— Эх, Сашку цяпер бы! Душы без яго цесна...
— Та-ак... Дзе гэта ты зараз лунаеш, шаноўны дружа Сашанька?
В полях Маньчжу-у-у-рии далеко...—
зацягваў хто-небудзь новую сезонную песню, сарамліва змаўкаў, а другі гаварыў нечакана:
— Раны бываюць навылётныя, колатыя і сечаныя. А бываюць і рваныя...
Сибе с победой поздравляю.
Тибе с оторванной рукой...
— Чакай, не скавычы... Пані Іванова, ці няма ад Сашкі якіх вестак? Ліста ці паштоўкі?
Пані Іванова цяпер цалюткія вечары чытала газету, трымаючы яе далёка ад вачэй, адкінуўшы галаву і варушачы губамі. Сабачка ляжаў у яе на каленях і ціха хроп. Буфетчыца цяпер ужо не была падобна да бадзёрага капітана, які стаіць на варце, а яе каманда блукала па піўной вялая і сонная.
На пытанне пра Сашкаў лёс яна нехаця ківала галавой.
— Нічога не ведаю... I пісем няма, і з газет нічога невядома.
Потым павольна здымала акуляры і разам з газетай клала іх побач з цёплым сабачкам і, павярнуўшыся, паціху ўсхліпвала.
Іншым разам яна, схіляючыся над Белачкай, гаварыла жаласлівым, пяшчотным галаском:
— Што, Белінька? Што, сабачанька? Дзе наш Саша? Га? Дзе наш гаспадар?
Сабачка ўзнімаў пяшчотную мызачку, міргаў вільготнымі чорнымі вачыма і ў тон буфетчыцы пачынаў ціхенька скавытаць:
— А-у-у-у... Ау-ф... А-у-у...
Але час абточвае і змывае. Мандаліністаў змянілі балалаечнікі, балалаечнікаў руска-маларасійскі хор з дзяўчатамі, і, нарэшце, мацней за іншых асталяваўся ў Гамбрынусе вядомы Лёшка-гарманіст, па прафесіі злодзей, які пасля жаніцьбы вырашыў нарэшце знайсці праведную дарогу. Яго даўно ведалі па розных шынках, а таму цярпелі і тут, ды, між іншым, і трэба было цярпець: справы ў Гамбрынусе ішлі вельмі кепска.
Міналі месяцы, мінуў год. Пра Сашку цяпер ніхто не ўспамінаў, апрача пані Івановай, ды і тая больш не плакала, калі называлі яго імя. Мінуў яшчэ год, пра Сашку забыўся нават і беленькі сабачка.
Але, насуперак Сашкаваму сумненню, ён не толькі не здох ад рускага крыжа, а нават не быў ні разу паранены, хоць прымаў удзел у трох вялікіх бітвах і аднойчы хадзіў у атаку наперадзе батальёна ў складзе музычнай каманды, куды яго залічылі іграць на флейце. Пад Вафангоу ён трапіў у палон і пасля сканчэння вайны быў прывезены на германскім параходзе ў той самы порт, дзе працавалі і буянілі яго сябры.
Вестка аб яго прыездзе, як электрычны ток, паляцела па ўсіх гаванях, молах, прыстанях і майстэрнях... Увечары ў Гамбрынусе было так многа народу, што многім наогул прыходзілася стаяць, куфлі з півам перадаваліся з рук у рукі цераз галовы, і хоць шмат хто ў гэты дзень пайшлі, не разлічыўшыся, Гамбрынус гандляваў, як ніколі. Кацельны майстар прынёс Сашкаву скрыпку, беражна загорнутую ў жончыну хустку, якую ён тут жа і прапіў. Аднекуль прыцягнулі Сашкавага акампаніятара. Лёшка-гарманіст, чалавек самалюбны і ганарысты, нечакана быў запратэставаў. «Я атрымліваю падзённа, і ў мяне кантракт!» — паўтараў ён упарта. Але яго простя выкінулі за дзверы і мусіць пабілі б, каб не Сашкава заступніцтва.
Ужо напэўна ніводзін з айчынных герояў часоў японскай вайны не бачыў такой сардэчнай і бурнай сустрэчы, якую наладзілі Сашку! Дужыя, закарэлыя рукі падхоплівалі яго і з такой сілай падкідвалі ўгору, што ледзь не разбілі Сашку аб столь. I крычалі так моцна, што газавыя язычкі тухлі, а гарадавы некалькі разоў заходзіў у піўную і ўпрошваў, «каб крыху цішэй, таму што на вуліцы вельмі шумна».
У гэты вечар Сашка перайграў усе любімыя песні і танцы Гамбрынуса. Іграў ён таксама і японскія песенькі, якія вывучыў у палоне, але яны не спадабаліся слухачам. Пані Іванова быццам бы ажыла і зноў бадзёра трымалася над сваім капітанскім мосцікам, а Белка сядзела ў Сашкі на каленях і вішчала ад радасці. Здаралася, што калі Сашка пераставаў іграць, дык які-небудзь прастадушны рыбалоў, які толькі цяпер зразумеў цуд, Сашкавага вяртання, раптам усклікваў з наіўным і радасным здзіўленнем::
— Хлопчыкі, дык гэта ж Сашка!
Густым іржаннем і вясёлай лаянкай напаўняліся залы Гамбрынуса, і зноў Сашку хапалі, падкідвалі да столі, дзёрлі горла, пілі, чокаліся і аблівалі адзін аднаго півам...
Сашка, здавалася, зусім не змяніўся і не пастарэў за сваю адсутнасць: час і гора гэтак жа мала закранулі яго знешнасць, як і вылепленага Гамбрынуса, ахоўніка і абаронцу піўной. Але пані Іванова з чуйнасцю сардэчнай жанчыны заўважыла, што з Сашкавых вачэй не толькі не знік выраз смутку і жаху, які яна бачыла ў іх пры развітанні, але зрабіўся яшчэ больш глыбокі і значны. Сашка па-ранейшаму крыўляўся, падміргваў і збіраў на лбе маршчыны, але пані Іванова адчувала, што ён прыкідваецца.