Іван Шамякін
Гандлярка і паэт
I
Бацька Вользін быў гарбар, з сям’і патомных мінскіх гарбароў, якія ў далёкія часы выраблялі скуры саматужна, а пры савецкай уладзе працавалі на заводзе.
Вольга з маленства не надта любіла бацьку, можа, праз тое, што пасля работы ад яго непрыемна пахла, хоць баялася яна бацькі менш, чым маці, бо ён ніколі не біў і рэдка лаяў нават, увогуле чалавек быў мяккі, добры, не піў, як іншыя гарбары, хіба на свята ці калі збіраліся госці, мог узяць чарку, але заўсёды ведаў меру, п’янюг ненавідзеў, сына старэйшага неўзлюбіў, калі той прыахвоціўся да праклятага зелля.
Міхала Ляновіча на Камароўцы паважалі, але лічылі, што дабрабыт сям’і, нават значная па тым часе заможнасць, якой суседзі зайздросцілі, трымаецца не на заробку гарбара, хоць майстар ён і добры, а на працы і гандлі Ляновічыхі, вядомай цёткі Хрысці, нявыбранай, але прызнанай старасціхі ўсіх камароўскіх гандлярак; яе нават міліцыянеры баяліся, бо тых, хто з ёй сябраваў, яна шчодра частавала, а тых, хто хацеў перашкодзіць ёй ці ўсёй «гандлёвай карпарацыі», магла зняславіць не на адзін рынак — на ўвесь горад.
Дом Ляновічаў у ціхім завулку, вельмі гразным вясной і ўвосень, знешне не выглядаў лепшым за іншыя дамы раёна даўняй прыватнай забудовы — звычайны камароўскі драўляны дом яшчэ бадай вясковага стылю. Але ў доме было поўна: найлепшая для таго часу мэбля, дываны на сценах, адзенне ў трох вялікіх, як кантэйнеры, шафах, розны посуд, швейная машына, ажно два веласіпеды, два самавары, не кажучы ўжо пра тое, што хавалася ў двух вялікіх паграбах і на гарышчы. I ўсё гэта набыта Ляновічыхай, яе працай, яе камерцыйнай увішнасцю. «Па заробку майго старога з галадоўкі пухлі б», — хвалілася Хрысця, падвыпіўшы, суседкам, а выпівала яна часцей за мужа: то камусьці трэба было «падмазаць», то крышку пагрэцца ў зімовы і асенні час, калі ад холаду пальцы рабіліся драўляныя і не маглі пакупніку адлічыць рэшту — медзякі. Але ж і працавала яна, як нявольніца, рабыня. Ад цямна да цямна. Пры доме быў добры гарод, сотак дваццаць. Камароўскія гароды ўвогуле славіліся не толькі да вайны, але доўгі час і пасля вайны ўжо, пакуль замест драўляных хацін не пачалі вырастаць шматпавярховыя камяніцы — новы горад.
Гаспадарку цётка Хрысця вяла на ўзроўні вышэйшых агранамічных дасягненняў. Мала хто ў той час меў цяпліцы, а ў яе былі. Самыя раннія радыска і салата на рынку з’яўляліся на пастаянным прылаўку Ляновічыхі, і пакупнікі ў яе былі пастаянныя, сам Якуб Колас купляў, чым яна часта хвалілася. Пасля ішлі самыя раннія гуркі, бульба, памідоры, хіба толькі аднаго не ўмела — каб яблыкі паспявалі раней, чым у іншых. Але не толькі на гародзе яна рабіла і на рынку гадзінамі прастойвала, заклікаючы пакупнікоў і расхвальваючы свой тавар больш дасціпна, чым хто: на яе звонкі голас, жарты, вясёлы смех сапраўды ішлі ахвотна. Дома яе чакала іншая гаспадарка — жывая. У хляве ў катухах заўсёды рохкалі два вепрукі, большы і меншы, аднаго калолі — на яго месца тут жа куп-ляўся падсвінак, бесперапынны канвеер; кудахталі куры, бамкалі індзюкі, а пазней, калі па радыё пачалі агітаваць калгасы заняцца трусагадоўляй, Ляновічыха завяла трусоў і хутка пераканалася, што гэта сапраўды-такі выгадная жывёліна — хутка плодзяцца і хутка растуць, хоць, праўда, мяса трусінае куплялі неахвотна. «Некультурныя вы людзі», — гаварыла яна тым, што часам выскаляліся: «А не каты гэта, цётка?» Некаторых яна не проста абвінавачвала ў адсталасці — секла ў вочы: «А такога дурня толькі кацяцінай і трэба карміць!»
Пасля яна дамовілася і здавала трусоў у сталоўку на Пушкінскай вуліцы, адкуль брала памыі для свіней; у сталоўцы студэнты ўсё з’ядуць, у тыя перадваенныя гады не дужа было.
Дзяцей Ляновічыха любіла і шкадавала па-свойму — тым, што жыла, працавала дзеля іх, не дзеля сябе, сама толькі на святы дазваляла сабе ўбрацца так, каб суседкі лопалі ад зайздрасці, а ў будні нічым не вылучалася сярод іншых камароўскіх баб. Для іх, дзяцей, старалася набыць як можна больш дабра. Ва ўсім іншым была бязлітасная: працаваць дзяцей прымушала, як толькі яны пачыналі хадзіць і бегаць. Адным словам — з самага ранняга дзяцінства.
Першае, што Вольга помніла ў жыцці, гэта як певень збіў яе з ног, калі яна карміла курэй. Колькі ж ёй было гадоў, што певень мог паваліць? Можа, тры годзікі, не больш.
Дзяцей мелі не многа для такой сям’і — усяго трое. Старэйшая дачка памерла ад адзёру, засталіся два хлопцы і Вольга, самая малодшая. Натуральна, што старая Ляновічыха больш любіла адзіную дачку. Але не песціла, наадварот, Вользе пападала, можа, больш, чым хлопцам, бо тыя раней вылецелі з роднага гнязда, а Вольга заставалася; нават калі замуж выйшла, то яе не павезлі ў «чужую старонку», а зяць прыйшоў у дом прымаком. Па Вользе да самага замужжа яе Ляновічыха не саромелася «пагуляць» і дзягай, і фартухом, і сцяблом сланечніка, ды і слоў не выбірала, такія часам ужывала, што коні на рынку чырванелі. Суседзі слухалі і смяяліся: «Хрысця сваіх хрысце». А Міхал ушчуваў жонку: «Людзей пасаромейся». Але тут жа пасля сваркі Хрысціна магла з гонарам пахваляцца дачкой: «Уся ж у мяне, зараза». Для яе не дачка — сыны аказаліся адрэзанымі кавалкамі. Так яна марыла, каб яны засталіся на гаспадарцы і па-свойму, па-мужчынску прадоўжылі яе справу, памнажалі тое, што яна набыла для іх сваёй катаржнай працай. Не, не прывабіла іх гэта. Праўда, старэйшы, Казімір, пацягнуў сваю долю з набытага ды яшчэ і незадаволены застаўся. Але Ляновічыха не магла дараваць яму, што ажаніўся з развядзёнкай, у прымакі да яе пайшоў на Старажоўку. А малодшы, Павел, дык той увогуле пасля сёмага класа падаўся ў ваеннае вучылішча, ажно ў Саратаў некуды заехаў. Бацьку гэта падабалася, ды з думкай гарбара мала хто лічыўся, а яна, маці, назвала Паўла дурнем, на дарогу грошай не дала, бацька ўпотай ад яе сабраў сына, правёў на вакзал. Але калі Павел праз тры гады вярнуўся лейтэнантам, Ляновічыха, убраўшыся ў лепшае, з вялікім гонарам абышла з сынам бадай жа ўвесь горад — няхай глядзяць людзі! Нават у оперу пайшла, дзе ніколі не была. Па Камароўскім рынку ў дні гасцявання сына хадзіла, як багатая пакупніца, ловячы то насмешлівыя, то зайздросна-ліслівыя ўсмешкі сябровак і рыначнай прыслугі.