Выбрать главу

Усе гэтыя людзі — матросы розных нацый, рыбакі, качагары, вясёлыя юнгі, партовыя злодзеі, машыністы, рабочыя, лодачнікі, грузчыкі, вадалазы, кантрабандысты — усе былі маладыя, дужыя, з моцным пахам мора і рыбы, яны ведалі цяжар працы, любілі хараство і жах штодзённай рызыкі, цанілі вышэй за ўсё сілу, малайцоўства, запал і зухаватасць моцнага слоўца, а на сушы аддаваліся з дзікай асалодай гульбе, п'янству ды бойкам. Па вечарах агні вялікага горада, што ўзбягалі высока ўгару, вабілі іх, быццам чароўныя бліскучыя вочы, якія заўсёды абяцаюць нешта новае, радаснае, яшчэ не зведанае, і заўсёды ашукваюць...

Горад злучаўся з портам вузкімі, крутымі, каленчатымі вулачкамі, па якіх прыстойныя людзі асцерагаліся хадзіць уночы. На кожным кроку тут трапляліся начлежныя дамы з бруднымі закратаванымі вокнамі, са змрочным святлом адзінокай лямпы ўнутры. Яшчэ часцей пападаліся крамы, у якіх можна было прадаць з сябе ўсю вопратку аж да сподняй матроскай сеткі і зноў апрануцца ў які хочаш марскі гарнітур. Тут было таксама шмат піўных, тавернаў, кухмістарскіх і корчмаў з выразнымі шыльдамі на ўсіх мовах і нямала яўных і таемных публічных дамоў, з парогаў якіх па начах груба размаляваныя жанчыны зазывалі асіплымі галасамі матросаў. Былі грэчаскія кавярні, дзе гулялі ў даміно і ў шэсцьдзесят шэсць, і турэцкія кавярні з прыборамі для курэння наргіле і з начлегам за пятак; былі ўсходнія шынкі, дзе прадавалі смаўжоў, петалідзі, краветак, мідзій, вялікіх чарнільных каракаціц ды іншую марскую поскудзь. Дзесьці на гарышчах і ў сутарэннях, за глухімі аканіцамі, знаходзілі прытулак ігральныя прытоны, у якіх штос і бакара не раз заканчваліся тым, што каму-небудзь прапорвалі жывот ці праломлівалі чэрап, і тут жа побач, за рогам, часам у суседняй каморцы, можна было спусціць якую хочаш крадзеную рэч, ад брыльянтавага бранзалета да срэбнага крыжа і ад цюка з ліёнскім аксамітам да казённага матроскага шыняля.

Гэтыя крутыя, вузкія вулачкі, чорныя ад вугальнага пылу, к ночы заўсёды рабіліся ліпкімі і смярдзючымі, нібыта яны пацелі ў немарасным сне.

I яны былі падобныя да сточных канаў або да брудных кішок, па якіх вялікі міжнародны горад выкідваў у мора ўсе свае адкіды, усю сваю гніль, поскудзь і распусту, заражаючы імі дужыя мускулістыя целы і простыя душы.

Тутэйшыя распуснікі рэдка падымаліся наверх у прыбраны, заўсёды святочны горад з яго люстраным шклом, гордымі помнікамі, ззяннем электрычнасці, асфальтавымі дарожкамі, прысадамі белай акацыі, велічнымі паліцэйскімі, з усёй яго паказной чысцінёй і добраўпарадкаванасцю. Але кожны з іх, перш чым пусціць на вецер свае працоўныя, зацухмоленыя, падраныя, разбухлыя рублёўкі, абавязкова наведваў Гамбрынус. Гэта было асвенчана даўнейшым звычаем, хоць дзеля гэтага і трэба было пад сховаю вячэрняга мораку прабірацца ў самы цэнтр горада.