— Не звяртайце ўвагі... І што... ён ніколі не быў у балотах Мбале?
— Прабачце?
— Гэта адзін з раёнаў Габона...
— Я ж вам сказаў...
І тут Лябро адчайна прастагнаў:
— Значыцца, гэта не ён!.. Не той Жуль...
Занепакоены камісар адчыніў дзверы і паклікаў доктара:
— Пан доктар!.. Мне здаецца, хвораму кепска!..
— Ды не! Пакіньце мяне аднаго! — закрычаў Лябро, адчуваючы жаданне біцца галавою аб сцяну. — Вы не зможаце зразумець... Гэта быў не той Жуль... Я забіў другога Жуля... Другога Жуля, які...
— Супакойся, Аскар, — перапыніла ягоныя крыкі жонка. — Не варушыся. Ты трызніш, мой дарагі...
— Што я сказаў? — спытаўся Лябро, ачуняўшы.
— Глупства... Але ж ты нас і напалохаў... Так ты да інсульту дойдзеш...
— Дык што я сказаў?
— Кажу ж, глупства нейкае... Усё пра Жуля... То пра аднаго, то пра другога... Толькі і трызніш гэтым махляром, дык ён табе ўжо дваіцца стаў...
— Што яшчэ я казаў? — горка ўсміхнуўся Лябро.
— Што забіў яго нізавошта... Супакойся, дурненькі... Выпі мікстуры... Выпі, яна не горкая... Заснеш...
Ён адразу ж выпіў гэту мікстуру, так хацелася заснуць: цяперашні яго кашмар быў проста невыносны! Нізашто забіў чалавека!.. Нейкага абармота, які не быў тым самым Жулем, з якім ён так жорстка абышоўся некалі ў Габоне... Забіў нікчэмнага тыпа, які не хацеў зрабіць яму нічога благога, звычайнага жуліка, які толькі і думаў, што, пагражаючы яму час ад часу, пажыць спакойна за ягоны кошт на Паркэролі!..
«Не трэба, пан Лябро!» — усё яшчэ стаялі ў яго ў вушах апошнія словы гэтага прайдзісвета, вымаўленыя ў неверагодным жаху.
Ён маліў яго.
А хамства, пагрозы былі яго прафесійнай гульнёю.
Значыцца, ён, Лябро, і баяўся марна, і забіў нізашто.
— Дык што, пан Лябро, адным менш, га?.. Цяпер можна і ў шары пагуляць спакойна, — казалі Лябро на плошчы гульцы.
Ціха было цяпер і ў Марыса ў «Ноевым каўчэзе» — паркэрольцы забываліся патроху на стук драўлянай нагі, які і наводзіў на ўсіх жах.
— А вы яшчэ ўпрошвалі нас быць з ім цярплівымі, бо ён сам, гаротны, нацярпеўся ўсяго ў Габоне... Гм... У Габоне, куды ён і нагою не ступаў!.. Ну і штукар быў гэты ваш Жуль... Дык што, шклянку белага, пан Лябро?
— Дзякую...
— Як настрой? Відаць, пакуль што яшчэ не надта?..
— Нічога, наладзіцца пакрысе...
Трэба было прывыкнуць да таго нялёгкага факту, што з гэтага часу і назаўсёды ён — забойца. Але крычаць пра гэта ўсюды ён, вядома, не стане.
Ды вось падумаць адно балюча, што ўся гэтая недарэчная гісторыя толькі таму і здарылася, што нейкі нікчэмны шарлатан, які стаміўся цягацца па свеце, хаваючыся ад паліцыі, падслухаў зусім выпадкова расказаную якімсьці каланістам гісторыю пра ўкрадзеную пірогу, гісторыю, перажытую невядомым па імені Жуль Шапю. Невядомы гэты памёр сваёй смерцю праз пятнаццаць гадоў пасля таго, як усё ж такі здолеў выбрацца з балот Мбале, памёр на службе ў Індакітаі, куды быў накіраваны сваёю фірмаю з Габона.
А спрытнаму махляру выпала не толькі пачуць гэтую гісторыю, але і разгарнуць неяк у Адыс-Абебе, каб прагнаць нуду, нумар тулонскай газеты «Вар» і напаткаць у ім знаёмае імя — Аскар Лябро.
Гэта і наштурхнула яго на думку скончыць у спакоі свае нялёгкія дні на маленькай і ціхай выспе Паркэроль.
Марыс Тоэска
Падарунак
Цяпер не праходзіць і дня, каб не прыдумвалі новых машын. Але самай дасканалай, самай дзівоснай стала тая, на якой чалавек абляцеў вакол Зямлі, а потым дабраўся і да Месяца. Прыйдзе час, і людзі даляцяць да іншых планет сонечнай сістэмы.
Сёння, у век радыё і тэлебачання, такой навіною не здзівіш нават жыхара самай далёкай глыбінкі. Абуджаная цікавасць да таямніц Сусвету, нібы шостае пачуццё, прымушае людзей прыслухоўвацца да кожнага слова...
І тым не менш усё гэта — рэчы не такія ўжо істотныя. Чалавецтва жыве сваімі спрадвечнымі пачуццямі: любіць жыццё, баіцца смерці, пакутуе ад хвароб...
А каханне... Хто яго зведаў — радуецца свайму шчасцю, а каго яно абмінула — той душыцца ад зайдрасці. Вось так і атрымліваецца, што адваротны бок гэтага магічнага медаля кахання пазначаны нянавісцю...
Такія вось думкі навеяла на мяне адна гісторыя, якую я зараз раскажу.
Калі і ёсць на французскай зямлі глухі, забіты куточак, то гэта, напэўна, Верхняя Авернь, што працягнулася ад Сэн-Флура да Абрака, акурат на граніцы Лазера, Авейрона і Канталя. Гэта шырокае плато, якое знаходзіцца на вышыні 1000-1200 метраў. Доўга супраціўлялася тутэйшае насельніцтва наскокам механізаванай цывілізацыі (чыгунку тут не правялі і па сённяшні дзень). А ўсё ж тым часам мотакасілка замяніла касу, трактар — быкоў, а на змену граблям і вілам з'явілася снопавязалка.