Не надоўга зрабіўся людным матыў кек-уока, і нават якісьці выпадковы, завалтужаны купчык, не здымаючы янотавай футры, высокіх галёш і лісінай шапкі, пратанцаваў яго аднойчы між бочак. Аднак на гэты негрыцянскі танец неўзабаве забыліся.
Але вось распачалася вялікая японская вайна. Наведвальнікі Гамбрынуса пачалі жыць паскораным жыццём. На бочках паявіліся газеты, па вечарах спрачаліся аб вайне. Самыя ціхманыя, простыя людзі сталі палітыкамі і стратэгамі, хоць кожны з іх у глыбіні душы калаціўся калі не за сябе, дык за брата, або, што яшчэ дакладней, за блізкага таварыша: у гэтыя дні акрэслена выявілася тая незаўважная і моцная сувязь, якая яднае людзей, што доўга падзялялі працу, небяспеку і штодзённую блізкасць смерці.
Спачатку ніхто не сумняваўся ў нашай перамозе. Сашка расстараўся дзесьці «Курапаткаў марш» і вечароў з дваццаць узапар іграў яго з некаторым поспехам. Але неяк у адзін з вечароў «Курапаткаў марш» быў назаўсёды заглушаны песняй, якую прывезлі з сабою балаклаўскія рыбакі, «салёныя грэкі», або «піндосы», як іх тут называлі:
Ах, зачем нас отдали в солдаты,
Посылают на Дальний Восток?
Неужели же мы в том виноваты,
Што вышли ростом на лишний вершок?
3 тае пары ў Гамбрынусе нічога другога не хацелі слухаць. Па цэлых вечарах толькі і было чуваць патрабаванне:
— Саша, для душы! Балаклаўскую! Запасную!
Спявалі і плакалі і пілі ўдвая больш, чым звычайна, як, між іншым, піла тады пагалоўна ўся Расія. Кожны вечар прыходзіў хто-небудзь развітвацца, храбрыўся, хадзіў гогалем, кідаў шапку вобземлю, гразіў адзін разбіць усіх япошак і канчаў прачулай песняй са слязамі.
Аднойчы Сашка з явіўся ў піўную раней, чым заўсёды. Буфетчыца наліла яму першы куфаль і сказала, як звычайна:
— Саша, сыграйце што-небудзь сваё...
У яго раптам перасмыкнуўся твар і куфаль задрыжэў у руках.
— Ведаеце што, пані Іванова? — сказаў ён быццам бы збянтэжаны.— Мяне ж у салдаты забіраюць. На вайну.
Пані Іванова ўспляснула рукамі.
— Ды не можа быць, Саша! Жартуеце?
— Не,— паныла і пакорліва паківаў галавой Сашка,— не жартую.
— Але ж вы з гадоў выйшлі, Саша? Колькі вам?
Гэтым пытаннем неяк да гэтага часу ніхто не цікавіўся. Усе думалі, што Сашку столькі ж год, колькі сценам піўной, маркізам, хахлам, жабам і самому расфарбаванаму каралю Гамбрынусу, які вартаваў уваход.
— Сорак шэсць.— Саша падумаў.— А магчыма сорак дзевяць. Я сірата,— дадаў ён паныла.
— Дык вы ідзіце і растлумачце каму трэба.
— Я ўжо хадзіў, пані Іванова, я ўжо тлумачыў.
— I... ну?
— Ну, мне сказалі: пархаты жыд, жыдоўская морда, пагавары яшчэ — трапіш у клапоўнік... I далі вось сюды.
Увечары навіна стала вядома ўсяму Гамбрынусу, і ўсе, хто спачуваў Сашку, напаілі яго да непрытомнасці. Ён спрабаваў крыўляцца, грымаснічаць, прыжмурваць вочы, але з яго пакорлівых смешных вачэй пазіралі смутак і жах. Адзін даўгалыгі рабочы, па рамястве кацельшчык, раптам даў згоду пайсці на вайну замест Сашкі. Усе добра разумелі недарэчнасць такой прапановы, але Сашка расчуліўся, праслязіўся, абняў кацельнага майстра і тут жа падарыў яму сваю скрыпку. А Белачку ён пакінуў буфетчыцы.
— Пані Іванова, вы ж прыглядайце за сабачкам. Можа я і не вярнуся, дык будзе вам памяць аб Сашку. Белінька мая! Глядзіце, аблізваецца. Ах ты, мая бедненькая... I яшчэ папрашу вас, пані Іванова. У мяне за гаспадаром засталіся грошы, дык вы палучыце і адпраўце... Я вам напішу адрасы. У Гомелі ў мяне ёсць стрыечны брат, у яго сям’я, і яшчэ ў Жмерынцы жыве ўдава пляменніка. Я ім кожны месяц... Што ж, мы, яўрэі, такі народ... мы любім сваякоў. А я сірата, я адзінокі. Дык бывайце ж, пані Іванова.
— Бывайце, Саша! Давайце хоць пацалуемся на развітанне. Колькі год... I — вы не сярдуйце,— я вас перахрышчу на дарогу.
Сашкавы вочы былі вельмі сумныя, але ён не мог стрымацца, каб не пажартаваць напаследак:
— А што, пані Іванова, я ад рускага крыжа не здохну?
VI
Гамбрынус абязлюдзеў і заглух, нібыта ён асірацеў без Сашкі і яго скрыпкі. Гаспадар спрабаваў быў запрасіць для прынады квартэт вандроўных мандаліністаў, з якіх адзін, апрануты аперэтачным англічанінам з рыжымі бакамі і наклееным носам, у панталонах у клетку і ў каўнерыку вышэй носа, выконваў з эстрады камічныя куплеты і бессаромныя рухі целам. Але квартэт не меў ніякага поспеху: наадварот, мандаліністам свісталі і кідалі ў іх аб’едкамі сасісак, а галоўнага коміка аднойчы пабілі тэндроўскія рыбакі за кепскае слова пра Сашку.
Аднак, па старой памяці, Гамбрынус яшчэ наведвалі тыя з марскіх і партовых малайцоў, якіх вайна не пацягнула на смерць і пакуты. Спачатку пра Сашку ўспаміналі кожны вечар: