— Па чым дранікі, прыгажуня?
— Тры маркі за пару.
— Ого, кусаюцца ж яны ў цябе.
— Бо іх кусаць можна, таму і яны кусаюцца.
— А ты вясёлая.
— А чаго мне бедаваць?
— Праўда, навошта нам бедаваць, калі можна гандляваць.
Ён амаль што праспяваў гэтыя словы, і такі яго тон пакрыўдзіў Вольгу.
Але яна навучылася маўчаць. А то яшчэ наскочыш на якога-небудзь агента гестапа. Выказала крыўду нязлосна:
— Стань на маё месца, пакалей тут… А бульбу — ідзі купі яе, прывязі ў горад…
Мужчына засмяяўся:
— Вазьмі мяне ў прымакі. Буду забеспячэнцам.
— Многа вас набіваецца ў прымакі. У мяне муж ёсць.
— Не шанцуе, — цмокнуў ён.
— Дык даць дранікі?
— Не зарабіў я на іх.
— Прадай дублёнку.
— А сам у чым пайду? Зіма наступае.
— Я табе шынель дам. Кілё сала. Літр самагонкі. I накармлю да пуза.
Ён весела свіснуў — з іроніяй:
— Добрая ж цана.
— Хіба мала даю?
— Ды не, шчодра. Але шынель мне пакуль што не трэба, — ён спахмурнеў і развітаўся: — Будзь здарова, гандлярка.
Слова гэтае — гандлярка — Вольга не любіла. Сам гандаль не ганьба, праца не горшая за іншую, так лічыла маці яе, так і яна лічыла, а слова зневажала, пры бальшавіках яно было што лаянка.
Падышоў знаёмы паліцэйскі — Хведар Друцька.
«З’явіўся нахлебнічак, без вас нідзе не абыдзецца», — падумала Вольга, але без злосці, бо Друцьку гэтага прызнавала за чалавека — не нахабнік, не хапуга, ласкавы, добры, а галоўнае — малады і прыгожы. Вольга не любіла старых. Але і Друцькава ласкавасць яе насцярожвала.
— Не змерзла?
— Не-эк.
— Кроў у цябе кіпіць. А я скалеў, пальцы не магу разагнуць. Адкуль ён, такі холад? Рана ж яшчэ.
Вольга стоена ўздыхнула, бо ведала, чаго чакае паліцай, калі прызнаецца, што змёрз. Нахілілася пад прылавак, не выцягваючы з каша, накрытага хусцінай, пляшку, наліла з яе ў салдацкую конаўку, працягнула Друцьку. Той азірнуўся, як бы нават і сарамліва, але гандляркі-суседкі адвярнуліся: яны, маўляў, не бачаць, у каго частуецца пан паліцэйскі. А пан вельмі ж спрытна, проста з размаху, выплюхнуў паўконаўкі смярдзючай гары ў зяпу. I застыў, як бы прыслухоўваючыся да сігналу далёкай трывогі, потым весела крактануў:
— Во калі, падла, дайшла да жылачак. Агонь! Полымя!
Вольга перад гэтым падумала: «Жлукці, каб табе вантробы папаліла», — але ад пахвалы засмяялася, урэшце, скупой яна ніколі не была, пачаставаць чалавека ёй заўсёды было прыемна.
Разгарнула старую коўдру, дастала з каструлі відэльцам два дранікі і зноў падумала: «На, тарбахват, закусі».
Паліцай абодва дранікі запіхнуў у рот, пракаўтнуў, амаль не жуючы. Пахваліў:
— Смачнае ў цябе ўсё, Вольга. Добрая ты гаспадыня. Бяры мяне ў прымы.
Вольга весела крыкнула суседцы:
— Чулі, цётка Стэфа? Яшчэ адзін прымак. Во шанцуе бабе! — I да паліцая: — Тут перад табой, пабачыў бы, які пан напрошваўся ў прымакі. Ого! Мужчына — во! А які кажушок на ім!
Друцька спахмурнеў:
— З паноў не бяры. Каторага з нас, мужыкоў, выбірай.
— Пра што гэта вы плешчаце? У яе муж ёсць, — абараніла Вольгу суседка.
— Дзе ён, яе муж? — самагонка ўдарыла ў галаву, і Друцька, адразу пачырванелы, лісліва ўсміхнуўся; хацелася яшчэ выпіць, і ён крыху патаптаўся перад Вольгай, але вымагаць не стаў, пайшоў шукаць іншых, хто плаціў даніну гэткай жа вадкай натурай.
— Во панадзіліся! — сказала Стэфа. калі паліцай адышоў.
Праз нейкі час яны гуртом, чацвёра старых гандярак, абмяркоўвалі памеры хабару, які належыць даваць паліцаям і нямецкаму патрулю — каму колькі, каб была адна норма, адна тактыка.
У размове Вольга не ўгледзела, як перад яе месцам за прылаўкам з’явілася Лена Бароўская, ці проста не адразу пазнала сяброўку, калі тая падыходзіла, не звярнула ўвагі. З таго часу, як пасварыліся ў пачатку вайны, яны не размаўлялі і бачылі адна адну хіба здалёк.
Лена была ў старым паліто, залішне лёгкім для такога надвор’я, галава абкручана клятчастай, як плед, хусткай, цёплай, але старамоднай — такія хусткі хіба яшчэ да рэвалюцыі насілі. Праўда, цяпер, у акупацыю, ніякае адзенне не здзіўляла, бо выцягнулі ўсё старое з куфраў — старыя футры, сурдуты, сарафаны, світкі, андаракі, насілі іх, гандлявалі імі, выменьвалі на прадукты. Але Лену хустка гэтая вельмі старыла, бабуляй рабіла. Вольга ажно разгубілася, калі нарэшце пазнала яе, адзначыла: схуднела вельмі Лена, твар выцягнуўся, пажаўцеў, нос падаўжэў, а пад некалі прыгожымі блакітнымі вачамі — сінякі, як пасля цяжкай хваробы. З-за гонару Вольга не павіталася, чакала — няхай яна, Лена, першая павітаецца.