Спыніла яна свае вылазкі пасля таго, як у руінах вялікага дома на Камсамольскай немцы абстралялі іх з аўтамата. Без усялякага папярэджання. Хаўрусніца, немаладая ўжо жанчына са Старажоўкі, ускрыкнула і ткнулася галавой у друз. Вольга скацілася па ўсходцах лесвіцы, як нежывая, пабіла галаву, паабдзірала калені. На жываце. як параненая кошка, выпаўзла з таго злашчаснага дома.
Вось яны якія, немцы! Могуць не звярнуць увагі, калі ты цягнеш на плячах прыёмнік, і могуць пачаць страляць проста так, дзеля забаўкі, ці што. Дарэчы, у той дзень было ўжо адно папярэджанне: на яе вачах на Нямізе застрэлілі старога яўрэя; ён, адзеты ў зашмальцаваную сукню, ішоў з новым скураным чамаданам, які вельмі ж не пасаваў да яго выгляду, да яго беднасці. Двое гітлераўцаў у чорнай форме падышлі да яўрэя, адзін узяў яго за бараду, нічога не кажучы, дастаў пісталет і выстраліў старому ў… шыю, у кадык. Вольга ўбачыла, як пырснула кроў, і ледзь не самлела. Безумоўна, пасля таго здарэння трэба было да д’ябла кінуць усе анучкі, бо ў той дзень яны сапраўды падбіралі адны анучкі — нічога добрага ўжо не засталося, і бегчы дадому, да Светкі, і жыць. як Лена Бароўская, як іншыя суседзі: нікуды не выходзіць, чакаць… Але па-абывацельску разважыла: дык то ж яўрэй, немцы не любяць яўрэяў, а яна ж беларуска і нічога шкоднага не робіць — быццам ведала, што той стары зрабіў нешта шкоднае.
II
— Дранікі! Дранікі! Гарачыя дранікі, — крычала Вольга, пляскаючы ў далоні і прытанцоўваючы ад холаду. Але ў той дзень і на такі ласунак, як гарачыя дранікі, не надта кідаліся, не так, як раней, калі на рынках пачалі гандляваць харчам, які можна тут жа з’есці. Голад — найлепшы эканаміст — падказаў тым, у каго было што прадаць, як гэта зрабіць найвыгадней. Да вайны вараным ды смажаным не гандлявалі, не было патрэбы. Хто б гэта пачаў есці на рынку? Хіба п’янюга які. Праўда, Вользе расказвала маці, што пры нэпе тут, на рынку, стаялі жароўні, на іх смажыліся кілбасы, гатавалася верашчака, пякліся бліны… Але тады было прадуктаў, а таму нэпманы і вынаходзілі, як прывабіць пакупніка. Цяпер жа, у акупацыі, такі гандаль ад галадухі. Вольга адна з першых здагадалася, што патрэбна людзям, якія блукалі па рынку і нават на качан капусты глядзелі галоднымі вачамі. Каб нехта ўпікнуў яе, што яна абірае галодных, то яна плюнула б такому ў вочы. Не, яна памагае людзям, робіць дабро, няхай скажуць дзякуй, што ёй удалося і бульбы накапаць, і мукі запасці, і алею. Урэшце, прадаць усё гэта можна, не выходзячы з дома, цяпер любыя прадукты з рукамі адарвуць, дзякуй скажуць. А яна пячэ гэтыя дранікі, сама ж дровы купляе тут, на рынку. і пасля стаіць на холадзе, дубянее. Пра тое, што без гандлю яна ўжо не можа жыць, што гэта зрабілася для яе патрэбай, сутнасцю існавання, — пра гэта яна не думала. Натура прымітыўных людзей, нават зладзеяў і катаў, такая, што любым сваім учынкам яны шукаюць высакароднае апраўданне: адны тлумачаць іх нейкімі вялікімі ідэямі, другія — жаданнем жыць, не памерці з голаду, карміць дзяцей і г. д.
Што не кідаліся на дранікі, не расхоплівалі іх, Вольгу не вельмі непакоіла: не прападзе яе тавар, прадасць — голад, як кажуць, не цётка.
На рынку ў той дзень было пуставата. Моцна захаладала. Рана захаладала — сярэдзіна кастрычніка ўсяго, у мінулыя гады ў такі час ззяла золатам бабіна лета. А тут, як на гора тое, ужо добра марозіла. Але пазаўчора, учора яшчэ грэла скупое асенняе сонца, а ў той дзень па небе ляцелі цяжкія цёмныя снежныя хмары, разы два сыпаліся снежныя крупы, потым хмары парвала, шугануў вецер, ён узнімаў на рынку пясок, засыпаў вочы. Было няўтульна, сумна і трывожна. Рынак апусцеў, пэўна, і па іншай прычыне: учора была аблава, некаторых падазроных пахапалі паліцыя і СД. Аблава Вользе не спадабалася. Калі яны часта пачнуць учыняць такі разгон, то які дурань будзе хадзіць на рынак і што тады застанецца ад свабоднага гандлю, які новая ўлада дакляравала? За сябе яна не баялася — мела знаёмых і ў паліцыі, і нават сярод немцаў; лёгка завесці знаёмства, калі маеш чым пачаставаць, самі ліпнуць, як мухі на мёд.
Падышоў высокі мужчына з акуратна падстрыжанымі вусікамі, апрануты трохі дзіўна — у старым пакамечаным капелюшы і ў новым кажушку, чырвоным, вышытым жоўтымі ніткамі. Выгляд яго Вольгу не здзівіў: цяпер шмат хто так апранаецца — палавіна ўбору гарадскога, палавіна сялянскага. Але на кажушок яна пазайздросціла, падумала, што вышыўка на ім жаночая — навошта мужчыну такія галуны, ёй бы яны больш падышлі.