забыўся на ўсё, што так старанна абдумваў: і на кватармайстра-вартаўніка, і на рыбакоў, якія павінны былі вяртацца на выспу з другога канца Паркэроля, і на старога ў каланіяльным шлеме.
Дазорац з маяка, які пазіраў на мора ў бінокль акурат у тую самую хвіліну, расказваў пасля:
— Прыблізна без дзесяці восем, гледзячы ў бок мыса Мэд, я заўважыў, што пан Лябро і гэты ягоны дзівак-прыяцель стаяць каля самага борта «Люстраной шафы», абхапіўшы адзін аднаго. Спярша я падумаў, што некаму з іх стала блага і другі прытрымлівае таварыша, каб той не ўпаў у ваду. Але пасля зразумеў, што яны боруцца. Лодка была ад мяне за некалькі сотняў метраў, і ўмяшацца я ніяк не мог. І вось урэшце яны ўпалі разам на планшыр*, і лодка перакулілася...
* Планшыр — парэнчы ўздоўж борта лодкі.
Рыбак Віяль у той момант разам са сваімі двума сынамі агінаў мыс Мэд.
— Я ўбачыў перакуленую лодку, — расказваў Віяль, — і пазнаў, што гэта была «Люстраная шафа». Я заўсёды казаў, што судна пана Лябро калі-небудзь конча перакуліцца, бо надта ўжо шмат усяго на ім пабудавана і кабіна дужа высокая... У той момант, як мы заўважылі пана Лябро і гэтага вар'ята ў вадзе, яны яшчэ віслі адзін на адным... Я падумаў быў, што пан Лябро, добры плывец, ратуе аднаногага, які ўпаў у ваду і, мусіць, не ўмее плаваць... А гэты чалавек, як часта бывае, учапіўся ў яго ад страху кляшчом...
Стары, што не знімаў ніколі свайго каланіяльнага шлема, не бачыў нічога.
— Я якраз выцягнуў добрую скумбрыю... Лодка пана Лябро была на ўсход ад мяне, і сонца сляпіла вочы...
Такім чынам, ніхто не мог дакладна расказаць, што ж здарылася на самай справе. Ніхто, апроч Лябро, які выйграў бой.
А было ўсё так.
Калі ён падышоў да Жуля і штурхнуў яго, той, устояўшы неяк на нагах, павярнуўся назад, і Лябро ўбачыў у колькіх сантыметрах ад сябе ягоны скрыўлены твар. Толькі не злосць, не лютасць былі на ім, а неверагодны жах.
Але, неверагодны, бо цяпер перад Лябро стаяў зусім іншы, непадобны на ранейшага шаленца чалавек, вочы якога малілі пашкадаваць яго, вусны дрыжалі...
— Не трэба, пан Лябро!
Ён сказаў не «Аскар», як звычайна, а «пан Лябро»!
Нават голас яго нельга было пазнаць, столькі чулася ў ім мальбы: і Лябро стала шкада гэтага слабага цяпер чалавека. Ды позна было ўжо. Адступіць ён не мог. Хоць бы таму, што замах ён ужо зрабіў. Што станецца пасля гэтага, пашкадуй ён Жуля, з ім самім?.. Як паводзіць сябе з чалавекам, якога ты спрабаваў забіць?.. І як будзе абыходзіцца з табою той самы чалавек?.. Не, адступленне стала ўжо абсалютна немагчымае.
Па сутнасці, усё здарылася ў адзін момант.
Лябро моцна ўдарыў Жуля плячом, але той невядома як паспеў ухапіцца за яго.
Кароткі час яны яшчэ ўтрымлівалі нейкім чынам раўнавагу на невялікім судне, якое ўжо гайдалася, бы ў шторм.
Абодва цяжка дыхалі, абодва адчувалі страх.
Хто каго?
Сілы былі прыкладна роўныя.
— Паслухайце, я... — прахрыпеў Жуль, але ці ж мог Лябро пачуць што-небудзь цяпер? Адзін павінен быў прайграць у іх паядынку.
За борт упалі абодва, бо «Люстраная шафа» перакулілася.
Жуль і ў вадзе здолеў учапіцца за Лябро. Ён адчайна спрабаваў яшчэ нешта сказаць, але марна, бо захлёбваўся вадою.
Пачуўся буркат матора. Да іх набліжалася чыясьці лодка. Нейкім чынам, проста інтуітыўна, Лябро здагадаўся, што гэта лодка Віяля. Жадаючы вызваліцца, ён ударыў Жуля ў нос з такой сілай, што ажно адчуў боль у костках параненых пальцаў.
Нарэшце ўсё скончылася...