Многія, праўда, зусім не ведалі мудрагелістага імя славутага піўнога караля. Звычайна хто-небудзь прапаноўваў:
— Пойдзем да Сашкі?
А другія адказвалі:
— Ёсць! Так трымаць.
I ўжо ўсе разам гаварылі:
— Віра!
Няма нічога дзіўнага, што сярод партовых і марскіх людзей Сашка карыстаўся большаю павагаю і слыннасцю, чым, напрыклад, мясцовы архірэй ці губернатар. I несумненна, калі не яго імя, дык яго жывы, як у малпы твар і яго скрыпка ўспаміналіся часам у Сіднеі і ў Плімуце, гэтак жа як у Нью-Йорку, ва Уладзівастоку, у Канстанцінопалі і на Цэйлоне, не лічачы ўжо ўсіх заліваў і бухт Чорнага мора, дзе было многа прыхільнікаў яго таленту сярод адважных рыбакоў.
III
Звычайна Сашка прыходзіў у Гамбрынус тады, калі там яшчэ нікога не было, апрача аднаго-двух выпадковых наведвальнікаў. У залах у гэты час стаяў густы і кіслы пах учарашняга піва і было даволі змрочна, таму што ўдзень эканомілі газ. У спякотлівыя ліпеньскія дні, калі каменны горад пакутаваў ад сонца і глух ад вулічнага грукату, тут прыемна адчуваліся цішыня і халадок.
Сашка падыходзіў да прылаўка, вітаўся з пані Івановай і выпіваў свой першы куфаль піва. Часам буфетчыца прасіла:
— Саша, сыграйце што-небудзь!
— Што загадаеце вам сыграць, пані Іванова? — ветліва цікавіўся Сашка, які заўсёды быў з ёю падкрэслена пачцівы.
— Што-небудзь сваё...
Ён садзіўся на сваё месца налева ад піяніна і іграў нейкія дзіўныя, доўгія, тужлівыя п'есы. Рабілася неяк сонна і ціха ў падзямеллі, толькі з вуліцы даносілася глухое вуркатанне горада ды зрэдку лакеі асцярожна пазвоньвалі посудам за сцяною на кухні. Са струн Сашкавай скрыпкі плакаў стары, як зямля, яўрэйскі смутак, увесь затканы і ўвіты сумнымі кветкамі нацыянальных мелодый. Твар Сашкі з напружаным падбародкам і нізка апушчаным ілбом, з вачыма, што востра зіркалі з-пад цяжкіх броваў, зусім не быў падобны ў гэты змрочлівы час на той знаёмы ўсім гасцям Гамбрынуса ашчэраны, мірглівы, скрыўлены твар Сашкі. Сучка Белачка сядзела ў яго на каленях. Яна даўно прывыкла не падвываць музыцы, але страсна-тужлівыя, надрыўныя і праклённыя гукі міжвольна раздражнялі яе: яна ў сутаргавых позяхах шырока ашчэрвала пашчу, завіваючы назад тонкі ружовы язычок, і пры гэтым на хвіліну калацілася ўсім цельцам і пяшчотнай чарнавокай мызай.
Але вось мала-памалу збіралася публіка, прыходзіў акампаніятар, які ўладкаваў якую-небудзь пабочную дзённую справу ў краўца або майстра па гадзінніках, на буфеце выстаўляліся сасіскі ў гарачай вадзе і бутэрброды з сырам і, нарэшце, запальваліся ўсе астатнія газавыя ражкі. Сашка выпіваў свой другі куфаль, камандаваў таварышу: «Майскі парад, эйн, цвэйн, дрэй!» — і распачынаў завірушны марш. 3 гэтае хвіліны ён ледзьве паспяваў вітацца з новымі наведвальнікамі, з якіх кожны лічыў сябе за асаблівага, інтымнага знаёмага Сашкі, аглядваў горда іншых гасцей пасля яго паклону. У той жа час Сашка прыжмурваў то адно, то другое вока, збіраў дагары доўгія маршчыны на сваім лысым пакатым чэрапе, камічна варушыў губамі і ўсміхаўся на ўсе бакі.
Да дзесяці-адзінаццаці гадзін Гамбрынус, дзе месцілася ў залах да двухсот і больш чалавек, ужо быў бітма набіты. Многія, амаль палова, прыходзілі з жанчынамі ў хустачках, ніхто не крыўдаваў на цеснату, на прыціснутую нагу, на пакамечаную шапку, на чужое піва, якое заліло штаны: калі крыўдавалі, дык толькі па п'янцы «для зачэпу». Вільгаць сутарэння, цьмяна пабліскаваючы, яшчэ шпарчэй бруілася са сцен, пакрытых маслянай фарбай, а парнасць ад натоўпу капала са столі долу, нібы рэдкі, цяжкі, цёплы дождж. Пілі ў Гамбрынусе сур'ёзна. У норавах гэтай установы лічылася за асаблівую шыкоўнасць, седзячы ўдваіх-утраіх, так устаўляць стол пустымі бутэлькамі, каб за імі не бачыць субяседніка, як у шкляным зялёным лесе. У развале вечара госці чырванелі і рабіліся мокрыя. Тытунёвы дым еў вочы. Трэба было крычаць і нахіляцца цераз стол, каб пачуць адзін аднаго ў агульным тлуме. I толькі нястомная скрыпка Сашкі, які сядзеў на сваім узвышэнні, брала верх над духатою, над гарачынёю, над пахам тытуню, газу, піва і над шумам бесцырымоннай публікі.
Але наведвальнікі хутка п'янелі ад піва, ад блізкасці жанчын, ад гарачага паветра. Кожнаму хацелася сваіх любімых, знаёмых песень. Каля Сашкі заўсёды таўкліся, торгаючы яго за рукаў і перашкаджаючы яму іграць, па два, па тры чалавекі, з тупымі вачыма і няцвёрдым крокам.
— Сашка!.. С-стра-дальную... Зра..— п’яны ікаў: — з-зра-бі ласку!
— Зараз, зараз,— паўтараў Сашка, хутка ківаючы галавой, і са спрытам доктара, без гуку, апускаў у бакавую кішэню срэбную манету.— Зараз, зараз.
— Сашка, гэта ж подласць. Я грошы даў і ўжо дваццаць разоў прашу: «У Адэсу морам я плыла».