Прыходзілі вялікімі арцелямі, чалавек па трыццаць, рыбакі пасля багатага ўлову. Позняй восенню выпадалі такія шчаслівыя тыдні, калі за кожны заход выцягвалі штодзённа тысяч па сорак скумбрыі або кефалі. За гэты час самы дробны пайшчык зарабляў больш за дзвесце рублёў. Але яшчэ больш узбагачаў рыбакоў удалы лоў бялугі ўзімку, затое ён і звязаны быў з вялікімі цяжкасцямі. Даводзілася шмат працаваць, за трыццаць-сорак вёрст ад берага, сярод ночы, часта ў непагадзь, калі вада залівала баркас і адразу ж пакрывалася лёдам на вопратцы, на вёслах, а надвор'е трымала па двое, па трое сутак у моры, пакуль не выкідвала куды-небудзь вёрст за дзвесце, у Анапу або Трапезонд. Кожную зіму гінула без вестак да дзесяці ялікаў, і толькі ўвесну хвалі прыбівалі то тут, то там да чужога берага трупы адважных рыбакоў.
Затое, калі яны вярталіся з мора ўдала і шчасліва, дык на сушы імі авалодвала страшэнная прага жыцця. Некалькі тысяч рублёў спускалася за два-тры дні ў самай грубай вар'яцкай, п’янай гульбе. Рыбакі забіраліся ў шынок або яшчэ ў якое-небудзь вясёлае месца, выкідвалі ўсіх пабочных гасцей, зачынялі наглуха дзверы і аканіцы і цэлыя суткі навылёт пілі, аддаваліся каханню, гарлапанілі песні, білі люстры, посуд, жанчын і нярэдка адзін аднаго, пакуль сон не адольваў іх дзе папала — на сталах, на падлозе, упоперак ложкаў, сярод пляўкоў, акуркаў, бітага шкла, паразліванага віна і крывавых плям. Так гулялі рыбакі некалькі сутак запар, часам мяняючы месцы, часам застаючыся ў адным і тым жа. Прагуляўшы ўсё да апошняй капейкі, яны са знакамі боек на твары, калоцячыся з пахмелля, ад якога гуло ў галаве, маўклівыя, прыгнечаныя і ўжо раскаяныя, ішлі на бераг, да баркасаў, каб зноў узяцца за сваё любае і праклятае, цяжкое і захапляючае рамяство.
Яны ніколі не забывалі наведаць Гамбрынус. Яны туды ўрываліся вялізныя, асіплыя, з чырвонымі тварамі, абпаленымі лютым зімнім норд-остам, у куртках, што не прапускалі ваду, у скураных штанах і ў валовых ботах па сцёгны,— у тых самых ботах, у якіх сябры іх сярод бурнай ночы ішлі на дно, як камяні.
3 павагі да Сашкі яны не выганялі пабочных, хоць і адчувалі сябе гаспадарамі піўной і білі цяжкія куфлі аб падлогу. Сашка іграў ім іхнія рыбацкія песні, напеўныя, простыя і грозныя, як шум мора, і яны спявалі ўсе ў адзін голас, з апошняе сілы напружваючы свае здаровыя грудзі і загартаваныя глоткі. Сашка дзейнічаў на іх, нібы Арфей, які ўціхамірваў хвалі, і здаралася, што які-небудзь саракагадовы атаман баркаса, барадаты, увесь засівераны, падобны да звера чалавечына, заліваўся слязьмі, выводзячы тонкім голасам жаласлівыя словы песні:
Ах бедный, бедный я, мальчишечка,
Что вродился рыбаком...
А бывала яны танцавалі, топчучыся на месцы, са скамянелымі тварамі, грукаючы сваімі пудовымі ботамі, і ад іх па ўсёй піўной несла вострым салёным пахам, які наскрозь уеўся ў іхнія целы і вопратку. Да Сашкі яны былі вельмі шчодрыя і доўга не адпускалі ад сваіх сталоў. Ён добра ведаў парадак іх цяжкога, небяспечнага жыцця. Часта, калі ён іграў ім, дык адчуваў у сваёй душы нейкае шкадаванне і жальбу.
Але асабліва ён любіў іграць англійскім матросам з камерцыйных суднаў. Яны прыходзілі гуртам, трымаючыся рука за руку — усе нібы на падбор грудастыя, з шырокімі плячыма, маладыя, белазубыя, са здаровым румянцам, з вясёлымі, смелымі блакітнымі вачыма. Моцныя мускулы распіралі іх курткі, а з глыбока выразаных каўняроў падымаліся роўныя, магутныя стройныя шыі. Некаторыя ведалі Сашку па ранейшых стаянках у гэтым порце. Яны пазнавалі яго і, ветліва выскаляючы белыя зубы, віталі яго па-руску:
— Здрайст, здрайст.
Сашка сам, без запрашэння, іграў ім.
Напэўна, усведамленне таго, што яны зараз знаходзяцца ў краіне, абцяжаранай вечнай няволяй, надавала асабліва гордую ўрачыстасць гэтаму гімну англійскай свабоды. I калі яны спявалі, стоячы, з непакрытымі галовамі, апошнія цудоўныя словы:
Никогда, никогда, никогда
Англичанин не будет рабом!—
дык міжвольна і самыя буяныя суседзі здымалі шапкі.
Асадзісты боцман з завушніцай і з барадой, якая расла, нібы махры, з шыі, падыходзіў да Сашкі з двума куфлямі піва, шырока ўсміхаўся, ляпаў яго прыязна па спіне і прасіў сыграць джыгу. Пры першых жа гуках гэтага заліхвацкага марскога танца англічане ўсхопліваліся і расчышчалі месца, адсоўваючы да сцен бочкі. Старонніх прасілі аб гэтым жэстамі, з вясёлымі ўсмешкамі, але калі хто не спяшаўся, з тым доўга не важдаліся, а проста выбівалі з-пад яго крэсла ладным ударам нагі. Да гэтага, аднак, даходзіла рэдка, таму што ў Гамбрынусе ўсе былі аматарамі танцаў і асабліва любілі англійскую джыгу. Нават сам Сашка, не перастаючы іграць, станавіўся на крэсла, каб лепей бачыць.