Матросы рабілі круг і ў такт шпаркаму танцу пляскалі ў далоні, а два з іх выходзілі на сярэдзіну. Танец паказваў жыццё матроса ў часе плавання. Судна гатова да адыходу, надвор’е цудоўнае, усё як мае быць. У танцораў рукі скрыжаваны на грудзях, галовы адкінуты назад, цела спакойнае, хоць ногі выбіваюць шалёны пошчак. Але вось узняўся ветрык, пачынаецца невялікая гойданка. Для марака — гэта адна радасць, толькі каленцы танца робяцца ўсё больш складаныя і мудрагелістыя. Задзьмуў і сцюдзёны вецер — хадзіць па палубе ўжо не так зручна,— танцораў крыху пагойдвае з боку на бок. Нарэшце вось і сапраўды бура — матроса кідае ад барта да барта, блізка і да бяды. «Усе наверх, здымаць ветразі!» Па рухах танцораў да смешнага зразумела, як яны караскаюцца рукамі і нагамі на ванты, цягнуць ветразі і замацоўваюць шкоты, між тым як бура ўсё мацней гойдае судна. «Стой, чалавек за бортам!» Спускаюць шлюпку. Танцоры, апусціўшы долу галовы, напружыўшы магутныя голыя шыі, вяслуюць частымі ўзмахамі, то згінаючы, то выпростваючы спіны. Але бура праходзіць, мала-памалу сціхае гойданка, праясняецца неба, і вось ужо судна зноў плаўна бяжыць з ветрам, і зноў танцоры з нерухомымі целамі, са скрыжаванымі рукамі вытанцоўваюць вясёлую частую джыгу.
Даводзілася Сашку іншы раз іграць лезгінку для грузін, якія займаліся ў ваколіцах горада вінаробствам. Для яго не было незнаёмых танцаў. У той час калі адзін танцор, у папасе і чаркесцы, лёгка кружыўся паміж бочкамі, закідваючы за галаву то адну, то другую руку, а яго сябры пляскалі ў такт і пакрыквалі, Сашка таксама не мог стрымацца і разам з імі з запалам крычаў: «Хас! хас! хас! хас!» Выпадала яму таксама іграць малдаўскі джок, і італьянскую тарантэлу, і вальсы нямецкім матросам.
Іншы раз у Гамбрынусе біліся, і вельмі страшна. Старыя наведвальнікі любілі расказваць пра легендарную бойку паміж рускімі ваеннымі матросамі, зволенымі ў запас з нейкага крэйсера, і англійскімі маракамі. Біліся кулакамі, касцетамі, куфлямі з-пад піва і нават кідалі адзін у аднаго бочкамі для сядзення. Не да гонару рускіх воінаў трэба сказаць, што яны першыя распачалі скандал, першыя пусцілі ў ход нажы і выпхнулі англічан з піўной толькі пасля паўгадзіннай бойкі, хоць пераўзыходзілі іх па колькасці ў тры разы.
Вельмі часта ўмешваўся Сашка і спыняў сварбу, бо да крыві было на валасок. Ён падыходзіў, жартаваў, ўсміхаўся, крыўляўся, і ў тую ж хвіліну з усіх бакоў да яго цягнуліся келіхі:
— Сашка, куфлічак!.. Сашка, са мной!.. Вера, закон, пячонкі, труна...
Мабыць, на простыя дзікія звычаі рабіла ўплыў гэтая лагодная і смешная ласка, якая весела праменілася з яго вачэй, схаваных пад пакатым чэрапам? Мабыць, своеасаблівая павага да таленту і нешта накшталт удзячнасці? А можа і той факт, што большасць сталых наведвальнікаў Гамбрынуса заставалася вечнымі Сашкавымі даўжнікамі.
У цяжкія хвіліны «дэкохту», што на марскім і партовым жаргоне азначае поўнае безграшоўе, да Сашкі не саромячыся і безадмоўна звярталіся па дробныя сумы або па невялікі крэдыт у буфеце.
Вядома, доўгу яму не вярталі — і не знарок, а таму што забываліся,— але гэтыя самыя даўжнікі ў хвіліну бурнай весялосці вярталі Сашку пазыку з лішкам — за яго песні.
Буфетчыца іншым разам казала яму:
— Дзіўлюся, Саша, як гэта вы не шкадуеце сваіх грошай?
Ён пярэчыў, пераконваючы:
— Пані Іванова. Дык жа мне іх з сабой на той свет не браць. Нам з Белачкай хопіць. Белачка, любая мая, ідзі сюды.
V
Паяўляліся ў Гамбрынусе таксама і свае модныя сезонныя песні.
У часе вайны англічан з бурамі спявалі «Бурскі марш» (здаецца, менавіта ў гэты час ішла бітва рускіх маракоў з англійскімі).
Самае малое разоў з дваццаць на вечар прымушалі Сашку іграць гэтую гераічную п’есу і нязменна ў канцы яе махалі шапкамі, крычалі «ура», а на тых, што не выказвалі свайго захаплення, касавурыліся з непрыязнасцю,— гэта не заўсёды было добрай прыкметай у Гамбрынусе.
Потым надышлі франка-рускія ўрачыстасці. Граданачальнік з кіслай мінай дазволіў іграць марсельезу. Яе таксама патрабавалі штодзённа, але ўжо не так часта, як бурскі марш, крычалі «ура» радзей і шапкамі зусім не махалі. Адбывалася гэта таму, што, з аднаго боку, не было матываў для ігры сардэчных пачуццяў, з другога боку — наведвальнікі Гамбрынуса недастаткова разумелі палітычную важнасць саюза, а з трэцяга — было заўважана, што кожны вечар патрабуюць марсельезу і крычаць «ура» ўсё адны і тыя ж асобы.