Выбрать главу

— Жанчына, вазьмі мяне, я ўсё ўмею рабіць, сталяр, слесар, шавец, — глухім прастуджаным голасам папрасіў барадаты, калі вартавы адышоўся ўбок.

Ды Вольга ўжо ведала, што ўзяць яна можа толькі гэтага, які кашляе і ўвесь свіціцца, як святыя мошчы, і які, безумоўна, яшчэ і аднае ночы ў гэтым халодным пекле не пражыве. Можа быць, што яна папрасіла яго вачамі: скажы ж што-небудзь, хоць адно слова.

Ён сказаў:

— Мяне не бяры. Я нічога рабіць не ўмею.

Тады яна закрычала як спрасонку, ажно вартавы, страціўшы свой спакой, імкліва павярнуўся да яе:

— Адась! Адасечка! Родненькі мой! Што з табою сталася? Гаротнічак мой! А цябе ж дочачка мая чакае! — і паказала вартавому так, як вучыла яе Лена. — Пан, пане, муж. Муж!

Прыбегла Лена, яна адышлася ўжо была ўздоўж дроту. Бо ўбачыла, што Вольга паказвае зусім на іншага чалавека, неўразуменна, здзіўлена, спалохана і нават узлавана глядзела на сяброўку: навошта яна ломіць іх план?

Юнак зусім разгубіўся, нават адступіў, нібы хацеў схавацца за спіны іншых. Ды яго выручыў барадаты: пачаў тармасіць яго, як соннага, біць па плячы, ад чаго той балюча перасмыкаўся.

— Радуйся! Чорт! А-адась! Аў-сюк! Шчасліўчык!

А да Вольгі ўміг вярнуліся яе звычайная энергічнасць, увішнасць, спрыт, смеласць — усё, чым яна славілася сярод камароўскіх гандлярак. Не зважаючы на разгубленую і спалоханую Лену, яна пачала тут жа дзейнічаць так, як вучыла сяброўка. Пабегла да прахадной, паклікала начальніка.

Выйшаў немец, які гаварыў па-руску з польскім акцэнтам. Яна растлумачыла, што знайшла свайго мужа, і пачала прасіць адпусціць яго дадому, тыцкала свой пашпарт, паказвала на загсаўскі штамп аб шлюбе.

— Камісар?

— Што вы, пан начальнік, які ён камісар! Чатыры класы мае. Трамвай вадзіў. — Потым падумала, што пра тое, кім працаваў Адась, не варта было гаварыць, бо калі запытаюць у таго, нябогі, то ён пра гэта не скажа, не можа сказаць і выкрые ману, сам сябе загубіць і яе падвядзе. I яна пачала паўтараць, што муж яе і на заводзе рабіў простым рабочым, чамусьці была ўпэўнена, што той хлапчына — гарадскі, а калі гарадскі, то, напэўна, рабіў на заводзе. Са слязамі расказала, што бацька і маці яе памерлі перад самай вайной і яна засталася адна з малым дзіцем. Загаласіла: — Хто ж яе карміць будзе, маю сіраціначку?

Немец слухаў цярпліва, уважліва, пільна гледзячы ёй у твар, жадаючы, мабыць, зразумець, праўду жанчына кажа ці маніць. Выслухаў і заключыў:

— Нельга. Ён ваяваў супроць нямецкай арміі і павінен панесці пакаранне.

— Ды хіба ж ён па сваёй волі? Пагналі яго. Сталін пагнаў! — яна наслухалася на рынку, дзе грымелі гучнагаварыцелі, фашысцкай прапаганды і ведала, чым можна заваяваць у гітлераўцаў прыхільнасць.

Але на ахоўніка, які штодня бачыў тысячу смерцяў і, безумоўна, сам забіваў ці адсылаў людзей на смерць, нічога не дзейнічала — ніякія словы. Ці, можа, проста набіваў цану, бо на кошык яе, накрыты ручніком, пазіраў не без цікаўнасці. Калі ён павярнуўся, каб пайсці, Вольга раптам упала перад ім на калені і загаласіла гучна, па-бабску, як галосяць па нябожчыку. Гэта, мабыць, зрабіла ўражанне. Ахоўнік павёў яе ў барак; у пакоі, дзе палілася чыгунная печка і было душна, прадставіў тоўстаму начальніку, па-вайсковаму коратка далажыўшы пра яе просьбу. Пасля ўжо не па-вайсковаму, па-свойску, яны нешта абмяркоўвалі і смяяліся, як бы забыўшыся пра яе.

Вольга чакала са страхам, стоячы ля парога. Страх яе перарос у жудасць, калі тоўсты, павярнуўшыся да яе, расперазаў папругу і скінуў фрэнч, застаўся ў адной карычневай сарочцы, якую шырокія падцяжкі прыціскалі да тоўстых, як у бабы, грудзей.