Выбрать главу

Сам лекар з азызлым, але насмешлівым носам, такімі ж распухлымі губамі, у якіх, аднак, праглядвалася не пыха, а глыбокая пачуццёвасць, быў, бадай, пракажоны-сатыр. Ён са сціплай усмешкай пагаджаўся з гэтым, часам сцвярджаючы, што тое, як праказа змяняе твар чалавека, пэўным чынам залежыць ад характару. Ён прыводзіў шмат прыкладаў у падтрымку гэтага тэзіса, у прыватнасці, выпадак брата Роза, чые вернасць і адданасць не выклікалі сумненняў і чыя галава, бясспрэчна, нагадвала галаву вялікага сабакі.

Мэтр Жан Маяр у маладосці шмат вандраваў, жыў бурлівым жыццём шкаляра ў Францыі і Італіі, заўзята вывучаў медыцыну і філасофію і спазнаў нямала лёгкіх жыццёвых радасцей. Ён меў за абавязковае правіла не наракаць на лёс, і падобна было на тое, што ён зусім не шкадаваў свайго бліскучага мінулага. У той дзень, калі ён даведаўся, што падхапіў праказу (гэта было дзесяць гадоў таму, калі яму толькі мінула сорак), ён не стаў пасылаць небу дарэмных праклёнаў. Ён пачаў наглядаць сабе лепразорый з добрым кліматам, бо шукаў месца спачынку. Гара Хворых спадабалася яму, і ён, на вялікую радасць абату, які ў яго асобе прыдбаў прыемнага таварыша і ўмелага лекара, прыехаў туды сам, не чакаючы, пакуль яго прымусяць. Яго дэвізам было: «Праказа забівае павольна». Ён па-філасофску суцяшаўся гэтай думкай.

У той вечар Тама д'Арфёй быў не ў гуморы, што з нейкага часу не раз здаралася з ім. Паўздыхаўшы з-за манастыра, які разбураўся без догляду, ён пасмуткаваў з прычыны жорсткасці веку і заняпаду хрысціянскіх дабрачыннасцей.

— Міласэрнасці больш няма ў каралеўстве. Нікому няма клопату да няшчасных. А пракажоным не засталося нічога, акрамя агіды. У мінулым стагоддзі ніводзін сеньёр не адважыўся б ставіцца да іх так, як сёння гэта робіць апошні мужык. У тыя часы заўсёды хапала набожных душ, у якіх можна было знайсці спагаду. І прыклад падаваўся зверху, я ведаю. Наш святы кароль Луі спачыў якраз незадоўга да майго нараджэння, але калі я быў падлеткам, яшчэ распавядалі, як ён абышоўся з надзвычай страшным пракажоным у Руамонцкім абацтве. Калі пракажоны з'явіўся там, наш літасцівы кароль сам узяў на сябе клопат пра небараку, які быў падобны да д'ябла. Ён пацалаваў яго рукі і твар, прыслужваў яму за сталом, выбіраў і сам падносіў да ягонага азызлага рота лепшыя кавалкі. Ён абмыў яму ногі. Цяжка назваць такую агідную паслугу, якую б ён яму не зрабіў.

— Так наш літасцівы кароль зарабляў сабе вечнае жыццё, — сказаў лекар.

Абат паціснуў плячыма і працягваў:

— І гэты прыклад меў свой плён. Тады людзі былі больш літасцівыя да няшчасных. Прыклад караля натхняў штодня святыя душы, якія не баяліся набліжацца да пракажоных.

— Але, — ухвальна азваўся Жан Маяр, скрывіўшы сваю вялізную сатыраву губу ў адмысловую грымасу. — Можна нават сказаць, што тады каралеўства кішэла святымі, як мора рыбай. Не было рыцара, абата, манаха, набожнага буржуа, які б не імкнуўся знайсці досыць страшнага пракажонага, каб, пацалаваўшы яго, адным махам здабыць вечнае збавенне і пры гэтым вызначыцца ў вачах караля. Ніколі, абат, ногі жабракоў не абмывалі лепей, чым тады. Ніколі пракажоных так не шкадавалі і не песцілі. Я пытаюся ў сябе, ці цанілі поўнай мерай адны і другія гэтую дабрачыннасць і, што асабліва важна, ці адчувалі яны належны гонар ад таго, што накіроўвалі гэтулькі душ у царства божае.

— Смейцеся, пане філосаф, — сказаў абат, — але мне страшэнна бракуе міласэрнасці, і праз гэта церпіць усё насельніцтва лепразорыя. Што зробіш! У нашага караля Філіпа менш за ўсё баліць галава за пракажоных. Ён займаецца толькі вайною...

— І робіць гэта вельмі кепска, — перабіў лекар, — а яго васалы ваююць яшчэ горш і думаюць толькі, як набіць каўбух. Мяхі з віном, акаваныя жалезам, няздатныя пабіць ангельцаў нават двое на аднаго... А што да нашых пракажоных, абат, то я лічу, што яны добра прыстасаваліся да сваёй ізаляцыі.

Абат уздыхнуў:

— Гэта яшчэ горш. Яны прайшлі праз пакуты. Эгаізм і злосць хваробы больш заразныя, чым праказа. Іхнія сэрцы зачарсцвелі, і яны капіруюць паводзіны жыхароў даліны. Ні ў кога няма ніякага жалю да свайго брата. Відушчы пракажоны пагарджае сляпым. Бязносы пракажоны абыходзіць пракажонага, пакрытага язвамі...

— І ўсе ўцякаюць ад пракажонага мурына. Ваша праўда, але, я вам не раз казаў, пры нашай ізаляцыі павінен быў узнікнуць нейкі грамадскі парадак.