На Сашкавы боты пырснулі мазгі з Белачкінай галавы, Сашка абцёр пляму хустачкай.
VIII
Потым настаў дзіўны час, падобны да сну чалавека, разбітага паралюшам. Па вечарах ва ўсім горадзе ні ў адным акне не свяціўся агонь, але затое зырка гарэлі вогненныя шыльды кафэшантанаў і вокны шынкоў. Пераможцы правяралі сваю ўладу, яшчэ не насыціўшыся ўдосталь беспакаранасцю. Нейкія разбэшчаныя людзі ў манчжурскіх папахах, з георгіеўскімі стужкамі ў пятліцах куртак, хадзілі па рэстаранах і з настойлівай нахабнасцю патрабавалі, каб выконваўся народны гімн, і сачылі за тым, каб усе ўставалі. Яны ўрываліся таксама ў прыватныя кватэры, ператрасалі ўсё ў ложках і камодах, патрабавалі гарэлкі, грошай і гімну і напаўнялі паветра п’янай адрыжкай.
Аднаго разу яны ўдзесяцёх прыйшлі ў Гамбрынус і занялі два сталы. Паводзілі яны сябе самым нахабным чынам, пагардліва абыходзячыся з абслугаю, плявалі цераз плечы незнаёмых суседзяў, клалі ногі на чужыя крэслы, вылівалі на падлогу піва, нібыта яно было не свежае. Іх ніхто не чапаў. Усе ведалі, што гэта шпікі, і глядзелі на іх з тым жа таемным страхам і грэблівай цікаўнасцю, з якою просты люд глядзіць на катаў. Адзін з іх быў завадатар. Гэта — нейкі Моцька Гундосы, рыжы, з перабітым носам, гугнявы чалавек — як казалі — вялікай фізічнай сілы, калісьці злодзей, потым выкідала ў публічным доме, пасля сутэнёр і шпік, хрышчоны яўрэй.
Сашка іграў «Мяцеліцу». Раптам Гундосы падышоў да яго. Моцна схапіў яго за правую руку і, павярнуўшыся назад, да гледачоў, крыкнуў:
— Гімн! Народны гімн! Браткі, у гонар шаноўнага манарха... Гімн!
— Гімн! Гімн! — загулі нягоднікі ў папахах.
— Гімн! — крыкнуў зводдаль адзінокі, няўпэўнены голас.
Але Сашка выхапіў руку і сказаў спакойна:
— Ніякіх гімнаў.
— Што? — зароў Гундосы.— Ты не слухацца! Ах ты, жыд смярдзючы!
Сашка нахіліўся наперад, зусім блізка да Гундосага, увесь зморшчыўся, трымаючы апушчаную скрыпку за грыф, спытаў:
— А ты?
— Што а я?
— Я жыд смярдзючы. Ну добра. А ты?
— Я праваслаўны.
— Праваслаўны? А за колькі?
Увесь Гамбрынус грымнуў ад смеху, а Гундосы, белы ад злосці, павярнуўся да хаўруснікаў.
— Браткі! — гаварыў ён дрыготкім, плаксівым голасам чыесьці, чужыя, завучаныя словы.— Браткі, дакуль мы будзем трываць здзек ад жыдоў над тронам і святою царквою?..
Але Сашка, падняўшыся на сваё ўзвышэнне, адным гукам прымусіў яго зноў павярнуцца да сябе, і ніхто з наведвальнікаў Гамбрынуса ніколі не паверыў бы, што гэты смешны Сашка, які заўсёды крыўляўся, можа гаварыць так важка і ўладна.
— Ты! — крыкнуў Сашка.— Ты, суччын сын! Пакажы мне свой твар, забойца... Глядзі на мяне!.. Ну!..
Усё адбылося ў адно імгненне. Сашкава скрыпка высока ўзляцела, хутка мільганула ў паветры, і — трах! — высокі чалавек у папасе пахіснуўся ад звонкага ўдару па скроні. Скрыпка разляцелася на кавалкі. У Сашкавых руках застаўся толькі грыф, які ён пераможна падымаў над галовамі ў натоўпе.
— Браткі-кі, ратуй-уй! —залемантаваў Гундосы.
Аднак ратаваць ужо было позна. Магутная сцяна абступіла Сашку і засланіла яго. I тая ж самая сцяна вынесла людзей у папахах на вуліцу.
Але праз гадзіну, калі Сашка, скончыўшы сваю справу, выходзіў з піўной на тратуар, некалькі чалавек накінуліся на яго. Хтосьці з іх стукнуў Сашку ў вока, засвістаў і сказаў гарадавому, які адразу падбег:
— У Бульварны ўчастак. Па палітычнай. Вось мой значок.
IX
Цяпер у другі раз ужо навек лічылі Сашку пахаваным. Нехта бачыў усю сцэну, што адбылася на тратуары каля піўной, і перадаў яе іншым. А ў Гамбрынусе засядалі вопытныя людзі, якія ведалі, што гэта за ўстанова Бульварны ўчастак і што гэта за штука помста шпікоў.
Але цяпер пра Сашкаў лёс ужо менш непакоіліся, чым у першы раз, неяк скора забыліся пра яго. Праз два месяцы на яго месцы сядзеў новы скрыпач (між іншым, Сашкаў вучань), якога прывёў акампаніятар.
I вось аднойчы, месяцы праз тры, ціхім веснавым адвячоркам, у той час калі музыканты ігралі вальс «Спадзяванне», чыйсьці танклявы голас усклікнуў спалохана:
— Хлопцы, Сашка!
Усе павярнуліся і ўсталі з бочак. Так, гэта быў ён, двойчы ўваскрэшаны Сашка, але цяпер аброслы барадой, схуднелы, бледны. Да яго кінуліся, абступілі, ціскалі яго, мялі, падсоўвалі яму куфлі з півам. Але раптам той самы голас крыкнуў: