VII
Усё пайшло сваім ладам, як быццам зусім не было ні вайны, ні Сашкавага палону. Гэтак жа адзначалі шчаслівы ўлоў бялугі і лабана рыбакі ў ботах-веліканах, гэтак жа танцавалі каханкі злодзеяў, і Сашка па-ранейшаму іграў матроскія песні, якія ён прывёз з усіх гаваняў зямнога шара. Але ўжо набліжаліся стракатыя зменлівыя бурныя дні. Аднойчы ўвечары ўвесь горад загуў, захваляваўся, нібы патрывожаны набатам, і ў незвычайны час на вуліцах зрабілася чорна ад народу. Маленькія белыя лісткі хадзілі па руках разам з цудоўным словам: «свабода», якое ў гэты вечар безліч разоў паўтарала ўся неабдымная, даверлівая краіна.
Насталі нейкія светлыя, святочныя, урачыстыя дні, і ззянне іх асвятляла нават падзямелле Гамбрынуса. Прыходзілі студэнты, рабочыя, прыходзілі маладыя дзяўчаты. Людзі з дапытлівымі вачыма станавіліся на бочкі, якія так многа бачылі ўсяго на сваім вяку, і гаварылі. Не ўсё было разабраць у гэтых словах, але ад той палымянай надзеі і вялікай любві, якая ў іх гучала, моцна білася сэрца і раскрывалася ім насустрач.
— Сашка, марсельезу! Сма-алі! Марсельезу!
Не, гэта было зусім не падобна да той марсельезы, якую з такой неахвотай дазволіў іграць граданачальнік у тыдзень франка-рускіх урачыстасцей. Па вуліцах хадзілі бясконцыя працэсіі з чырвонымі сцягамі і песнямі. На жанчынах пунсавелі чырвоныя стужкі і чырвоныя кветкі. Сустракаліся зусім незнаёмыя людзі і раптам, светла ўсміхнуўшыся, паціскалі рукі адзін аднаму...
Але ўся гэтая радасць імгненна знікла, нібы яе змыла, як сляды дзіцячых ножак на марскім узбярэжжы. У Гамбрынус аднойчы ўляцеў памочнік прыстава, тоўсты, маленькі, з вылупленымі вачыма, цёмна-чырвоны, як пераспелы памідор.
— Што? Хто тут гаспадар? —хрыпеў ён.— Падавай гаспадара!
Ён угледзеў Сашку, які стаяў са скрыпкаю.
— Ты гаспадар? Маўчаць! Што? Гімны іграеце? Каб ніякіх гімнаў!
— Ніякіх гімнаў больш не будзе, ваша высакароддзе,— спакойна адказаў Сашка.
Паліцэйскі каля самага носа ў Сашкі грозна памахаў указальным пальцам.
— Ні-я-кіх! Я вам пакажу рэвалюцыю, я вам пакажу-у-у!
Памочнік прыстава, як бомба, вылецеў з піўной, і ўсіх адразу ахапіў смутак.
I на ўвесь горад апусціўся змрок. Хадзілі цёмныя, трывожныя, агідныя чуткі. Гаварылі асцерагаючыся, баяліся выдаць сябе позіркам, палохаліся свайго ценю, нават уласных думак. Горад упершыню з жахам падумаў аб той гразі, якая глуха варочалася пад яго нагамі, там унізе, ля мора, і ў якую ён так многа год выкідваў свае атрутныя выпаражненні. Горад забіваў шчытамі люстраныя вокны сваіх шыкоўных магазінаў, ахоўваў патрулямі гордыя помнікі і расстаўляў на ўсякі выпадак па дварах цудоўных дамоў артылерыю. А на ўскраінах у смуродных каморках і на дзіравых гарышчах дрыжэў, маліўся і плакаў ад жаху выбраны народ божы, які даўно быў пакінуты гнеўным біблейскім богам, але які да гэтага часу верыў, што мера яго цяжкіх выпрабаванняў яшчэ не напоўнілася.
Унізе, каля мора, у вуліцах, якія былі падобны да цёмных ліпучых кішак, адбывалася таемная работа. Насцеж былі расчынены ўсю ноч дзверы шынкоў, чайных і начлежак.
Раніцою пачаўся пагром. Тыя людзі, якія аднойчы, расчуленыя ўсеагульнай чыстай радасцю і замілаваныя святлом будучага брацтва, ішлі па вуліцах з песнямі, пад сімваламі заваяванай свабоды,— тыя ж самыя людзі ішлі цяпер забіваць і ішлі не таму, што ім было загадана, і не таму, што яны былі варожа настроены супраць яўрэяў, з якімі часта падтрымлівалі сяброўскія адносіны, і нават не дзеля карысці — бо ці была яна, а таму, што брудны, хітры д'ябал, які жыве ў кожным чалавеку, шаптаў ім на вуха: «Ідзіце. Усё будзе беспакарана: забароненая цікаўнасць забойства, слодыч разбою, улада над чужым жыццём».
У дні пагромаў Сашка свабодна хадзіў па горадзе са сваёй смешнай, як у малпы, чыста яўрэйскай фізіяноміяй. Яго не чапалі. У ім была тая непахісная душэўная смеласць, тая НЯБОЯЗНЬ БОЯЗІ, якая ахоўвае нават слабага чалавека лепш за ўсякія браўнінгі. Але адзін раз, калі ён, прыціснуты да сцяны дома, саступіў з дарогі натоўпу, які бураю ліўся праз усю шырыню вуліцы, нейкі муляр, у чырвонай кашулі і белым фартуху, замахнуўся над ім зубілам і зарыкаў:
— Жы-ыд! Бі жыда! Да кры-ыві!
Але нехта схапіў яго ззаду за руку.
— Стой, чорт, гэта ж Сашка. Ёлупень ты, такую тваю ў сэрца, у печань...
Муляр спыніўся. Ён у гэты хмельны, дзікі, бяздумны момант гатовы быў забіць каго хочаш — бацьку, сястру, свяшчэнніка, нават самаго праваслаўнага бога, але гэтак жа быў гатовы, як дзіця, паслухацца загаду кожнай цвёрдай волі.
Ён ашчэрыўся, нібы вар’ят, плюнуў і выцер нос рукою. Але раптам на вочы яму трапіўся белы нервовы сабачка, што, калоцячыся, круціўся каля Сашкі. Хутка нагнуўшыся, ён злавіў яго за заднія ногі, высока падняў, стукнуў галавой аб пліты тратуара і пабег. Сашка моўчкі глядзеў на яго. Ён бег, увесь нахіліўшыся наперад, з працягнутымі рукамі, без шапкі, з разяўленым ротам і вачыма, круглымі і белымі ад шаленства.