— Калі я буду жывая, то вырасце і дачка мая. А калі мяне павесяць, як тых, у скверы, то пра дзіця маё ніхто не падумае. Ніхто!
— Я цябе не ўцягваю ў партызаны. Я цябе прашу выратаваць чалавека…
— На храна мне твой чалавек!
— Эх, Волька, Волька, — лёгенька адпіхнуўшы Вольгу, з вялікім смуткам і расчараваннем сказала Лена, павярнулася і адбегла з сярэдзіны вуліцы пад плот, быццам спалохалася ці шукала схованку ад чужых вачэй.
«Ну, і пайшла ты…» — у той першы міг хацела крыкнуць Вольга і дадаць базарнае слова. Але Лена адыходзіла павольна, маленькая, ссутуленая, як бабуля, у старамоднай хустцы, і Вользе раптам зрабілася шкада яе. I сябе. А яшчэ сяброўства з Ленай пашкадавала, бо зразумела, што калі крыкне так, то разыдуцца яны назаўсёды, на ўсё жыццё ворагамі стануць. А ворагаў хапае. Але не толькі гэта спыніла. Было многа іншага. Узнялася цэлая завіруха пачуццяў, самых супярэчлівых. Цэлы дзень пасля, парадкуючы ў доме, яна старалася навесці парадак у галаве сваёй, у сэрцы. Праўда, хіба прышэльцы ў зялёных і чорных мундзірах, з чужой мовай — сябры яе? Навошта ж яшчэ і сваім рабіцца ворагамі? Хапае гэтай брыдоты — паліцаі, што звяры. Не да паліцаяў жа ёй, Вользе, гарнуцца, хоць і вымушана часам частаваць іх. А да каго, да каго ёй гарнуцца? Да такіх, як Лена? Але ж вельмі падобна на тое, што гэтая зацятая камсамолка звязана з дыверсантамі, з партызанамі, якія дзейнічаюць тут, у горадзе, пра якіх шэпчуцца людзі, а немцы вывешваюць загады, пагражаюць усім, хто бандытаў падтрымае, смерцю і павесілі ўжо колькі чалавек у скверы ля Дома Чырвонай Арміі, вінаватых ці невінаватых — невядома, можа, проста каб пастрашыць. Не, з Ленай ёй не па дарозе. Але разам з тым людзі такія, як уся сям’я Бароўскіх, што жывуць у холадзе і голадзе, не схіляюць галавы перад немцамі, не гнуць спіны, упершыню неяк зусім інакш, не па-абывацельску — каб перамыць ім костачкі з суседкамі на рынку — зацікавілі Вольгу, больш таго, яна адчула да іх павагу, ад якой самой зрабілася страшна. Калі пра іх так думаць, то і палюбіць іх можна, захапіцца імі і пайсці за імі, на смерць пайсці. Лепш было пасварыцца з Ленай, няхай бы трохі пашкраблі кошкі на душы, але потым жыла б яна спакойна, не ведаючы ніякіх Бароўскіх, і нічога не баялася б. Урэшце, і пры немцах жыць можна, калі не быць дурнем, гандлёвай справе нават большы прастор, чым пры Саветах. Можна сваю крамку мець, пра што, між іншым, яна марыла, дзеля чаго збірала маркі; не трэба будзе тады калаціцца на рынку ад холаду і страху, сядзі сабе ў цеплыні, адважвай ці адмярай тавар, на які атрымаеш дазвол, і да цябе з павагай будуць: «Пані Ляновічыха…»
Не, у тую ноч не павага да такіх, як Лена, не захапленне імі вызначала яе рашэнне. Іншае. Вольга думала пра тое, што ўсё часцей і часцей да яе заглядаюць паліцаі і, падвыпіўшы, ліпнуць са сваімі брыдкімі пяшчотамі. Ад паліцаяў яна пакуль што адбівалася: каму мусіла дарыць пацалунак як надзею на большае, абы ў той час адчапіўся, а каму аплявуху і кухталя — не лезь па чужое. Ды вось разам з паліцаямі пачалі заходзіць немцы і таксама пазіраюць, як каты на сала. А гэтыя гады не будуць цырымоніцца, згвалцяць на вачах у дзіцяці, у старой Марылі, у душу наплююць, зняславяць на ўвесь горад. Гэтага яна баялася, як смерці. Дык чаму ж ёй не ўзяць у дом мужчыну? Узялі ж некаторыя бабы, у якіх мужы, як і ў яе, на вайне. Пры мужчыну, ды яшчэ калі ён называецца мужам, не адважацца нахабнічаць. Адась? Што ж, калі ён вернецца (Божа мой, калі гэта можа здарыцца!), яна пакаецца… Хоць, магчыма, і каяцца не трэба будзе. Няма сумнення, што Лена мае заданне выратаваць не абы-каго, а напэўна, камандзіра ці камісара, камуніста, відаць, немаладога чалавека ўжо. Такі, нават жывучы ў адным доме, не стане пасягаць на яе жаночы гонар. А калі ўжо здарыцца грэх — сама яна не выстаіць, то няхай гэта будзе з адным, са сваім чалавекам, па-добраму, па згодзе.
Што ён будзе за чалавек, чым зоймецца на волі — пра гэта не думала, далёка наперад не заглядвала.
Фашысты не хавалі лагеры ваеннапалонных, знарок, каб настрашыць, выстаўлялі іх на відных месцах, побач з дарогамі, чыгункамі; дулаг у Драздах быў заснаваны ў першыя ж дні акупацыі, за нейкія два кіламетры ад горада, побач з вёскай Дразды — на другім, левым, беразе Свіслачы, паміж двума ўзгоркамі, на адным з якіх, як на могілках, раслі сосны, другі быў голы, што бубен. З узгоркаў гэтых, з вартавых вышак на іх добра праглядвалася ўсё наваколле, на пустым асеннім полі відаць быў кожны чалавек.
Лена Бароўская не раз ужо хадзіла ў гэты лагер, ведала, адкуль, з якога боку падпускаюць да калючага дроту, нават мела знаёмых вартавых, калі лічыць знаёмствам тое, што некалькі немцаў ужо ведалі маладую жанчыну, якая настойліва шукае брата, бо сказалі: брата яе бачылі тут. Яны, немцы, у пэўным сэнсе былі даверлівыя, верылі, што яна шукае брата, але пасміхаліся з яе наіўнасці: брат яе мог, безумоўна, быць тут, аднак зусім натуральна, што ён даўно ўжо ляжыць у брацкай магіле, дзе яго ніхто не знойдзе — ні сястра, ні маці, ні суд гісторыі.