Выбрать главу

Вольга і Лена ішлі па палявой сцежцы ўбаку ад гравійкі. Сцежка гэта была пратаптана гараджанамі і падводзіла да тылавой агароджы лагера — да тых умоўных варот, праз якія жанчыны пазнавалі сваіх. Тут яны падыходзілі да калючага дроту, тут дазвалялі збірацца палонным. Адгэтуль радзей адганялі, чым ад сапраўдных варот, што каля шашы. Так варта, пэўна, хавала гандаль палоннымі ад высокага начальства. Але і ў парушэнні інструкцый немцы любілі парадак: тут, ля дроту, пазнавалі свайго, а дамаўляцца, абышоўшы далёка па полі, ідзі да прахадной, толькі там можна гаварыць з лагерным начальствам. Калі хадзілі ўздоўж дроту — гэтага варта не любіла, па тых, хто ішоў паўз агароджу, нярэдка стралялі без папярэджання ці нацкоўвалі аўчарак. Мінчанкі пра гэта ведалі, ведалі ўсе няпісаныя правілы. Мужчынам да лагера ўвогуле было небяспечна хадзіць, да мужчын фашысты ставіліся падазрона.

Пасля сухіх, халодных дзён, калі мароз па-зімоваму скоўваў зямлю, зноў наступіла гразкая восень, зямля адтала. Ішоў дождж уперамешку са снегам. Было ветрана. Моцны вецер біў у твар, мокры снег залепліваў вочы, набіваўся пад хусткі, за каўняры. Жанчыны захлыналіся ад ветру, ад снегу, ішлі па сцежцы адна за адной, Лена — наперадзе. Не размаўлялі. Ды і аб чым гаварыць? Усё абгаварылі ўчора ў Лены. Тады Вольга была ўзбуджаная, бадай узрадаваная сваім нечаканым дзёрзкім рашэннем. Само такое рашэнне — узяць у дом чалавека, «патрэбнага народу», — як бы ачышчала яе ад таго паганага, што прыліпала штодня ад яе камерцыі, якая не абыходзілася без ашуканства, ад яе хаўрусу з паліцаямі і немцамі. Але снег, дождж і вецер астудзілі тыя добрыя, цёплыя ўчарашнія пачуцці. Вольга ішла раздражнёная, узлаваная на сваю дурноту — навошта згадзілася? — на Лену — навязалася на яе галаву! Хіба мала баб у горадзе? Няхай бы папрасіла каго іншага! Яшчэ пры выхадзе з Мінска, за Старажоўкай, дзе патруль даволі прыдзірліва праверыў іх дакументы — савецкія пашпарты з дапіскай і штампам гарадской управы, — Вольга сказала Лене:

— Ох, бачу, цягнеш ты мяне ў прорву.

Ведаючы характар сяброўкі, яе зменлівы настрой, Лена спалохалася, пачала прасіць:

— Волечка, чалавека ж ад смерці ўратуем. Хіба з-за гэтага не варта памучыцца? Ты ж у Бога верыш. Ісус Хрыстос за людзей мучыўся і нам наказваў.

— Ты ж у Бога не верыш.

— I я веру, Волечка, веру. Цяпер усе вераць, — на ўсё згаджалася Лена, абы ўлагодзіць сяброўку, не даць ёй перадумаць і павярнуць назад.

Па слізкай сцежцы яны выйшлі на ўзгорак. Ім належала перайсці лагчыну і на схіле ўзгорка, дзе раслі рэдкія сосны, падысці да тых умоўных варот ля калючага дроту, куды варта з выгадай да сябе падпускала жанчын пашукаць сярод палонных мужоў. Але праз снежную каламуць яны ўбачылі, што ў лагчыне працуе мноства людзей — белыя, як здані, постаці, здавалася, не хадзілі, а плавалі ў паветры, і нельга было здалёк зразумець, што яны робяць. Але бліжэй, у падножжы таго ўзгорка, на якім яны спыніпіся, вельмі выразна вырысоўваліся чорныя, быццам снег адразу раставаў на іх, постаці з аўтаматамі і гэткія ж чорныя сабакі, вялізныя, з натапыранымі вушамі — такія вушы чуюць чалавека за вярсту.

Жанчын угледзелі. Адразу двое немцаў узнялі аўтаматы. Але, відаць, не стрэліпі, толькі пастрашылі, бо ні Лена, ні Вольга стрэлаў не пачулі. Прыгнуўшыся, яны кінуліся бегчы ўжо не па сцежцы, а па полі, угрузаючы ў размяклай раллі, быццам так лягчэй было ўратавацца. Напачатку ім здалося, што ззаду задыхана цахляць аўчаркі, як цахляць ганчакі, калі гоняць зайца. Ды, мабыць, то свістаў вецер і грукалі іх сэрцы.

Пасля Вольга не магла вытлумачыць самой сабе, чаму яны пабеглі не назад, да горада, а ў бок рэчкі, можа, таму, што ў пойме раслі кусты, стаялі голыя вербы, а на тым баку віднеліся хаты, жылі людзі. Не, жадання за нешта схавацца ці дабегчы да людзей у яе не было. Проста яна пабегла за Ленай. А тая, апантаная, магчыма, схітравала, бо ведала, адчувала, што калі наблізяцца да горада, то Вольгу назад ужо не вярнуць, не ўгаварыць. Вольга і так, калі яны адчулі сябе ў бяспецы, бо навокал была цішыня і зноў пасыпаў густы мокры снег, за сотню крокаў нічога не відаць было, сказала ўпарта і нават узлавана:

— Ты, дарагая падружка, як хочаш, ты птушка вольная, а я буду ратаваць сябе, у мяне дзіця засталося.