— Мне не патрэбны вашы абгрунтаванні, — гнеўна крыкнуў абат. — Я ўсяго толькі бедны пастыр і лічу, што гэтыя норавы агідныя, але, што яшчэ горш...
Ён замаўчаў і прыгубіў чарку. Гэта быў спектакль. Ён нязграбна прытуляў сваю адвіслую, як у каня, ніжнюю губу да чаркі, амаль цалкам абхопліваючы яе, і адначасова хлябтаў языком, як гэта робяць жывёлы. Лекар, употай назіраючы за ім, думаў, што яго сябар рабіўся ўсё больш і больш падобны да льва, але сёння гэта быў сумны леў, і гэта яму пасавала.
— Яшчэ горш, — працягваў абат, паставіўшы чарку, — я з жахам заўважаю, што і сам паддаюся гэтаму эгаізму, які мяне засмучае. Мне ўсё цяжэй быць міласэрным да маіх пракажоных братоў. Кажу вам, нам патрэбен свежы струмень. Бываюць вечары, калі ад усёй гары тхне праказай. Ад гэтага паху знікаюць усе хрысціянскія дабрачыннасці.
— Што ж, я згодны, ад яе тхне праказай, — сказаў лекар. — Пах непрыемны, але цярпець можна, да яго можна прызвычаіцца, калі ты трошачкі філосаф. Да таго ж ён адганяе ліхіх людзей і вашых цяперашніх баязлівых хрысціян, не забывайцеся пра гэта.
Ён збіраўся дадаць яшчэ нешта мудрае, калі з двара пачуліся крыкі брата Роза.
4
— Святы, брат абат! Бог нам паслаў святога! Ён прыйшоў, ён тут!
Абат здрыгануўся. Яго пляскаты нос зморшчыўся, як морда ўстрывожанага льва. Гэтая навіна, якая так цудоўна супала з ягонымі цяперашнімі турботамі, здалася яму пасланнем нябёсаў. Ён ускочыў з крывога зэдліка і падышоў да акна. Са свайго пакоя на другім паверсе кляштара ён бачыў усю невялічкую плошчу, на якую выходзіла цэнтральная вуліца лепразорыя. З набліжэннем ночы над гэтым месцам звычайна апускалася панурая ціша, але ў гэты вечар лямант брата Роза выклікаў дзіўнае рэха.
Дабрадзейны манах, спыніўшыся перад акном, не супакойваўся:
— Ён прыйшоў аднекуль вельмі здалёк, брат абат. Гэта відаць па яго запыленым адзенні. Ён падышоў да мяне. Ён глянуў мне ў твар і не ўцёк. Ён абняў мяне. Ад ягонага дыхання пахне ладанам і міртам.
Жан Маяр нецярпліва забурчаў.
— Гэты манах з'ехаў з глузду, і праз яго ў нас будуць непрыемнасці з жыхарамі даліны. Нейкі падарожнік, пэўна ж, не ведаючы, што мае справу з пракажоным... Ты не крыкнуў, каб адагнаць яго? Ты не папярэдзіў, што ты хворы? — гаварыў ён, звяртаючыся да манаха. — Так патрабуе закон, ты добра гэта ведаеш.
— Я так і зрабіў, пан лекар, а ён адказаў, што прыйшоў да пракажоных па добрай волі. Я так і зрабіў, кажу вам, і тады ён пяшчотна мяне пацалаваў.
— Пацалаваць пракажонага, — прашаптаў Жан Маяр з пагардай.
Абат не рашаўся аддацца пачуццю, якое пачынала ахопліваць яго. Брат Роз быў такі збянтэжаны, што ён баяўся, ці манах не трызніць.
— Дзе ён?
Манах павярнуўся і паказаў рукой. Са свайго акна абат угледзеў, як высокая постаць у рудой хламідзе мінула браму і накіравалася да кляштара. У гэтым нечаканым з'яўленні было нешта таямнічае, і гэта ап'яніла манаха і пераканала, што неба пачула яго малітвы.
Незнаёмы напачатку, пакуль быў адзін, крочыў даволі шпарка. Потым, зразумеўшы, што за ім сочаць цікаўныя, якія тоўпіліся ў вузкіх завулках, што выходзілі на галоўную вуліцу, пайшоў павальней, азіраючыся па баках.
Незвычайная ўзрушанасць брата Роза была з энтузіязмам сустрэта пракажонымі. Пры вонкавай абыякавасці і бяздушнай пакоры яны, аднак, падзялялі тугу абата, бо ўсе хавалі ў сэрцах надзею, што ў іхнім свеце зноў з'явяцца любоў, літасць і міласэрнасць. Колісь Тама д'Арфёй часта распавядаў ім з вышыні сваёй казальніцы пра літасцівага караля Луі і іншых святых, якія ішлі ўслед за манархам. Цяпер ён больш не закранаў гэтай тэмы, бо баяўся, што гэта будзе жывіць у іх марную надзею. Аднак старэйшыя не забыліся тых гісторый і пераказвалі іх малодшым.
Усе ўжо ўбачылі, што прыйшоў адзін з тых легендарных персанажаў, пра сустрэчу з якім яны ўпотай марылі. Крык «Святы» раптоўна раздзьмуў агонь, і ў іх адразу ўзнікла прадчуванне цуду; незнаёмы быў Месія, якога Ўсявышні паслаў да іх, каб ператварыць іх пекла ў царства любові. Аднак яны не наважваліся наблізіцца да яго. Здавалася, што незнаёмы выклікаў у іх страх ці, можа, боязь расчаравання. Калі ён запаволіў хаду, нейкая старая з адвіслымі шчокамі, смялейшая за іншых, падышла крыху бліжай да дарогі і апынулася зусім блізка ад яго. Чужынец спыніўся, падышоў да яе і, пакуль астатнія стаіўшы дыханне сачылі за ім, абняў і пацалаваў яе. Пасля гэтага ён пайшоў далей, а навокал пачуўся збянтэжаны гоман, у якім адчувалася ўзрушанасць, што ахапіла лепразорый.
— Бачылі? — усклікнуў надзвычай здзіўлены абат.
— Бачу. Здаецца, умельства здабываць месца ў царстве нябесным яшчэ не згінула.