* Лазер — гара ў Цэнтральным масіве.
І вось прыйшоў дзень Вызвалення. Дабрадушны дзядзька па мянушцы Іпаліт, які за час вайны накрэмзаў не адну сотню такіх распісак, атрымаў ад сваякоў з Амерыкі некалькі мільёнаў. На той час сума — велізарная. Нядоўга думаў Іпаліт. Узяў сваю кульбу, закінуў на плечы рэчавы мяшок і пусціўся ў дарогу па знаёмых партызанскіх сцежках...
На кожным хутары не адразу разумеў гаспадар прычыну з'яўлення Іпаліта, доўга корпаўся ў шафе, даставаў пакамечаную паперу на сотню ці дзве кілаграмаў бульбы і, не верачы сваім вачам, атрымліваў адпаведную суму.
Рэчавы мяшок з банкнотамі хутка пусцеў, затое расла як на дражджах торба з распіскамі... Скончыў Іпаліт свой абход, расплаціўся з даўгамі, паехаў у Парыж і падаўся проста ў міністэрства абароны. Доўга хадзіў ён з аднаго аддзела ў другі, пакуль нарэшце не апынуўся ў маленькім утульным кабінеце.
— Вы па якім пытанні? — строга запытаўся ў яго старшы сяржант.
— Ды я вось... наконт распісак партызанскіх...
— На якую суму?
— На тры мільёны.
— Ды вы што? Пры сваім розуме? І не думайце нават! Ні франка, ні су не атрымаеце!..
Калі сяржант трохі супакоіўся, і перастаў крычаць і стукаць па стале, Іпаліт растлумачыў:
— Вы ведаеце, я прынёс вам тры мільёны.
— Што? Ні халеры не разумею! Ану, паўтарыце, што вы сказалі!
— Я аплаціў распіскі на тры мільёны. Можаце праверыць. — І Іпаліт высыпаў распіскі на стол.
Хвіліну-другую ашаломлены сяржант, нібы ў яго адняло мову, глядзеў на стол, завалены распіскамі, і нарэшце прамармытаў:
— Месьё, прашу вас: пабудзьце ў кабінеце!
Потым ён выбег на калідор, і адтуль толькі даносіўся яго голас: «Месьё, прашу ўсіх да мяне! Хутчэй! Прашу!..»
У пакойчык сышліся палкоўнікі, маёры, капітаны, лейтэнанты, сяржанты, капралы...
— Панове! — загаварыў сяржант. — Перад вамі чалавек, які аплаціў партызанскія распіскі на суму тры мільёны франкаў.
Прысутныя, неяк ненатуральна ўсміхаючыся, разглядвалі Іпаліта. Тым часам гаспадар кабінета згарнуў са стала распіскі, і ў урну пасыпаліся абрыўкі газет, старонкі са школьных сшыткаў, лісткі календароў...
Партызан з Лазера аплаціў свой рахунак...
Марсэль Эмэ
Назад
Іх было пяцёра. Пяцёра сынкоў парыжскіх мультымільярдэраў, якія мелі свае капіталы нават за мяжою. Гэта былі шчаслівыя дзеткі, якім лёгка даставаліся аўтамабілі, дзяўчаты ў норкавых футрах... І быў шосты. Сын дробнага службоўца прэфектуры. Бацьку плацілі мала. Заўсёды незадаволены, нічым не прыкметны.
Пяцёра пазнаёміліся з шостым у кавярне літаратараў у багатым парыжскім квартале Сэн-Жэрмен дэ Прэ. І дамовіліся заснаваць штомесячны часопіс «Назад». Як і трэба было думаць, пяцёра ўкладвалі грошы, шосты даваў ідэі.
Сыны мільярдэраў былі добранькія, сумленныя, чысценькія, як золата, да якога бруд не прыліпае. Любілі смяяцца, зрэдку працаваць, і, хоць былі крыху прастадушныя і наіўныя, ім вельмі падабаліся дасціпныя рэчы.
Чытачу не варта ведаць, як іх звалі. Але імя шостага, якое каштавала мала, я назаву. Сына дробнага службоўца звалі Мартэн. Скончыў універсітэт. Філолаг. 23 гады. Насуперак бацькоўскім жаданням не захацеў быць настаўнікам ці рэдактарам у якім-небудзь міністэрстве і, урэшце, нікім такім, каб стаць гонарам сціплай сям'і. Мартэн умеў складна гаварыць, добра валодаў пяром, і ўсё ж было ў яго натуры штосьці сапсаванае. Ад яго адметнага, сухога смеху часта рабілася страшна.
Што ўяўляў сабой першы і адзіны нумар часопіса «Назад»? Пра гэта можна лёгка меркаваць, бегла пазнаёміўшыся з яго зместам. Перадавы артыкул, напісаны Мартэнам, меў загаловак «Даволі рэвалюцыйнай расслабленасці!». Пад кожным з пяці астатніх артыкулаў стаяў подпіс аднаго з сыноў мільярдэраў. Вось загалоўкі іх опусаў: «Няхай бедныя выкручваюцца самі!», «Давайце любіць багатых!», «Масы трэба паставіць на месца!», «Народ — дурань!» і «Вялікі капітал — гэта мы!»
Тут дзеля справядлівасці трэба сказаць, што калі ідэя заснавання часопіса была прынята сынкамі багацеяў без ніякіх пярэчанняў і сумненняў, то пры вызначэнні яго кірунку і характару легкадумнасць пакінула іх: яны доўга спрачаліся, пераглядалі свае пазіцыі, зноў спрачаліся... І праз два тыдні перагавораў мала чаго ўжо не хапала, каб смелая ініцыятыва была пахавана назаўсёды. Але Мартэн быў упарты і непахісны. З хітрасцю, якая, мусіць, была пазычана ў самога д'ябла, ён горача гаварыў пра антыканфармізм, смеласць думкі, свабоду, праўду, шчырасць — словы, згадзіцеся, якія калісьці нарабілі столькі бяды ды і цяпер маглі б збіць з панталыку моладзь, калі б пра яе не клапаціліся. «Перад намі, — падкрэсліваў Мартэн, — сапраўдная місія: вызваліць розум і ачысціць сумленне людзей». Урэшце пяцёрка не толькі здалася, але і шчыра прызнала Мартэнавы погляды сваімі.