Лена не сказала «дзень добры», але ўсміхнулася пасінелымі вуснамі па-сяброўску, прымірэнча і, перасмыкнуўшыся, паскардзілася:
— Х-холадна.
Гэтага было даволі, Вользе стала шкада сяброўку, хоць сям’ю іх асудзіла: «Дурні яны, гэтыя Бароўскія. Як дзеці. Усе ж дома — і стары, і маці, і браты. I нічога не ўмеюць зрабіць, каб не галадаць… Пры Саветах — Лена і бацька стаханаўцамі былі…»
— Драніка хочаш? — нечакана для сябе спытала Вольга.
— Хачу, — проста адказала Лена.
Адкусвала яна маленькімі кавалачкамі, грэючы цёплым дранікам рукі і смакуючы яго, як самы дарагі ласунак. Вочы яе, патухлыя, застылыя, бясколерныя, адразу ажылі, ветліва ўсміхнуліся — і ў іх заззяў ранейшы блакіт. Вольга таксама адтавала, радасна зрабілася ад таго, што школьная сяброўка пасля даўняй сваркі прыйшла першая і так хораша ўсміхаецца.
— Даць яшчэ дранік?
— Калі не шкадуеш.
— Табе — не шкадую.
— Не баішся, што сама застанешся без бульбы?
— Не баюся.
— Запаслівая ты.
— Ды ўжо ж, варон не лавіла, — яўны дакор ім, Бароўскім.
Але ці то Лена не сцяміла, ці вырашыла не звяртаць на такія дакоры ўвагі, ці, можа, голад навёў на думкі, што жыць трэба інакш. Ва ўсякім разе, Вользе ўсё больш і больш падабалася, што Лена такая лагодная, пакорлівая, без гонару свайго камсамольскага, які яна мела і ў школе, і калі рабіла ў друкарні, і асабліва на пачатау вайны.
— Дадому не збіраешся? — спытала Лена, даеўшы другую пару дранікаў паспешліва ўжо, не так, як першую.
Вольга здагадалася, што Лена мае сказаць нешта такое, пра што тут, на рынку, гаварыць не адважваецца.
— А праўда, які гандаль у такую халадзіну! — і, здзівіўшы суседак, паставіла загорнутую ў коўдру каструлю з дранікамі ў лазовы кош, ускінула кош на плячо, Лене сунула цыратавую кайстру з самагонкай і буракамі.
Друцька, якому не ўдалося больш ні ў кога пажывіцца, вярнуўся да Вольгі, убачыў, што яна адыходзіць, расчаравана разявіў рот і нейкі час ішоў следам.
Можа, таму, што ўбачылі за сабой паліцая, хоць і на значнай адлегласці, ці таму, што гразь за дзень адтала і трэба было ісці адна за адной, след у след, наступаючы на адны і тыя ж цагліны і кладкі, каб не трапіць у лужы, яны доўга ішлі моўчкі. Калі выйшлі на сваю, больш сухую, пясчаную вуліцу, пайшлі побач, азірнуліся: паліцай адстаў, заставалася ў яго яшчэ трохі сумлення, каб не ісці па другую шклянку самагонкі ў дом.
Вольга спытала:
— Што ты робіш, Лена?
— Працую.
— Дзе?
— У друкарні.
— У нямецкай? — вельмі здзівілася Вольга.
— Трэба ж неяк жыць.
— Во гэта праўда! — Вольга бадай што крыкнула ад радасці. — Трэба неяк жыць! А ты мяне ўпікала.
Лена змаўчала наконт таго, завошта яна ўпікала сяброўку і завошта магла б і цяпер асудзіць. Лена нечакана папрасіла:
— Слухай, забяры аднаго чалавека з лагера ў Драздах.
— Як жа я забяру яго?
— Як мужа. Ці мала жанчын забралі мужоў…
Вольга ведала: некаторыя мінчанкі і жанчыны з навакольных вёсак узялі хто свайго мужа, калі яму пашчасціла апынуцца тут, блізка ад дому, а хто і чужога. Вольга таксама хадзіла ў Дразды, у Сляпянку, ездзіла ў Барысаў, шукала свайго Адася. За добры выкуп немцы аддаюць палонных чырвонаармейцаў, камісараў не адцаюць.
— У мяне ёсць муж. Што скажуць суседзі?
— Ты толькі выкупі яго ды вывезі з лагера, а там ужо не твой клопат.
— Ага, каб варта падстрэліла. Было ж ужо, кажуць, такое, што пачалі страляць у баб. Пакладзеш галаву немаведама за каго.
Лена спынілася, прымусіўшы і Вольгу спыніцца; начапіўшы кайстру на руку, схапіла Вольгу за штрыфлі паліто, вочы яе гарэлі, шчокі хваравіта запунсавеліся.
— Волька, гэта вельмі патрэбны чалавек.
— Каму патрэбны? Табе? То і забірай яго.
— Народу… народу патрэбны, — дзіўна, як бы захлынаючыся, прашаптала Лена.
— О, любая мая! — лёгка засмяялася Вольга. — Што мне думаць пра народ! Народ пра мяне не думае… Ты пра мяне думаеш?..
Лена рыўком прыцягнула яе да сябе і горача зашаптала ў твар:
— Волька! Няможна так… нельга… не думаць пра народ. Калі-небудзь у нас запытаюць. Дзеці нашы запытаюць… што мы зрабілі, каб вызваліцца ад навалы гэтай… Ты хочаш, каб твая Света вырасла ў рабстве? Ды ці вырасце ўвогуле! Ты яшчэ не ўведала, што такое фашызм!